«Валадарку» падчас дажджоў заліло вадой. Адміністрацыя гэта хавае

Трагікамічны выпадак адбыўся з лістом ад фігуранта «Справы патрыётаў» Алеся Яўдахі свайму сябру.

volodarka1.jpg


Усевалад Сцебурака атрымаў ад Яўдахі ліст, у якім цэнзар наўпрост заштрыхаваў асадкай некалькі радкоў вязня. Сцебурака вырашыў не пакідаць гэта ў баку ды разабрацца, якія ж «таямніцы» мог напісаць яму Яўдаха, пра неразгалошванне якіх парупілася цэнзура СІЗА №1.
Аказалася, што «падчас дажджоў апартаменты СІЗА па поўнай праграме залівае вадой і насельнікі бегаюць з тазікамі,» – піша Сцебурака ў сваім фэйсбуку.
«Сорам! Чым дах парамантаваць, яны сарамяжлівыя, як школьнікі-малалеткі літаркі закалякалі. Цьху».

18953179_951901251618298_8828958821958287387_o.jpg


Нагадаем, што стары корпус СІЗА №1, т.зв. Пішчалаўскі замак, знаходзіцца ў нялепшым стане. Напрыклад, у 2008 годзе там наўпрост абвалілася адна са старых вежаў. Ніхто з вязняў тады нібыта не пацярпеў, затое ўсе насельнікі СІЗА яшчэ працяглы час былі змушаныя дыхаць пылам, які ўтварыўся пасля крушэння. Што тычыцца дажджоў, то звычайнай практыкай было затапленне прагулачных дворыкаў, пра што сведчаць вязні «Валадаркі» розных год.