«Пражыць гэтае жыццё з чыстым сумленнем і незаплямленымі рукамі»

Выйшлі з друку тры новыя кнігі новага выдавецтва hochroth Minsk. Гэта паэтычныя зборнікі Ганны Севярынец, Насты Кудасавай і Крысціны Бандурынай. Спыталі ў Крысціны, што значыць для яе выхад ужо трэцяй кнігі, якая да таго ж мае даволі сімвалічную назву: «Самае трывожнае лета».

— Найперш, канечне, шчыра віншуем. І ўсё ж… Кніга ды яшчэ паэзіі зараз, як у цябе атрымалася?

—  Калісьці, у мінулым жыцці, я была паэткай і ў мяне былі творчыя планы, амбіцыі, было натхненне і магчымасць гаварыць. Апошнія некалькі гадоў вельмі рэзка ўсё памянялі. Хто я цяпер, мне складана сказаць, і ці буду я яшчэ калі-небудзь пісаць, таксама не ведаю.

“Самага трывожнага лета” не было ў маіх планах, таму я магла дазволіць сабе зрабіць кніжку неідэальнай — няроўнай, такой, якой усё пісалася, без рэдактуры — проста як дакумент некалькіх гадоў майго жыцця. Гэта “пратэсны цыкл”, які падвіс у паветры і мала ўпісваўся ў тое, што я збіралася рабіць далей, таму я проста адклала яго ўбок з думкамі пра нейкую абстрактную кнігу пра гвалт. Калі Дзіма прапанаваў зрабіць зборнік, я спачатку адмовілася, а потым успомніла, як некалькі маіх блізкіх людзей хацелі прачытаць напісанае ў 2020-2021-м пад адной вокладкай, і пагадзілася.

Там усяго 13 вершаў — маіх апошніх вершаў, — адзін з якіх выбіваецца з агульнай плыні. Я некалькі разоў парывалася яго выкінуць, але выдавец не ўхваліў гэтую маю ідэю — і таму, адкрываючы кніжку, вы наткнецеся якраз на яго: на частку маёй гісторыі, якая была да 2020 года — дзякуючы ёй я такая, якая ёсць. Гэты тэкст можа падацца лішнім, але насамрэч ён непарыўна звязаны з дванаццаццю астатнімі — і гэтак жа, як і іншыя мае тэксты, не шкадуе ні чытача, ні саму аўтарку.

  Як нарадзілася назва? І пра што наогул твой чарговы зборнік?

— Дасылаючы файл у выдавецтва, я трошкі пераследавала сваю карыслівую мэту: паставіць кропкі над цьмянымі месцамі — для будучых даследчыкаў (смяецца). Адно з іх — верш, які даў назву зборніку. “Тваё першае лета, якое помніш...” у некаторых крыніцах можна сустрэць з прысвячэннем Раману Бандарэнку, але справа ў тым, што я ніколі не прысвячала гэты тэкст Раману і нават фізічна не магла, бо напісала яго 08.08.2020 — амаль за паўтара месяца да таго, як забілі Рому. І, нягледзячы на відавочную паралель з “я выходжу”, праз якую можна было б прысвячэнне дадаць пазней, я не стала гэтага рабіць — бо гэта няшчыра з майго боку і трохі кан’юнктурна. Так што калі раптам вы сустрэнеце гэты тэкст з прысвячэннем, ведайце, што пайшло яно не ад мяне і быць там не павінна.

Нечым падобная сітуацыя і з вершам “Звыклае знікла...”, у якім я эксплуатую старажытнагрэцкі міф і які заканчваецца словамі “Так што бяжы, мая незабыўная Эўрыдыка, і не глядзі назад”. Гэты тэкст таксама не мае ні эпіграфа, ні спасылак, хаця сярод сучаснай беларускай паэзіі ёсць падобны верш і нават цэлы зборнік з назвай “Эўрыдыка не азіраецца”. Адзінае што — яны з’явіліся трохі пазней за тое, што напісала я, так што ў мяне таксама фізічна не было магчымасці на іх спаслацца.

13 вершаў пра гвалт. Пра тое, што адбывалася і адбываецца тут з намі. Пра любоў, якая трымае мяне на плыву і на якой я буду стаяць да апошняга. Яна так цесна ўплеценая ў наша складанае жыццё, дзе сябры аказваюцца ворагамі, а вайна перастае быць зацяганай метафарай, што я часам баюся, ці не знікне і яна, калі скончыцца ўсё астатняе. Без любові нішто не мае сэнсу, і я трымаюся толькі на ірацыяльнай веры ў тое, што нам хопіць сіл не страціць галоўнае.

— Гэта кніжка — ты сама сёння? Ты б хацела там штосьці перапісаць набела, каб была такая магчымасць?

— Думаю, як і ўсё, што я пішу і раблю — гэта я сама. "Самае трывожнае лета" — гэта я ўзору 2020-2021 гадоў, разгубленая, напужаная, раззлаваная і адначасова з вялікім запасам любові і пяшчоты да людзей, якія не захацелі быць працягам гвалту і несправядлівасці. Калі б была магчымасць, я б нічога не стала перапісваць. Усё сказалася так, як павінна было сказацца, і гэта самае каштоўнае для мяне ў гэтай кнізе і ў іншых маіх тэкстах.

  Чытаем у адным з вершаў: “Калі цябе на забой — але ты не ежа, — важна адно толькі тое, што ты зробіш першым, хто з вас ахвяра, а хто — драпежнік, і ці ёсць яшчэ іншы шлях”. Які шлях твой?

— Мне падаецца, усё настолькі відавочна, што нават і не трэба тлумачыць. Усе ведаюць выслоўе "ніколі не кажы "ніколі", але ў маім выпадку я магу яго праігнараваць і сказаць, што ўжо прайшла дастаткова вялікі шлях, каб быць упэўненай, што не стану абіраць бок гвалту, падладжвацца пад тых, хто трымае ў руках уладу і кідаць камянямі па загадзе. Я дакладна не драпежнік, але я ўжо даўно і не ахвяра. Мой шлях іншы, і ён — па-за парадыгмай гвалту.

— Зноў цытата: “Вера — нібыта іголка ўнутры змяі. Жадай усім сэрцам, ды бойся сваіх жаданняў. Чаго усім сэрцам жадаеш ты? Не страшна?

— І тут я таксама не буду арыгінальнай. Я вельмі вольналюбівая істота, таму больш за ўсё жадаю свабоды — ад любых ціскаў, абмежаванняў і ўмоўнасцей, ад тыранаў, дыктатур і прымітыўнага зла. Свабоды — для таго, каб мець магчымасць пражыць гэтае жыццё з чыстым сумленнем і незаплямленымі рукамі. І, канечне, любові — такой, каб хапіла нам усім, каб дазволіла не скаціцца да ўзроўню зла, якое зараз душыць Беларусь і Украіну.

— Дзе можна будзе пабачыць тваю кнігу?

— Наколькі разумею, кніга будзе даступная за мяжой. Нічога не ведаю пакуль пра Беларусь, але чакаю тут гэтак жа, як і вы — прычым усе тры кнігі. Для мяне вялікі, велічэзны гонар быць побач з дарагімі Настай Кудасавай і Ганнай Севярынец, якіх я люблю, паважаю і якімі захапляюся пазачасава і асабліва ў нашы дні. І я вельмі ўдзячная дарагому Дзмітрыю Строцаву за тое, што ён робіць для нас усіх і для беларускай літаратуры, якая сёння, без аніякіх сумневаў, ёсць адным з нешматлікіх спосабаў захаваць нас як асоб і як нацыю.

Асобная мая падзяка — мастаку, які зрабіў цудоўны малюнак адмыслова для гэтай кнігі, прачытаў яе так, што дэталі малюнка і словы з маіх тэкстаў дапаўняюць і раскрываюць адно аднаго. На жаль, не магу назваць імя, але аднойчы, спадзяюся, слава знойдзе свайго героя (пасміхаецца).

І, канечне, дзякуй выдавецтву, без якога гэтага цуду не было б.

Фота Дзмітрыя Строцава


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: