Брэст. Гомель. Брэсцкая вобласць
Брэст
У Брэсце пачаліся работы па стварэнні музея гарадской яўрэйскай абшчыны.
Як паведаміў старшыня праўлення абшчыны Барыс Брук, гэта будзе першы такі музей у абласных цэнтрах Беларусі. Створаны савет, куды ўвайшлі вучоныя-гісторыкі і актывісты абшчыны, якія будуць
кіраваць зборам і сістэматызацыяй матэрыялаў. Дасланы звароты яўрэям, выхадцам з Брэста, якія жывуць за мяжой, з просьбай даць фотаздымкі і дакументы для будучага музея.
“Мы хочам паказаць гісторыю абшчыны праз лёсы канкрэтных людзей. У аснову музея будзе пакладзена дакументальная выстава “Яўрэі Брэста, якая пачала стварацца
шэсць гадоў таму Брэсцкім абласным культурна-асветным цэнтрам “Халакост, — зазначыў Б. Брук.
Плануецца, што музей будзе адкрыты ў памяшканні гарадской яўрэйскай абшчыны. Асобныя яго раздзелы будуць прысвечаныя славутым ураджэнцам Брэста, у прыватнасці, вядомаму палітычнаму дзеячу,
які стаяў ля вытокаў стварэння Дзяржавы Ізраіль, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Менахему Бегіну, доктару філасофіі і матэматыкі, асістэнту, паплечніку і сааўтару шэрагу навуковых
работ Альберта Эйнштэйна — Якаву Громеру, першаму яўрэю ў Беларусі, які абараніў дысертацыю на ступень доктара медыцыны (1743 год), Мееру Абрагамовіцу.