Хто разам з Лукашэнкам наведаў Зімбабвэ і што яны там рабілі?

Завяршыўся трохдзённы візіт Лукашэнкі ў Зімбабвэ, які беларуская і зімбабвійская прапаганда асвятлялі так, як быццам гэта падзея калі не дзесяцігоддзя, дык дакладна года. Праект «М*толькоП*моги» расказвае, хто быў у складзе дэлегацыі ў гэтай паездцы і чым яны там займаліся.
Фота president.gov.by

Фота president.gov.by


Ключавыя асобы рэжыму і пралукашэнкаўскія бізнесмены

Відавочна, што без набліжаных бізнесменаў у гэтым візіце не было б ніякага сэнсу. Таму што, як выказаўся журналіст Аляксей Карпека, «Зімбабвэ для іх — гэта такі стартап, куды яны ўкладаюць грошы».

І само сабой іх адтуль выпампоўваюць ... праз здабычу золата і алмазаў, продаж сельскагаспадарчай тэхнікі, пажарных машын і аўтобусаў. Дык вось, аб ключавых асобах рэжыму Лукашэнкі, якія былі заўважаны за тры дні візіту ў Зімбабвэ.

Аляксандр Зінгман — «Зброевы барон», адзін з ключавых ценявых партнёраў Лукашэнкі «па пытаннях Афрыкі», ганаровы консул Зімбабвэ ў Беларусі і ўладальнік кампаніі «Aftrade DMCC».
Аляксандр Зінгман побач з Лукашэнкам, 31 студзеня 2023 г. / DeptCommsZW

Аляксандр Зінгман побач з Лукашэнкам, 31 студзеня 2023 г. / DeptCommsZW


Звярніце ўвагу, на відэа ніжэй паказаны самы пачатак двухбаковых перамоў у Зімбабвэ, якія праходзілі ў Дзяржаўным доме ў Харарэ 31 студзеня. На першых секундах відаць, як Аляксандр Зінгман нешта кажа Лукашэнку роўна перад тым, як апошні прыступіць да ўдзелу ў мерапрыемстве.

Акрамя таго, можна лёгка знайсці фота, як Зінгман сустракаў і праводзіў Лукашэнку ў аэрапорце, а таксама прысутнічаў на розных перамовах, што яшчэ раз паказвае значнасць гэтага чалавека для рэжыму Лукашэнкі ў пытаннях адносін з Афрыкай.

Наталля Эйсмант — прэс-сакратар Лукашэнкі.

Наталля была заўважана на працягу ўсяго візіту: разам з Лукашэнкам яна прыляцела ў Зімбабвэ, суправаджала яго ў паездках, на мерапрыемствах і на вадаспадзе Вікторыя.
Наталля Эйсмант побач з Лукашэнкам, 1 лютага / DeptCommsZW

Наталля Эйсмант побач з Лукашэнкам, 1 лютага / DeptCommsZW


Асобна хочацца падкрэсліць: у гэтай паездцы Наталля паказала, што ёй вельмі спадабаўся вадаспад Вікторыя і афрыканскія сланы, якіх яна карміла і чапала за біўні.
Наталля Эйсмант корміць слана ў Зімбабвэ / DeptCommsZW

Наталля Эйсмант корміць слана ў Зімбабвэ / DeptCommsZW

Віктар Шэйман — былы кіраўнік спраў Лукашэнкі, галоўны чалавек ад рэжыму Лукашэнкі ў Афрыцы, якога падазраюць у арганізацыі так званых «эскадронаў смерці».

Віктар Шэйман даўно «адказвае за Афрыку», яшчэ ў 2018 годзе ён заключыў у Зімбабвэ шэраг здзелак па разведцы карысных выкапняў: золата, плаціны і рэдказямельных металаў. Іх пачалі здабываць праз прадпрыемства «Zim Goldfields», якім таемна валодаў сын Шэймана Сяргей і ўжо згаданы вышэй «зброевы барон» Аляксандр Зінгман. На свежых фотаздымках з Зімбабвэ Шэймана можна заўважыць усяго некалькі разоў.
Віктар Шэйман у Зімбабвэ / InfoMinZW

Віктар Шэйман у Зімбабвэ / InfoMinZW



Вы, напэўна, ужо звярнулі ўвагу, што кагосьці з ключавых асоб рэжыму не хапае? Вы маеце рацыю, на фота і відэа няма «кашалька» Лукашэнкі Аляксандра Зайцава, хоць ён і яго кампанія да Зімбабвэ дачыненне маюць.

Больш за тое, падчас гэтага візіту яго кампанія «SOHRA Overseas FZE» разам з ААТ «БЕЛАЗ» і кампаніяй па здабычы алмазаў «Zimbabwe Consolidated Diamond Company Pvt Ltd» падпісала мемарандум з мэтай рэалізацыі дамоўленасцей у частцы паставак беларускай тэхнікі і абсталявання для горназдабыўной прамысловасці ў Зімбабвэ.

Сям'я Лукашэнкі

Аб ключавых асобах бізнесу распавялі, цяпер пяройдзем да сям'і. У Афрыку выправіліся сыны Лукашэнкі — Мікалай і Дзмітрый.
Мікалай і Дзмітрый Лукашэнка ў Зімбабвэ / NgarivhumeJacob

Мікалай і Дзмітрый Лукашэнка ў Зімбабвэ / NgarivhumeJacob


Дзмітрый Лукашэнка (у левым ніжнім куце) на выступленні бацькі ў Зімбабвэ

Дзмітрый Лукашэнка (у левым ніжнім куце) на выступленні бацькі ў Зімбабвэ



У адрозненне ад Дзмітрыя, Мікалай у кадр трапляў значна часцей. На працягу амаль усёй паездкі ён сядзеў побач з бацькам, вядома ж, быў і на вадаспадзе. А вось каго свяціць не хацелі, дык гэта галоўнага ўрача Рэспубліканскага медыцынскага цэнтра УСП і маці Мікалая Лукашэнкі Ірыну Абельскую.
Мікалай Лукашэнка і Ірына Абельская за адным сталом у Зімбабвэ / ZBC

Мікалай Лукашэнка і Ірына Абельская за адным сталом у Зімбабвэ / ZBC


Яны абодва трапілі ў кадр мясцовай тэлекампаніі, якая падрыхтавала рэпартаж аб вячэрнім прыёме 31 студзеня. Мікалая Лукашэнку пасадзілі разам з мужчынам у строгім касцюме і шалікам у нацыянальных колерах Зімбабвэ, а побач сядзела жанчына, вельмі падобная на Ірыну Абельскую, маці Мікалая.

Міністры

На фота трапілі як мінімум 8 міністраў рэжыму Лукашэнкі. Усіх іх прывезлі чартарам «Белавія» разам з супрацоўнікамі службы бяспекі і пулам журналістаў яшчэ 29 студзеня.

Міністры РБ выходзяць з самалёта ў аэрапорце Харарэ, 29 студзеня / GeorgeCharamba2

Міністры РБ выходзяць з самалёта ў аэрапорце Харарэ, 29 студзеня / GeorgeCharamba2



Сяргей Алейнік — кіраўнік МЗС РБ.

Што ён рабіў: прысутнічаў на ўсіх сустрэчах, падпісаў мемарандум аб узаемаразуменні па супрацоўніцтве ў рамках паставак у Зімбабвэ машын і абсталявання беларускай вытворчасці для лесапрамысловага комплексу і правёў перамовы з кіраўніком МЗС афрыканскай краіны.

Пётр Пархомчык — намеснік прэм'ер-міністра і экс-міністр прамысловасці РБ.

З Афрыкай і Пархомчыкам успамінаецца як мінімум адна гісторыя. Летась ён ездзіў у Ломе, дзе ўдзельнічаў у перадачы 22-х аўтобусаў для Тагалезскай Рэспублікі, якія былі выраблены пад брэндам «SUB» на жодзінскім заводзе «ЭТОН» і пастаўлены праз згаданую вышэй дубайскую кампанію Аляксандра Зінгмана «AFTRADE DMCC». Паводле інфармацыі мясцовых выданняў, сума ўгоды склала 2 мільёны 276 тысяч долараў ЗША.

Што рабіў зараз: прысутнічаў пры падпісанні большасці дакументаў і сядзеў побач з Лукашэнкам. Магчыма, ён быў свайго роду пасрэднікам паміж беларускімі прадпрыемствамі і Зімбабвэ, якія за тры дні падпісалі вялікую колькасць дакументаў.

Андрэй Іванец — міністр адукацыі РБ.

Што рабіў: падпісаў мемарандум аб узаемаразуменні паміж РБ і Зімбабвэ па пытаннях узаемнага прызнання дакументаў аб адукацыі.
Міністры рэжыму Лукашэнкі ў Зімбабвэ, 31 студзеня / DeptCommsZW

Міністры рэжыму Лукашэнкі ў Зімбабвэ, 31 студзеня / DeptCommsZW



Аляксандр Рагожнік — міністр прамысловасці РБ.

Што рабіў: правёў перамовы з міністрам прамысловасці і гандлю Зімбабвэ.

Леанід Заяц — намеснік прэм'ер-міністра РБ.

Што рабіў: няясна, бо быў заўважаны толькі на адным фота (са спіны), іншай інфармацыі аб яго ўдзеле ў візіце не паступала.

Ігар Брыло — міністр сельскай гаспадаркі і харчавання РБ.

Што рабіў: на сустрэчах сядзеў у першых шэрагах побач з Лукашэнкам. Аб падпісанні ім дакументаў не паведамлялася.

Віктар Каранкевіч — міністр энергетыкі РБ.

Што рабіў: прысутнічаў на сустрэчах.

Сяргей Налівайка — міністр па падатках і зборах РБ.

Што рабіў: падпісаў пагадненне аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання з Зімбабвэ і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў у дачыненні да падаткаў на даходы і маёмасць.

Дзмітрый Пантус — старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта.

Паслы і часовыя павераныя

Аляксандр Сідарук сустракае міністраў рэжыму РБ у Харарэ, 29 студзеня / GeorgeCharamba2

Аляксандр Сідарук сустракае міністраў рэжыму РБ у Харарэ, 29 студзеня / GeorgeCharamba2


Дзмітрый Сакун — часовы павераны ў справах РБ у Зімбабвэ.

Аляксандр Сідарук — амбасадар РБ у паўднёва-афрыканскай рэспубліцы і па сумяшчальніцтве ў Зімбабвэ.

Дзмітрый Басік — часовы павераны РБ у ЗША.

Дарэчы, менавіта Басік суправаджаў Лукашэнку падчас усяго візіту, як відаць, ён выступаў яго перакладчыкам.

Кіраўнікі прадпрыемстваў і ўсе астатнія

Міхаіл Мятлікаў — старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Генадзь Цімашэвіч — кіраўнік «Белспецзнештэхнікі» (прысутнічаў у якасці суправаджальніка асобы).
У першым шэрагу: Шэйман, Іванец, Пантус, Лугіна і Кухараў. У другім — Генадзь Цімашэвіч / DeptCommsZW

У першым шэрагу: Шэйман, Іванец, Пантус, Лугіна і Кухараў. У другім — Генадзь Цімашэвіч / DeptCommsZW




Уладзімір Кухараў — кіраўнік Мінгарвыканкама. Падпісаў пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх адносін Мінска з Харарэ.

Яўген Пуставой — прапагандыст СТВ.

Аляксандр Панасюк — генеральны дырэктар Канфедэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў.

Вольга Шаўко — дырэктар «Aftrade DMCC». У Харарэ Вольга падпісала не менш за 10 дакументаў, сярод якіх:
  • Кантракт на пастаўку трактароў і збожжаўборачнай тэхнікі з РБ;
  • Кантракт на будаўніцтва і мадэрнізацыю збожжасховішчаў у Зімбабвэ;
  • Кантракт на пастаўку абсталявання для лясной прамысловасці.
Вольга Шаўко на падпісанні дакументаў у Харарэ / InfoMinZW

Вольга Шаўко на падпісанні дакументаў у Харарэ / InfoMinZW


Андрэй Кароль — рэктар БДУ. Падпісаў шэсць мемарандумаў ВНУ з Зімбабвэ.

Таццяна Лугіна — старшыня «Беллегпрама». Абмяркоўвала магчымасці паставак бавоўны з Зімбабвэ ў Беларусь. Таксама можна знайсці інфармацыю аб падпісанні пагаднення аб закупцы зімбабвійскай бавоўны.

Віталь Воўк — гендырэктар МТЗ. У Харарэ ён падпісаў кантракт на пастаўку ў 2023-2024 гадах 3 575 трактароў у Зімбабвэ праз «AFTRADE DMCC».

Віталь Якубчык — дырэктар ААТ «Лідаграпраммаш». Падпісаў кантракт з «AFTRADE DMCC» на будаўніцтва 4-х новых зернеачышчальна-сушыльных комплексаў захоўвання збожжа ў Зімбабвэ.
Віталь Якубчык і Вольга Шаўко падпісваюць кантракт на будаўніцтва 4-х новых комплексаў захоўвання збожжа / lidanews

Віталь Якубчык і Вольга Шаўко падпісваюць кантракт на будаўніцтва 4-х новых комплексаў захоўвання збожжа / lidanews

Аляксандр Новікаў — дырэктар ААТ «Гомсельмаш». Падпісаў з «AFTRADE DMCC» мемарандум аб стратэгічным супрацоўніцтве, які прадугледжвае пастаўку ў Зімбабвэ 60 адзінак тэхнікі ў дадатак да раней пастаўленых аграмашын.

Андрэй Бандарчук — дырэктар ААТ «Бабруйсксельмаш». Заключыў з «AFTRADE DMCC» мемарандум аб супрацоўніцтве на 2023 год, які прадугледжвае працяг паставак прычапной, навясной тэхнікі і запчастак у Зімбабвэ. У 2022 годзе «Бабруйскаграмаш» ужо пастаўляў у Зімбабвэ цяжкія дыскавыя бароны ПТД-4.

Так, вы ўсё дакладна зразумелі: дырэктары МТЗ, «Лідсельмаш», «Гомсельмаш» і іншых прадпрыемстваў падпісвалі кантракты не з прадстаўнікамі Міністэрства прамысловасці або сельскай гаспадаркі Зімбабвэ, а з Вольгай Шаўко — дырэктарам кампаніі «зброевага барона» Аляксандра Зінгмана «Aftrade DMCC», якая з'яўляецца афіцыйным дылерам беларускай тэхнікі ў Афрыцы.

Лагічнае пытанне «А чаму яны не маглі падпісаць іх у Мінску?» Маглі, але, як мы сказалі ў самым пачатку матэрыялу, усё ўказвае на тое, што візіт у Зімбабвэ мэтанакіравана спрабавалі максімальна асвятліць. Прывезці туды ўсіх, каго маглі, і з мэтай прапаганды паказаць «важнасць» замежнай паездкі.

Але ж не толькі дзеля «паказухі» яны ўсе паехалі ў Афрыку? Як паказвае практыка, любы візіт Лукашэнкі пераследуе акрамя дадатковых мэт адну галоўную — грошы. Памятаеце, што Афрыка — гэта іх «стартап»? Стартап, які можа плаціць за іх камбайны не доларамі ці еўра, а золатам і дыяментамі. Але ёсць падставы меркаваць, што ў гэтым візіце было яшчэ нешта, акрамя агучаных кантрактаў.

Не проста ж так ляцелі праз Абу-Дабі і наогул не згадалі Аляксандра Зайцава?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: