За хвіліну да ядзернай вайны

Кубінскі (ці Карыбскі) крызіс паставіў чалавецтва на мяжу ядзернай вайны. Роўна праз 60 год яе рэальнасць зноў паўстала перад намі ў поўны рост.

7c556b6f59f06865d422e294582f427b_ce_1280x682x0x18_cropped_800x427_1.jpg


60 год таму — у кастрычніку-лістападзе 1962 года адбыўся крызіс, які мог бы прывесці да ядравай вайны паміж ЗША з аднаго боку і СССР і Кубай з другога. Падставай для яго з’явілася размяшчэнне на Кубе савецкіх ракет, здольных нанесці ядзерны ўдар па тэрыторыі ЗША.

Цар-бомба

Да пачатку 1962 года Савецкі Саюз і Злучаныя Штаты даўно былі ўцягнутымі ў гонку ядравых узбраенняў. СССР мог уразіць сваімі бомбамі. 30 кастрычніка 1961-га адбылося выпрабаванне тэрмаядзернай бомбы АН602, якая атрымала мянушку “цар-бомба”. Моц яе выбуху склала каля 58 мегатонаў, што было прыкладна ў 1,5 тысячы разоў вышэй за сумарную моц выбухаў у Хірасіме і Нагасакі. Але вось праблема: даставіць яе на тэрыторыю верагоднага праціўніка можна было толькі самалётам.

Гэта рабіла “цар-бомбу” не больш эфектыўнай за “цар-гармату” і “цар-звон”, бо сродкі СПА маглі знішчыць сродак дастаўкі задоўга да дасягнення ім кропкі скіду. Патрэбны былі больш хуткасныя сродкі — ракеты, з якімі ў СССР былі праблемы. Радыус іхняга дзеяння не дазваляў дацягнуцца да тэрыторыі ЗША, а скараціць адлегласць да мэтаў не было магчымым. На падводных лодках можна было ўсталяваць толькі тактычныя, але не стратэгічныя зарады.

І тады Мікіту Хрушчову прыйшла ў галаву думка размясціць ракеты на Кубе, якая пасля рэвалюцыі абвесціла пра свой сацыялістычны выбар і пачала імкліва сбліжацца з СССР. Кіраўнік Кубы Фідэль Кастра за некалькі месяцаў да таго прасіў ад савецкага кіраўніцтва даставіць на востраў дадатковыя супрацьпаветраныя ракеты, але Крэмль марудзіў з гэтым. Кастра абвінаваціў савецкіх таварышаў у адсутнасці рэвалюцыйнай цвёрдасці і прыбраў з пасадаў Анібала Эскалянтэ, якога лічылі “рукой Масквы”. Хрушчова гэта напружыла, бо падалася імавернай сітуацыя, калі Кастра паспрабуе сысці пад абарону Кітая, з якім у СССР ужо адбыўся разрыў. Размяшчэнне ядзернай зброі на Кубе, лічыў Хрушчоў, дадаткова прывяжа рэжым Кастра да Савецкага Саюзу.


«Слабасць» Кенэдзі

На рашэнне Хрушчова паўплываў таксама той момант, што тагачасны прэзідэнт ЗША Джон Кенэдзі, з пункту гледжання савецкага боку, праявіў слабасць падчас так званага Другога берлінскага крызісу, у ходзе якога была пабудаваная сумна вядомая Берлінская сцяна. Таму Хрушчоў не верыў, што Кенэдзі знойдзе ў сабе рашучасць супрацьстаяць размяшчэнню савецкіх ракет на Кубе.

На працягу лета 1962-га ў становішчы найстрогай сакрэтнасці савецкія ракеты з ядравымі зарадамі былі перапраўленыя на Кубу ў трумах грамадзянскіх караблёў і размешчаны на тэрыторыі краіны. Усяго на востраў былі дастаўлены 42 ракеты і каля 45 ядзерных боегаловак. Амерыканская выведка заўважыла прысутнасць савецкай зброі на Кубе яшчэ ў канцы жніўня, але пры гэтым не было знойдзена прызнакаў узбраенняў наступальнага тыпу. Кенэдзі заявіў аб гэтым 4 верасня, падкрэсліўшы, што Злучаныя Штаты не пацерпяць наступальных сродкаў на тэрыторыі Кубы.

У хуткім часе ў амерыканцаў у руках апынуліся доказы прысутнасці такіх сродкаў на Кубе. 15 кастрычніка пры аналізе матэрыялаў, сабраных амерыканскім самалётам-разведчыкам У-2 падчас палёту над Кубай, былі выяўлены пляцоўкі, прызначаныя для запуску ракет з ядравымі боегалоўкамі. Раніцай наступнага дня аб гэтым быў праінфармаваны Кенэдзі. Неадкладна была створана група па вырашэнні крызісу, названая Выканаўчым камітэтам Савета нацыянальнай бяспекі (ВК-СНБ). У яе склад увайшлі 12 найбольш давераных памочнікаў і саветнікаў амерыканскага прэзідэнта.


Першапачаткова было вырашана не афішаваць той факт, што амерыканцам вядома аб прысутнасці савецкай ядзернай зброі на Кубе. 18 кастрычніка, падчас сустрэчы з міністрам замежных справаў СССР Андрэй Грамыка Кенэдзі не згадаў пра гэта, хаця і паўтарыў свае словы аб тым, што ЗША не пацерпяць прысутнасці наступальных узбраенняў на Кубе.

Толькі 22 кастрычніка, пасля працяглага абмеркавання гэтай праблемы, Кенэдзі ў сваім тэлевізійным звароце да нацыі публічна паведаміў аб выяўленні на востраве савецкіх ракет і аб'явіў рашэнне ўвесці марскі каранцін узбярэжжа Кубы. Акрамя таго, ён заявіў, што любы запуск ядзернай ракеты, здзейснены з Кубы, будзе разглядацца як напад на ЗША, і запатрабаваў неадкладна прыбраць ракеты з вострава. Да берагоў Кубы былі накіраваны 300 баявых караблёў, у паветра падняты самалёты, гарнізон амерыканскай ваеннай базы Гуантанама быў узмоцнены трыма батальёнамі марской пяхоты.

karibskiy_krizis.jpg

Блакада Кубы

23 кастрычніка Арганізацыя Амерыканскіх Дзяржаў ухваліла блакаду Кубы, паколькі лацінаамерыканскія краіны вырашылі, што прысутнасць савецкіх ракет у рэгіёне пагражае і іх бяспецы. Заручыўшыся іхняй падтрымкай, Кенэдзі загадаў усталяваць блакаду Кубы. Амерыканскія баявыя караблі занялі пазіцыі на лініі каранціну, якая праходзіла ў 1300 км ад кубінскага ўзбярэжжа, каб спыніць савецкія судны, якія ў той час ішлі да вострава. Увечары таго ж дня Кенэдзі, жадаючы даць Хрушчову больш часу на роздум, наблізіў свае караблі да Кубы на 500 км. Афіцыйна блакада была абвешчана з 10.00 24 кастрычніка. Савецкае кіраўніцтва саступіла ў гэтым раўндзе гульні ў кураняцю. Караблі атрымалі з Масквы загад развярнуцца, і сутыкнення з амерыканскім флотам удалося пазбегнуць. Але крызіс быў далёкі ад вырашэння.

У той жа дзень амерыканскія ўзброеныя сілы былі прыведзены ў стан самай высокай баявой гатоўнасці за ўсю гісторыю краіны. Ракеты маглі быць запушчаны ў любы момант. І зноў гульня ў кураняцю была не на карысць Хрушчова. 26 кастрычніка ён накіраваў ліст амерыканскаму кіраўніцтву, у якім выказваў згоду на вывад ракет з Кубы ў абмен на гарантыі адмовы ад умяшання ў справы Кубы са боку ЗША.

На мяжы катастрофы

Наступны дзень — 27 кастрычніка — быў самым напружаным у ходзе крызісу. У розных кропках процістаяння адбыўся шэраг інцыдэнтаў, кожны з якіх мог прывесці да пачатку ядравага канфлікту.

Адзін амерыканскі самалёт-выведчык выпадкова апынуўся ў паветранай прасторы СССР, што ледзь не прывяло да сутыкнення паміж дзвюма групамі амерыканскіх і савецкіх знішчальнікаў. Ад Хрушчова быў атрыманы яшчэ адзін ліст, у якім савецкі лідар працягваў настойваць на сваёй пазіцыі. У Белым Доме гэта было ўспрынята як гатоўнасць СССР да пачатку вайны.

Акурат у гэты момант была атрымана інфармацыя пра тое, што над Кубай збіты амерыканскі У-2. Раней ВК-СНБ прыняў рашэнне, што ў выпадку знішчэння над Кубай амерыканскага самалёта стартавыя пляцоўкі савецкіх ракет павінны падвергнуцца бамбардзіроўцы. Штаб аб'яднаных камандуючых пачаў ціснуць на Кенэдзі з патрабаваннем аддаць адпаведны загад. Але прэзідэнт вырашыў нанесці ўдар толькі ў тым выпадку, калі будзе збіты яшчэ адзін амерыканскі самалёт. У той жа дзень адзін з рэактыўных самалётаў ВПС ЗША быў пашкоджаны сродкамі СПА Кубы, але на шчасце для чалавецтва ён змог вярнуцца на базу.

Самы сур'ёзны інцыдэнт адбыўся ў гэты дзень не ў паветры, а на моры. Амерыканскі флёт выявіў савецкую падводную лодку В-59, і з эсмінцу “Біль” пачалі кідаць сігнальныя бомбы, каб прымусіць лодку ўсплыць. Каманда лодкі палічыла выбухі як атаку на сябе. У такім выпадку існавала інструкцыя атакаваць амерыканскія караблі, у тым ліку, з прымяненнем тарпедаў з ядравым зарадам. Па дзейснай тады дактрыне “масіраванай адплаты” любая атака, нават лакальная, патрабавала ўдару ў адказ усімі наяўнымі сродкамі па тэрыторыі і аб’ектах праціўніка.

Такім чынам, калі б субмарына нанесла ўдар, гэта было б пачаткам маштабнага ядравага канфлікту. Сувязі з Масквой у каманды субмарыны не было, і камандзір, разам з нампалітам, схіляліся да атакі. Тым больш, у іх не было інфармацыі пра сітуацыю на паверхні, і яны цалкам маглі дапускаць, што на паверхні ўжо ідзе вайна.

Тым не менш для запуску тарпедаў была патрэбна санкцыя яшчэ аднаго афіцэра — камандзіра дывізіёну падлодак Васіля Архіпава, які знаходзіўся на борце В-59. Той карыстаўся вялікім аўтарытэтам у падводнікаў. Архіпаў супакоіў камандзіра і параіў яму ўсплыць, каб даць амерыканцам сябе ідэнтыфікаваць. Лодка ўсплыла, і інцыдэнт быў вычарпаны.

cbaxfie0hi3il3qosbmvwldxvtecswufhk7xjrs6.jpg

Час для дамоваў

Увечары ад Хрушчова прыйшоў чарговы ліст, у якім змяшчаліся патрабаванні прыбраць амерыканскія ракеты з тэрыторыі Турцыі. У афіцыйным адказе Кенэдзі на ліст Хрушчова змяшчаліся гарантыі адмены каранціну і адмовы ад уварвання на Кубу. 28 кастрычніка Хрушчоў паведаміў Кенэдзі аб згодзе савецкага боку прыбраць з тэрыторыі Кубы ўсе тыпы ўзбраенняў, якія амерыканцы "лічаць наступальнымі". 20 лістапада Кенэдзі афіцыйна аб'явіў аб заканчэнні каранціну Кубы. Да канца лістапада ракеты, а таксама франтавыя бамбавікі Іл-28 былі вернутыя ў СССР. Амерыканскія ракеты былі выведзены з тэрыторыі Турцыі і Італіі ўвесну 1963 г., але гэтая аперацыя была праведзена ў таямніцы ад грамадскасці.

Самае цікавае, што, акрамя стратэгічных ракет, на Кубу былі дастаўлены тактычныя ядзерныя зарады, пра існаванне якіх амерыканцы не ведалі, і, адпаведна, якіх дамоўленасці не тычыліся. Хрушчоў лічыў, што іх можна пакінуць на Кубе ў якасці суцяшэння для Кастра, якога дамоўленасці паміж СССР і ЗША прывялі ў шаленства, бо ён лічыў, што яны былі дасягнутымі за кошт бяспекі Кубы.

Абмеркаваць з кубінскім кіраўніцтвам перадачу гэтых зарадаў мусіў Анастас Мікаян, які на той момант быў у сістэме прыняцця рашэнняў у СССР, бадай, другім чалавекам па ўплывовасці пасля Хрушчова. Сустрэўшыся з Кастра, Мікаян прыйшоў да высновы, што было б вельмі небяспечна перадаваць ядравую зброю ў рукі чалавеку, учынкі якога маглі быць следствам паранаідальных ідэяў. З вялікай цяжкасцю Мікаяну атрымалася пераканаць Кастра не ладзіць супраціў вяртанню гэтых зарадаў у СССР. Па выніку яны былі вывезены з Кубы цягам снежня 1962 года. Гэта і можна лічыць канчатковым завяршэннем крызісу.

Высновы і вынікі

Ядзерны канфлікт, калі б ён тады пачаўся, мог каштаваць гіганцкай колькасці жыццяў (па прыкідках экспертаў, ахвярамі маглі зрабіцца 200 мільёнаў амерыканскіх і савецкіх грамадзянаў). Гэта пакінула моцнае ўражанне на Хрушчова, які нават пачаў разглядаць варыянт заключэння дамовы аб ненападзе паміж блокамі Варшаўскай дамовы і NATO. Паміж Крамлём і Белым Домам была ўсталяванай лінія сувязі, па якой лідары дзвюх дзяржаў у выпадку канфлікту маглі аператыўна звязацца паміж сабой, замест павольнага дыялогу праз ліставанне. У наступным годзе Кенэдзі і Хрушчоў падпісалі пагадненне аб забароне ядзерных выпрабаванняў у трох асяроддзях, і многія лічылі, што гэта з'яўляецца толькі пачаткам паляпшэння адносін двух лідараў.

Аднак былі і іншыя высновы і вынікі. Кенэдзі, акрамя перспектыў ядзернай вайны, напалохала таксама верагоднасць пашырэння камуністычнага лагеру за кошт краін Лацінскай Амерыкі і Азіі. Кенэдзі быў занепакоены імавернасцю скарачэння ўплыву ЗША ў свеце. Менавіта пасля Карыбскага крызісу ён прыйшоў да высновы, што для абароны сваіх пазіцыяў можна (і трэба) выкарыстоўваць зброю. І пазначыў месца, дзе гэта можна было б зрабіць: В'етнам. Што і прывяло праз некаторы час да поўнамаштабнага ўдзелу ЗША ва В'етнамскай вайне.

Кубінскі ракетны крызіс паказаў, што рэальная пагроза ядзернай вайны ўсё ж пераважала ў галовах палітыкаў усе знешнепалітычныя панты, якія прыкрываліся ядзернай зброяй. У тым ліку, моцным аргументам з’яўлялася непрадказальнасць наступстваў, якімі цалкам магло быць поўнае ўзаемнае вынішчэнне. Праз 60 год пасля таго крызісу свет зноў апынуўся перад пагрозай прымянення ядзернай зброі. І вельмі істотным выглядае тое, што, падобна, у адрас таго, хто гэтую пагрозу адрадзіў, прагучалі вельмі пераканаўчыя аргументы не пераходзіць ад словаў да практыкі. Бо нават выкарыстанне тактычнай ядзернай зброі ўяўляе сабой пераход чалавецтва праз чырвоную рысу, за якой сапраўды маячыць гарантаванае ўзаемнае вынішчэнне.

Абы ядравая зброя не апынулася ў руках кіраўнікоў, чые галовы прасякнутыя паранояй да такой ступені, што ў іх ужо адключаецца механізм самазахавання.