Грузія паабяцала дапусціць лекараў з Польшчы да Міхаіла Саакашвілі

Брыгаду лекараў з Польшчы дапусцяць да экс-прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі. Аднак яго самога з Грузіі не выпусцяць.

Міхаіл Саакашвілі ў Тбіліскай клініцы. Фота: facebook.com/daryna.chyzh

Дата візіту медыкаў пакуль не вызначана, піша журналіст Рыкард Ёзвяк у твітары. Пра гэта са спасылкай на прадстаўнікоў ЕС паведамляе «Эхо Кавказа».

«Гаворка НЕ ідзе аб пераводзе былога прэзідэнта ў Польшчу ці кудысьці яшчэ», — адзначыў Ёзвяк.


Раней дэпутат Еўрапарламента з Польшчы Ганна Фатыга заявіла пра поўную гатоўнасць групы медыцынскіх экспертаў і спецыяльнага самалёта.

«Гатова група ваенных медыкаў высокай кваліфікацыі і гатовы спецыяльны самалёт для перавозкі. У адказ з боку ўрада Грузіі фактычна цішыня», — сказала Фатыга і адзначыла неабходнасць перавозкі Саакашвілі на лячэнне ў адну з краін ЕС.

Улады Грузіі сцвярджаюць, што Міхаіл Саакашвілі атрымлівае ўсю неабходную медыцынскую дапамогу, і пытанне адпраўкі яго на лячэнне за мяжу не разглядаецца. Суд у Тбілісі раней адмовіў адвакатам былога прэзідэнта ў патрабаванні вызваліць яго для лячэння.



Міністр юстыцыі Раці Брэгадзэ заяўляў, што сям'я Саакашвілі «можа прывезці любога лекара з любой замежнай клінікі, якому дзяржава дазволіць падключыцца да яго лячэння».

Як пісаў «НЧ», Украіна даўно патрабуе ад улад Грузіі «спыніць здзек» з Міхаіла Саакашвілі, які ў канцы студзеня трапіў у рэанімацыю.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: