«Мы тут і нас шмат». Чаму беларусы і беларускі выйшлі на «Парад роўнасці» ў Варшаве

Штогадовы «Парад роўнасці», які прайшоў 25 чэрвеня ў Варшаве, аб'яднаў ЛГБТІК+ супольнасць, а таксама тых, хто за разнастайнасць, за роўныя правы для ўсіх, нягледзячы на гендар і сексуальную арыентацыю. У вялікай калоне побач з палякамі, украінцамі, людзьмі іншых нацыянальнасцяў ішлі беларусы і беларускі.
Прайд праходзіць у Варшаве з 2001 года, толькі аднойчы яго адмянілі — у 2020 годзе з-за пандэміі. Сёлета мерапрыемства сумесна арганізавалі польскі валанцёрскі фонд «Роўнасць» і ўкраінская арганізацыя «КиївПрайд». Удзельнікі і ўдзельніцы прайшлі ад Палацу культуры і навукі чатыры кіламетры маршруту вуліцамі Варшавы. Падобныя маршы за роўнасць праводзяцца ў шматлікіх краінах, і сімвалічна праходзяць у месяц гонару, які праходзіць у чэрвені з-за стоўнвалскіх бунтаў у Нью-Ёрку.
Напачатку прайду да ўдзельнікаў і ўдзельніц звярнуўся мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі. Ён адзначыў, як важна, каб Польшча была талерантнай.

«Не кожны павінен быць на «Парадзе роўнасці», але кожны павінен паважаць правы меншасцяў. Дакладна таксама не кожны павінен хадзіць у нядзелю ў царкву, але павінен паважаць традыцыі людзей, якія думаюць інакш. Менавіта таму мы сёння тут разам, усміхаемся і проста добра бавім час», — адзначыў Тшаскоўскі.

Пасля парада ў сваім Твітары ён падзякаваў усім, хто быў там, і заключыў словамі: «Варшава для ўсіх!» Апроч мэра сярод удзельнікаў_ц прайду была камісарка ЕС па пытаннях роўнасці Элена Далі.


Акрамя прамовы мэра Варшавы прысутныя правялі адну хвіліну ў маўчанні ў памяць аб ахвярах нападу на гей-клуб у Осла.

Сёлета асноўная місія «Парада роўнасці» ў Варшаве была скарэктавана: ён не толькі ў падтрымку супольнасці ЛГБТІК+, але і супраць расійскай агрэсіі, за свабоду і перамогу Украіны. Таму сярод удзельнікаў_ц параду часта можна было заўважыць антываенныя плакаты і сцяг Украіны. А са слупкоў фургончыка «КиївПрайда» гучалі песні на ўкраінскай мове. Так, напрыклад, натоўп гучна хорам працягваў вядомыя радкі з песні Kalush, што перамагла на Еўрабачанні.
Пры гэтым за некалькі дзён да прайду ўдзельнікаў расійскай антыпуцінскай арганізацыі «Za wolną Rosję» («За вольную Расію») арганізатары мерапрыемства папрасілі не прыносіць бела-сіне-белыя сцягі. Але ў натоўпе як мінімум адзін бела-сіне-белы сцяг быў. Пра беларускія бела-чырвона-белыя гаворка не ішла, і некаторыя беларусы да беларускі абазначылі сябе сваім нацыянальным сімвалам, але іх было не вельмі шмат.

Аднымі з тых, хто прыйшоў на прайд з бела-чырвона-белым сцягамі былі беларускі Наста Базар і Даша Чурко. Наста — грамадская актывістка, феміністка, арганізатарка мерапрыемстваў, Даша — праваабаронца і фем-актывістка. Дзяўчаты жылі ў Кіеве, а цяпер спыніліся ў Кракаве.

Наста кажа, што ёй прынцыпова важна быць на прайдах з бчб-сцягам. «Таму што не ўсе лічаць, што я маю права насіць яго, а я жадаю паказаць, што я на гэта маю права, — тлумачыць Наста, — Напрыклад, у Кіеве на Прайд некаторыя людзі прасілі нас не браць сцяг, таму што гэта сцяг людзей, якія за традыцыйныя каштоўнасці і гэтак далей, але я не згодна. Я лічу, што гэта сцяг усіх вольных беларусаў і беларусак. І калі мы хочам свабоды і дэмакратыі, то яны павінны быць для ўсіх, а не для асобнай групы людзей».

На пытанне «што значыць прайд для дзяўчын, і гэта барацьба завошта» спачатку адказвае Даша. Яна тлумачыць, што для яе прайд — гэта пра заяву: «Мы тут і нас шмат». Ёй падаецца важным дэманстраваць, што прадстаўнікі_цы ЛГБТІК+ не дзесьці ў Нямеччыне, Амерыцы, а тут: у Беларусі, ва Украіне. «Мы сярод вас і жывем усе ў адным горадзе, і гэта наш горад у тым ліку», — кажа праваабаронца.
Наста ў сваю чаргу кажа, што не любіць слова «барацьба»:

— Бо я не хачу змагацца за права ЛГБТІК+ такім жа чынам як і за правы жанчын. Я хачу жыць, заяўляць пра іх і адстойваць мае правы. Таму для мяне прайд, гэта таксама пра заяву, пра свята. А калі кажуць пра тое, чаму няма марша гетэра-людзей, я кажу, што ім не трэба заяўляць, бо яны і так заяўляюць паўсюль і ім не трэба адстойваць свае правы, таму што іх ніхто не дыскрымінуе. А так, я была б рада, калі б на свеце была роўнасць і пры гэтым усё роўна былі маршы: хай будуць маршы за традыцыйныя каштоўнасці, за гетэра-сям’ю, і таксама як маршы і прайды, як і асобна лесбіянак, геяў, каго заўгодна — гэта ж усё пра свята і тое, што мы ўсе — ёсць частка грамадства.

Тут Даша робіць важны дадатак: «Ну толькі без гвалту».

Разважаючы, дзе лепш жыць, Наста ўспамінае выраз пра тое што, не хочацца выбіраць сістэму пад якую будзе прасцей падстроіцца, хочацца жыць там, дзе проста падабаецца.

«Канешне, я б вельмі хацела жыць у Беларусі, але зараз гэта немагчыма, бо гэта пытанне ўжо не пра падстройвацца, а пра сядзець альбо не сядзець, — канстатуе актывістка, — Калі параўноўваць тры краіны, то ў Беларусі я не мела нават магчымасці заявіць аб тым, што я лесбіянка, таму што разумела, гэта можа быць пагрозай і майму мацярынству, і маёй бяспецы. У Кіеве мы гаварылі адкрыта, але гэта не было бяспечна, дакладней гэта было не бяспечна. І ў прынцыпе, з-за гэтага мы з’ехалі ў Польшчу. Гэта не ідэальная краіна, але тут прынамсі мне нашмат спакайней, чым у Кіеве або ў Менску», — падагульняе Наста Базар.

Даша ж лічыць, што, магчыма, камфорт знаходжання ў Польшчы звязаны з тым, што яны крыху адаптаваліся і прывыклі да таго, што з'яўляюцца дастаткова адкрытай гомасексуальнай парай. У канцы нашай размовы Даша бадзёра кажа: «Квір у свет!», — а Наста дапаўняе: «І ў Беларусь!»

Сярод удзельнікаў_ц прайда былі не толькі прадстаўнікі_цы ЛГБТІК+, але і тыя, хто падтрымлівае ЛГБТІК+ супольнасць і выступае за роўныя правы для ўсіх. Да такіх людзей адносіцца Яна. Ëй 19, дзяўчына пераехала ў Польшчу паўтара гады таму і зараз вучыцца на другім курсе ўніверсітэта. У Польшчу дзяўчына прыехала са сваім аднакласнікам, прадстаўніком ЛГБТІК+. Сябры знаёмыя з 9 класа, і з моманту знаёмства дзяўчына бачыла як цяжка яе сябру хаваць важную частку сябе ад усіх вакол. Як часта людзі яго падзелі сваімі словамі, не задумваючыся, што сярод іх ёсць чалавек з ЛГБТІК+ супольнасці.

«Я прыйшла на прайд, каб падтрымаць не толькі майго сябра, але і ўсіх людзей, якія падвяргаліся і да гэтага часу падвяргаюцца асуджэнню. Я лічу, што іншыя людзі не маюць права ўказваць, каго любіць, як апранацца і як сябе адчуваць», — упэўнена беларуска.

Яна думае, што ў Польшчы тэма ЛГБТІК+ актуальная як ніколі: «Бо гэта краіна не адышла ад постсавецкіх прынцыпаў, ужо ў шмат якіх краінах Еўразвяза можна заключаць аднаполыя шлюбы, заводзіць сем'і і дзяцей, а ў Польшчы да гэтага ўсяго далёка, пакуль ва ўладзе стаіць касцёл».

Дзяўчына перакананая, што ўсе маюць правы на шчасце і на сям'ю, і спадзяецца, што праз некалькі гадоў усё зменіцца ў лепшы бок.

Але на самым прайдзе адбыўся інцыдэнт, які толькі даказаў, што да тэмы ЛГБТІК+ трэба прыцягваць увагу і імкнуцца падвышаць узровень талерантнасці людзей. Амаль праз гадзіну з пачатку парада на маршруце шэсця некалькі мужчын разгарнулі плакаты, якія зневажалі прадстаўнікоў_ніц ЛГБТІК+ супольнасці. На плакатах былі надпісы: «Zakaz pedałowania» (пер. ніякіх педыкаў), «Hulainoga, Polska bez pedałów» (пер. Польскі самакат без педаляў, у значэнні геяў).

На здзіўленне спачатку многія ўдзельнікі і ўдзельніцы парада паставіліся да гэта з іроніяй і пачалі фатаграфавацца на фоне плакатаў. Але калі да плакатаў падышлі польскія бабці, то іх вельмі абурыў факт прысутнасці на прайдзе людзей, якія дазваляюць сабе такія выказванні, таму яны пачалі крычаць: «Фашысты». Натоўп падхапіў іх словы і таксама скандаваў. Тады ў сітуацыю ўмяшаліся паліцыянты і папрасілі мужчын скласці плакаты і адысці далей ад калоны. Такі зыход удзельнікаў_ц парада задаволіў і яны прадоўжылі шлях, выкрыкваючы лозунг «Miłość, równość, solidarność» (пер. любоў, роўнасць, салідарнасць).
Пасля асноўнага шэсця шмат хто проста чыліў на траве ў Свентакшыскім парку, папіваючы ахаладжальныя напоі, хтосьці шукаў сяброў, некаторыя малявалі крэйдамі на асфальце. Нехта ж з цікавасцю вывучаў інфармацыю ў адным з намётаў «Гарадка Роўнасці», які да прайду арганізавалі няўрадавыя арганізацыі, што працуюць у сферы сацыяльнай разнастайнасці і падтрымліваюць розныя групы меншасцяў. Запамінальным завяршэннем прайда сталі купанне і танцы ў фантане на фоне савецкага сімвала ў выглядзе Палаца навукі і культуры.

Фота аўтаркі

Матэрыял створаны пры падтрымцы журналісцкай і актывісцкай сеткі Unit


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: