Дзяржфінманіторынг Украіны просіць FATF унесці Беларусь у «чорны спіс»

Дзяржаўная служба фінансавага маніторынгу Украіны заклікала кіраўнікоў групы па распрацоўцы фінансавых мер па барацьбе з адмываннем грошай (FATF) унесці Беларусь у «чорны спіс».

fatf.jpg


«Мы звяртаемся да вас з просьбай прызнаць Рэспубліку Беларусь краінай, якая сваімі дзеяннямі распаўсюджвае зброю масавага паражэння і прыняць рашэнне аб унясенні яе ў санкцыйны спіс FATF» — гаворыцца ў лісце ўкраінскай службы на адрас кіраўніцтва групы, апублікаваным у сацыяльных сетках ДСФМУ, піша REFORM.by.

Падставай для такога звароту служба называе падтрымку Беларуссю агрэсіі Расіі супраць Украіны праз прадастаўленне шляхоў зносін, аэрапортаў, ваенных баз, зброі і ваеннай тэхнікі.

«Па сутнасці, тэрыторыя РБ, пры садзейнічанні і падтрымцы палітычнага кіраўніцтва гэтай краіны, выступае плацдармам для ажыццяўлення ўзброенай агрэсіі супраць Украіны», — гаворыцца ў паведамленні ДСФМУ.

ДСФМУ таксама звярнулася да кіраўніцтва Эгманцкай групы з заклікам спыніць доступ Беларусі да абароненага канала сувязі і выключыць яе з гэтай арганізацыі.

«Чорны спіс» FATF уяўляе сабой пералік краін, якія не выконваюць міжнародныя нормы, звязаныя з грашовымі патокамі, генераванымі ад злачыннай дзейнасці і накіраванымі на фінансаванне тэрарызму. Трапленне краіны ў гэты спіс аўтаматычна пазбаўляе яе міжнароднай падтрымкі, а юрыдычныя і фізічныя асобы з гэтых краін адчуваюць максімальныя цяжкасці пры вядзенні міжнароднай дзейнасці.

Акрамя чорнага спісу FATF, ёсць яшчэ «шэры спіс». У ім утрымліваюцца краіны, якія знаходзяцца пад падвышаным кантролем арганізацыі. Як «чорны», так і «шэры» спісы FATF перыядычна пераглядаюцца.