ЕС уводзіць новыя санкцыі супраць Расіі, Вялікабрытанія пашырае санкцыі адносна Беларусі
Еўрасаюз увёў новыя санкцыі ў дачыненні да Расіі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны, паведамляе прэс-служба Савета ЕС.
«Чацвёрты пакет санкцый — гэта адзін удар па эканамічнай і лагістычнай базе, якую Расія выкарыстоўвае для працягу ўварвання ва Украіну. Мэта санкцый — каб Пуцін спыніў гэтую бесчалавечную і бессэнсоўную вайну», — заявіў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль.
У чацвёртым пакеце:
- забараняюцца ўсе транзакцыі з некаторымі дзяржпрадпрыемствамі,
- крэдытна-рэйтынгавым агенцтвам забараняецца прадастаўляць рэйтынгавыя паслугі расійскім кліентам,
- пашыраны спіс асоб, звязаных з расійскім абаронным і прамысловым сектарамі, на якіх накладваюцца абмежаванні на экспарт тавараў падвойнага прызначэння,
- забараняюцца новыя інвестыцыі ў энергетычны сектар Расіі, накладваюцца абмежаванні на экспарт абсталявання, тэхналогій і паслуг у энергетычную прамысловасць,
- пашыраюцца гандлёвыя абмежаванні ў дачыненні да жалеза і сталі, а таксама прадметаў раскошы,
- уводзяцца санкцыі супраць ключавых алігархаў, лабістаў і прапагандыстаў, ключавых кампаній у авіяцыйным, ваенным, суднабудаўнічым і станкабудаўнічым сектарах.
У той жа час пра пашырэнне санкцый заявіла Вялікабрытанія. Санкцыі, якія тычацца Беларусі, уключаюць выключэнне краіны са спісу краін, да тавараў якіх прымяняюцца спецыяльныя пошліны (most-favoured-nation tariff). Таксама Брытанія спыняе выдачу новых гарантый, пазык і страховак для экспарту ў Беларусь.
Акрамя гэтага, Брытанія забараняе экспарт у Расію прадметаў раскошы і ўводзіць дадатковую 35-адсоткавую мыту на тавары з Расіі.