«Нах** мы ў гэта ўлезлі!?» Беларускі бізнес у шоку ад нападу на Украіну

Расія развязала вайну супраць Украіны, а Беларусь стала саўдзельніцай гэтага акта агрэсіі. Падзеі разгортваюцца імкліва, але, пакуль гінуць людзі і рвуцца ракеты, руйнуецца і цывільны бок жыцця. Беларускі бізнес у шоку і паніцы: на прадпрыемствах арганізаваныя «штабы» аналізу сітуацыі праз падзенне валют Беларусі і Расіі.

overworked.jpg


Пастаўшчыкі адмаўляюцца ад кантрактаў, няма магчымасці правесці аплаты і гэтак далей. «НН» звязалася з прадстаўнікамі айчыннага бізнесу, каб даведацца пра сітуацыю.

Дазваніцца сёння да многіх няпроста.

«На**й мы ў гэта ўлезлі!?» — пытаннем на пытанне адказаў адзін з прадпрымальнікаў, які звязаны з Украінай буйнымі кантрактамі. Ён прагназуе, што яго прадукцыя больш не будзе прадавацца ні ва Украіне, ні ў Малдове. Калі не наўпрост праз палітычную сітуацыю, то ад таго, што граніцы закрытыя.

«Я ўвесь у мыле, звані пазней — аварыйны рэжым работы, ратуем кампанію і грошы. Пастаўшчыкі адмаўляюцца працаваць з Беларуссю, бо страхавыя [кампаніі] масава адклікаюць страхоўку грузаў, — кажа іншы бізнэсмен. — Кожны груз застрахаваны, калі няма страхоўкі — ніхто не пагоніць сюды фуры з таварам на мільёны долараў. Хто сёння можа гарантаваць, што аплата адбудзецца? Крэдыторка, дэбіторка, аўральная перапіска — што рабіць, што не рабіць? Усе ў паніцы».

«Даходзіць інфармацыя, што еўрапейскаму рытэйлу прыйшла каманда выкідваць беларускія і расійскія тавары з продажу. Нават не маю ілюзій, што Украіна зробіць тое ж самае», — кажа менеджар аднаго з прадуктовых прадпрыемстваў.

«Ва ўсіх партнёраў на захадзе настрой — паставіць усё на паўзу. Заводы Bosh сёння адмянілі пагрузкі ў Беларусь — развярнулі проста на рампах пагрузкі сёння», — дадае наш суразмоўца, які займаецца імпартам.

«У нас поўная неразбярыха. У сувязі з сітуацыяй рух грузаў па маршруце Польшча-Беларусь часова прыпынены. З’явіцца новая інфармацыя — мы вас праінфармуем. Вашы грузы да высвятлення далейшых дзеянняў будуць знаходзіцца на нашым тэрмінале, дзякуй за разуменне», — такі ліст дасылае кліентам буйны перавозчык «Кентнер лагістык».

«Думаем, як ратаваць тавар. А ўсе кантэйнеры для Беларусі, што ішлі праз Адэскі порт, цяпер адпраўляюцца ў нейтральныя парты, гэта вялікія страты», — кажа яшчэ адзін.

«П**уй мне на грошы і курс долара. Думаю, як вывезці сваіх людзей з Кіева, там 70 чалавек», — кінуў у трубку іншы.

«Пункт мытнага афармлення ў Калядзічах атрымаў ад заходнікаў інфармацыю аб разрыванні кантрактаў — чакаюць адключэння Беларусі ад SWIFT, перастрахоўваюцца», — гаворыць перавозчык.

«Мы ж перавозілі людзей у Кіеў ад беларускага беззаконня, патрацілі мільён долараў, цяпер перавозім з Кіева ў Вільню і Варшаву, патрацім яшчэ мільён. Юрыдычную асобу ў Беларусі ліквідоўваем — няма сумневу, што плацяжы ў бок Беларусі перастануць хадзіць на фоне санкцый. Пытанне пары дзён», — сказаў буйны ІТ-прадпрымальнік.

«Вырашылі пагуляць у вайну? І застацца “астраўком спакою і стабільнасці”? Вэлкам у рэальнасць. Палітыкі не разумеюць ні наступстваў сваіх дзеянняў, ні што з гэтым потым рабіць. А разхлёбваць гэтае гаўно прыдзецца нам — бо мы адказваем за сваіх людзей, якія сядзяць па розных краінах, і цяпер у паніцы. А вось палітыкам на людзей — нас****. Яны ні за каго і ні за што не адказваюць», — эмацыйна пракаментаваў іншы.