665-ты дзень вайны ва Украіне: РФ будзе наступаць на Аўдзееўку да выбараў Пуціна
Уначы УСУ здолелі збіць над украінскім небам 34 з 35 запушчаных Расіяй ударных БПЛА.
РФ будзе наступаць на Аўдзееўку да выбараў Пуціна, затым можа наcтупіць аператыўная паўза
Расійскія войскі будуць працягваць актыўныя наступальныя дзеянні ў раёне Аўдзееўкі да прэзідэнцкіх выбараў у РФ, бо Уладзіміру Пуціну патрэбны хоць нейкія вынікі ў вайне. Затым на гэтым участку фронту можа наступіць аператыўная паўза.
Паводле даных Інстытута вывучэння вайны (ISW), з пачатку наступу ў кастрычніку ў баях за Аўдзееўку расіяне страцілі больш за 13 тысяч салдат і афіцэраў, захапілі толькі 11 квадратных кіламетраў тэрыторыі.
Вайсковы эксперт Аляксандр Каваленка мяркуе, што актыўная фаза працягнецца як мінімум да абрання Пуціна. «Калі ўдасца акружыць горад перад выбарамі, то гэта падстава для прапаганды казаць аб поспеху «спецаперацыі». У 2024 годзе наступ на Аўдзееўку працягнецца, наступаць будуць інтэнсіўна. Толькі пасля выбараў можа быць нейкая аператыўная паўза», — адзначыў ён.
Як паведамілі ва Узброеных сілах Украіны, у раёне Аўдзееўкі абстрэлы зменшыліся, але ёсць нюанс: у кожнай атацы праціўнік ужывае ўсё больш пяхоты і бранятэхнікі.
Нагадаем, з пачатку кастрычніка расіяне актывізавалі штурмы ў раёне Аўдзееўкі. Яны спрабуюць акружыць горад і ўзяць яго пад свой кантроль.
Гэтыя некалькі месяцаў украінскія абаронцы абаранялі горад і не давалі акупантам ажыццявіць іх планы.
Як адзначаюць эксперты ў каментары РБК-Украіна, Аўдзееўка можа стаць апошнім штурмавым акордам РФ, бо тут яна панясе велізарныя страты.
РФ запусціла над Украінай больш за 30 ударных беспілотнікаў: колькі цэляў збіла СПА?
Расійскія войскі сёння ўначы, 21 снежня, атакавалі Украіну з ударных беспілотнікаў «Шахед». Сіламі СПА знішчана больш за 30 аб'ектаў РФ, паведамляюць ВПС Узброеных сіл Украіны ў Telegram.
Расійскія вайскоўцы выпусцілі над Украінай 35 беспілотнікаў «Шахед-136/131», якія атакавалі з трох кірункаў: Чауда — Крым, Прыморск — Ахтарск, Курск — Расія. Адзначаецца, што атака беспілотнікаў адбывалася хвалямі ў розны час з 20:00 20 снежня да 03:30 21 снежня.
«Гэтай ноччу на розных напрамках абаронцам неба ўдалося збіць 34 з 35 запушчаных ударных БПЛА праціўніка», — гаворыцца ў паведамленні ВПС.
Супрацьпаветраная абарона адпрацавала ў Кіеўскай, Днепрапятроўскай, Вінніцкай, Чаркаскай, Херсонскай, Запарожскай, Мікалаеўскай, Хмяльніцкай, Сумскай, Палтаўскай, Чарнігаўскай і Кіраваградскай абласцях.
Для адбіцця паветранага нападу былі задзейнічаны тактычная авіяцыя, зенітныя ракетныя падраздзяленні і мабільныя агнявыя групы ВПС і Сіл абароны Украіны.
Нагадаем, расіяне рэгулярна спрабуюць нанесці ўдары па Украіне з дапамогай беспілотнікаў-камікадзэ «Шахед».
Увечары 20 снежня РФ зноў запусціла над Украінай ударныя беспілотнікі. Па словах вайскоўцаў, некалькі груп варожых БПЛА ішлі з поўдня.
Войскі супрацьпаветранай абароны знішчылі два «Шахады» ў Сумскай і Днепрапятроўскай абласцях. Таксама беспілотнікі атакавалі Кіеўскую вобласць, паведамляецца аб працы сіл супрацьпаветранай абароны.
Навіны вайны
- Міністр абароны Украіны Рустэм Умераў заявіў Welt TV, што мужчын, якія з'ехалі з Украіны, але прыдатныя да вайсковай службы, у наступным годзе хочуць «папрасіць» з'явіцца ў прызыўныя пункты. Пры гэтым ён даў зразумець, што могуць быць ужыты санкцыі. «Мы ўсё яшчэ абмяркоўваем, што адбудзецца, калі яны не прыйдуць добраахвотна», — удакладніў міністр.
- Украіна ў наступным годзе будзе ўзмацняць спецаперацыі ў тыле ворага. Прыярытэтныя цэлі — ваенныя караблі РФ, лагістычныя калідоры паставак зброі, ваенныя базы і інш. Пра гэта распавёў кіраўнік СБУ Васіль Малюк у інтэрв'ю «Pоlitico». «Нашы планы павінны заставацца шокам для ворага. Акупанты павінны разумець, што схавацца не атрымаецца. Мы ўтыкаем ворагу іголку прама ў сэрцы. Кожная наша спецаперацыя дае свой вынік. Усё гэта ўскладняе магчымасці Расіі для вядзення вайны і набліжае перамогу Украіны», — адзначыў ён.
- Раніцай расійскае войска ўдарыла з цяжкай артылерыі па Нікапалі Днепрапятроўскай вобласці — два чалавекі загінулі, адзін паранены, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак. Пашкоджаны чатыры прыватныя дамы, гаспадарчыя пабудовы, лінія электраперадач.
- У Кіеўскай вобласці падчас начной атакі ў выніку падзення абломкаў узнік пажар на грамадзянскім прадпрыемстве, паведаміў начальнік АВА Руслан Краўчанка. Загарэўся адзін са складоў прадпрыемства на плошчы 1500 метраў, пажар ужо ліквідаваны. Пашкоджаны суседнія будынкі і аўтамабілі, людзі не пацярпелі.
- У Мікалаеўскай вобласці падчас начной атакі ў выніку падзення абломкаў збітага дрона пашкоджана складское памяшканне аграпрадпрыемства ў Вяснянскай абшчыне. На месцы ўзнік пажар, які быў аператыўна ліквідаваны, пацярпелых няма, паведаміў кіраўнік АВА Віталь Кім.
- У дзяржбюджэт Украіны паступіла яшчэ каля 950 млн долараў ад Японіі ў рамках праектаў Сусветнага банка на аднаўленне і сацыяльную абарону, паведаміў украінскі Мінфін. Такім чынам, агульная фінансавая падтрымка ад усіх міжнародных партнёраў з пачатку поўнамаштабнай вайны перавысіла 70 млрд долараў. Па стане на сённяшні дзень ужо паступіла 70,62 млрд, таксама хутка чакаецца чарговы транш на 1,5 млрд еўра ад ЕС.
- У Расіі з восені 2024 года пачнуць выдаваць прызыўнікам электронныя павесткі, а са студзеня — ставіць на воінскі ўлік анлайн, без яўкі ў ваенкамат. Адпаведныя распараджэнні падпісаў Пуцін. Павестка лічыцца ўручанай з моманту з'яўлення яе ў электронным рэестры. Пасля гэтага прызыўнік не зможа пакідаць межы краіны, пакуль не з'явіцца ў ваенкамат. Новаўвядзенні датычаць толькі прызываў на тэрміновую службу.
Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 21 снежня: асабовага складу — каля 350 270 (+1080) чалавек, танкаў — 5828 (+14), баявых браніраваных машын — 10 825 (+31), артылерыйскіх сістэм — 8226 (+20), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню —6342 (+26), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 10 919 (+48).
За мінулыя суткі на фронце адбылося 99 баявых сутыкненняў, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. У прыватнасці, на херсонскім кірунку, дзе ўкраінскія вайскоўцы працягваюць пашырэнне плацдарма, вораг здзейсніў больш за 30 беспаспяховых штурмавых дзеянняў у надзеі выбіць УСУ з занятых пазіцый. Аднак атрымаў адпор і са стратамі адступіў.
На аўдзееўскім кірунку сілы абароны адбілі 14 нападаў праціўніка ў раёнах Новакалінава, на ўсход ад Новабахмутаўкі, Аўдзееўкі і яшчэ 22 атакі — каля Паўночнага, Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці.
На купянскім кірунку адбіта 16 нападаў у раёнах Сінькоўкі, на ўсход ад Петрапаўлаўкі і Іванаўкі; на ліманскім — 13 нападаў паблізу Белагораўкі Луганскай вобласці і на ўсход ад Цернаў Данецкай вобласці.
Акрамя таго, на бахмуцкім кірунку сілы абароны адбілі атакі праціўніка каля Багданаўкі, Кляшчэеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці; на мар'інскім — у раёнах Мар'інкі, Перамогі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці; на запарожскім — на захад ад Вербавага і на поўдзень ад Рабоціна Запарожскай вобласці.
Паводле ўкраінскай службы РБК, korrespondent.net, УНІАН