Бацькі вучняў мінскай школы патрабуюць адмяніць інфармацыйныя гадзіны
Бацькі дзяцей, якія вучацца ў 61-й школе (раён «Маяка Мінска»), падрыхтавалі электронную петыцыю ў адрас адміністрацыі. Сабрана ўжо больш за 300 подпісаў. У лісце пералічаныя патрабаванні да настаўнікаў: ніякай ідэалагічнай работы пад выглядам інфармацыйных гадзін, ніякага ціску з уступленнем у БРСМ. Бацькі не будуць дапамагаць школе грашыма, пакуль іх не пачуюць.

Чарга на выхад з БРСМ у адным з мінскіх вну
У звароце падкрэсліваецца, што любая палітычная работа з дзецьмі ў школе амаральная і супрацьзаконная, бо супярэчыць артыкулам 4 і 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. «Палітыкі і ідэолагі прыходзяць і сыходзяць, а здольнасць самастойна і незалежна думаць застанецца і будзе дапамагаць нашым дзецям жыць годна і шчасліва цягам усіх наступных гадоў жыцця», — пішуць бацькі.
Яны просяць, каб навучальны працэс заставаўся цалкам па-за палітыкай, а інфармацыйныя гадзіны былі выключаны з раскладу. Акрамя таго, бацькі патрабуюць паважаць правы дзяцей і бацькоў і незадаволеныя тым, што іх не пускаюць на тэрыторыю школы (нагадаем, у школах гэта тлумачаць мерай бяспекі ў сувязі з каранавірусам).
«Прэвентыўна адбіраць у навучэнцаў тэлефоны і іншыя асабістыя рэчы, калі гэта наўпрост не шкодзіць адукацыйнаму працэсу, таксама недапушчальна і супрацьзаконна», — гаворыцца ў звароце.
Нагадваюць бацькі вучняў пра выбары, якія прайшлі на тэрыторыі школы. У лісце падпісанты выказваюць недавер членам адміністрацыі і настаўнікам, якія былі членамі выбаркамаў, і чакаюць ад іх публічных выбачэнняў.

Фота TUT.BY
Да выканання гэтых патрабаванняў бацькі адмаўляюцца ад аплаты апякунскіх узносаў і любых іншых выдаткаў (рамонт, падпіскі і іншае). Школа абавязана забяспечваць усё гэта за кошт бюджэтных сродкаў, «якія фарміруюцца ў тым ліку і за кошт падаткаў», лічаць аўтары ліста. Таксама бацькі маюць намер байкатаваць школьныя суботнікі, збор макулатуры, фарміраванне бацькоўскіх камітэтаў і пакідаюць за сабой права пры неабходнасці не вадзіць дзяцей у школу.
Журналістам не ўдалося атрымаць каментар у адміністрацыі школы. Дырэктар Ірына Цубікава не адказвае па нумары, указаным на сайце школы. Намеснікі не кажуць, дзе кіраўнік (па словах бацькоў, у яе аформлены бальнічны ліст). Таксама намеснікі адмаўляюцца каментаваць сітуацыю без дырэктара, адзін са спецыялістаў запэўніла, што не ведае нічога пра зварот бацькоў, у школе будуць з гэтым разбірацца.
Гэта ўжо не першы выпадак, калі бацькі спрабуюць адстойваць свае правы з дапамогай адкрытых зваротаў. Аўтары ліста да адміністрацыі мінскай гімназіі №56 таксама выступілі рэзка супраць ідэалагічнай работы з дзецьмі, асудзілі фальсіфікацыю выбараў і адмовіліся ад выплаты ўзносаў у апякунскі савет. Акрамя таго, яны папрасілі звольніцца педагогаў, якія заплямілі сваё імя на выбарах.
Паводле «Наша Ніва»