Беларусь ахапілі пратэсты. Сілавікі выкарыстоўваюць светлашумавыя гранаты і гумавыя кулі. Загінуў чалавек
У вялікіх і малых гарадах Беларусі людзі выходзяць з пратэстам супраць несумленных выбараў.
Мінск
Як паведамляе news.tut.by, на Кальварыйскай былі чутны стрэлы. Пусцілі газ.
"Наша Ніва" паведаміла, што параненая іх журналістка Наталля Лубнеўская, яна атрымала раненне ў вобласць калена. Дзяўчыну адвезлі ў Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі.
Людзі ў вайсковай форме, у амуніцыі і з вялікімі заплечнікамі. Іх тут каля сотні. Некалькі дзясяткаў сілавікоў перакрылі мост на Кальварыйскай. Рух аўтамабілістаў па ім немагчымы.
З боку цэнтра горада па Дзержынскага вельмі павольна едуць некалькі сотняў машын. Кіроўцы ўключаюць "аварыйку", сігналяць.
У Зялёным Лузе едуць машыны і сігналяць. Мінакі іх сустракаюць воклічамі і апладысментамі.
Людзі выходзяць на праезную частку недалёка ад станцыі метро "Пушкінская", заблакавалі першую паласу. Скандуюць: «Сыходзь!» і «Жыве Беларусь!». Часткова перакрыты праспект Пушкіна ў бок Ціміразева, людзі выходзяць з машын. На пллошчы Прытыцкага людзі выйшлі на цэнтр плошчы.
Афіцыйна МУС паведаміла, што падчас акцыі
пратэсту ў Менску 10 жніўня загінуў чалавек. «Каля 23.00, у ходзе масавых
беспарадкаў у Мінску на вуліцы Прытыцкага, натоўп будаваў барыкады для блакавання
руху. У ходзе супрацьстаяння са спецназам, які прыбыў для дэблакавання плошчы,
адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць неўстаноўленае выбуховае прастасаванне ў
бок праваахоўнікаў. Яно выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы несумяшчальныя
з жыццём», — паведамляе МУС.
На Сурганава каля ўніверсама
"Рыга" сабралася блізу 5 тысяч чалавек. Рух ад плошчы Бангалор да ўніверсама «Рыга» заблакаваны. Пратэстоўцы будуюць барыкады, усталёўваюць
будаўнічы плот. Адбыліся сутычкі з сілавікамі. Пакуль не прыйшло падмацаванне, пратэстоўцы перамагалі.
Людзі стаяць ля выхадаў з метро «Малінаўка», «Пятроўшчына», на скрыжаванні Любімава і Чурлёніса
— аўтамабілі сігналяць, людзі пляскаюць у далоні. Праезд у бок цэнтра за
праспектам Жукава перакрыты. Было чуваць каля дзясятка залпаў.
На Коласа і Казлова без перапынку сігналяць машыны.
Машыны сігналяць і ў раёне скрыжавання Лагойскага тракта і Гамарніка.
Тэлеграм-канал Nexta live перадае, што вязні "амерыканкі" скандуюць "Жыве Беларусь!".
Ён жа паведаміў, што ад гранат загарэўся дом на Дуніна-Марцынкевіча, 6.
Тэлеграм-канал Белсата паведаміў, што журналістку Таццяну Капітонаву кантузіла падчас атакі сілавікоў на Пушкінскай.
Брэст
У Брэсце шмат пратэстоўцаў сталі ў счэпку, крычаць "Жыве Беларусь". Раптам людзі кінуліся на АМАП, у бок міліцыі паляцелі бутэлькі, выбухаюць петарды, распыляюць газ. На вуліцы выбухаюць светлашумавыя гранаты, ляцяць дымавыя шашкі.
Людзей выцеснілі з Савецкай, яны ідуць па праезджай частцы Дзяржынскага, скандуючы "Жыве Беларусь".
Віцебск
Працягваюцца затрыманні. Хапаюць у асноўным тых, хто ідзе міма ці ідзе на ровары.
Гродна
Народ гуртуецца ў розных частках горада, ідуць масавыя затрыманні. Паведамляецца, што па гораду ездзіць браневік "Тыгр".
Паводле паведамленняў news.tut.by і ўласных карэспандэнтаў НЧ