«Ціхары» прыехалі з белымі стужачкамі: як АМАП і ДАІ сарвалі аўтапрабег у Гродне
Аўтапрабег з белымі стужачкамі, які павінен быў адбыцца 30 ліпеня ў Гродне, не адбыўся праз масавыя затрыманні, паведамляе «Еўрарадыё».
Аўтамабілісты сабраліся каля гіпермаркета "Карона" на выездзе з горада і хацелі разам пакатацца па вуліцах. Але яшчэ да пачатку прабегу іх планам перашкодзілі супрацоўнікі АМАПа і ДАІ.
Паводле сведчанняў відавочцаў, забіралі ўсіх запар: і тых, хто ўдзельнічаў у акцыі, і тых, хто проста назіраў збоку. Некаторыя прыехалі на прабег сем'ямі — і таксама сталіся затрыманыя. Еўрарадыё звязалася з удзельнікамі падзей, і вось што яны расказалі.
"Што вы мне падсоўваеце?" — "Гэта наша прычына твайго затрымання"
— Я пад'ехаў каля 19 гадзін. Убачыў машыны са стужачкамі. Адагнаў сваю машыну на 100-50 метраў убок. Жонка з дзіцем пайшлі ў краму, — расказвае Еўрарадыё адзін з затрыманых. — Потым падышоў да агульнай групы людзей з белымі стужачкамі. Потым паварочваюся — і бачу, што з усіх бакоў "ціхушнікі". Усе былі па двое-трое, усе ў масках. Я зразумеў, што зараз нешта адбудзецца. І тут, як у кіно, у адзін момант падляцелі цывільныя бусы, адзін быццам бы нават быў з мінскімі нумарамі. З міліцэйскіх "газеляў" павыскокваў АМАП. Запрасілі мяне прайсці. Малады хлопец, амапавец... У той момант, калі ён браў мяне пад локаць, рукі ў яго дрыжалі — відаць было, што хлопцы нервуюцца.
У міліцэйскай газелі ўжо знаходзілася два чалавекі. Яны пыталіся, у чым прычына, што адбываецца. Усе адмоўчваліся, а дзяўчына-амапавец сказала: "Вы і так ведаеце". Я кажу супрацоўніку, што ў мяне ў краме жонка з дзіцем, у мяне машына адчыненая стаіць, а ў жонкі правоў на кіраванне транспартным сродкам няма. Са мной выйшлі два супрацоўнікі, спыталі, ці дакладна гэта мая жонка. Мы прайшлі ў маю машыну.
У гэты момант падбеглі два супрацоўнікі ДАІ. Пачалі правяраць дакументы на машыну. Капалі ўсё: аптэчку, тэрмін прыдатнасці. Аўтамабіль у той момант стаяў на паркоўцы, не ўдзельнічаў ні ў якім руху, таму што я сам знаходзіўся за сто метраў ад увахода. Як сказалі мая жонка і дачка, яны чулі размову супрацоўнікаў ДАІ: "Ну што ты там, хутчэй, не можаш нічога знайсці?", на што першы адказаў: "Я не магу ні да чога дакапацца, у яго з дакументамі ўсё ў парадку, з вонкавым выглядам і абсталяваннем аўтамабіля таксама".
У выніку мне аддалі ўсе дакументы, супрацоўнікі АМАПа сказалі, трэба праехаць на маёй машыне разам з імі, жонкай і дзіцем у РАУС на Гая, 4. Я за рулём, адзін збоку, другі сеў ззаду. Далей мяне правялі ў "абязьяннік", дзе ўжо знаходзілася каля васьмі чалавек — жанчыны і мужчыны з белымі стужачкамі. Мяне ўразіла, што дастаўлялі нават з маленькімі дзецьмі, я быў у шоку.
Амапаўцы пісалі пратаколы затрымання ўжо пасля таго, як мы далі тлумачэнні. Яны не разумелі, на падставе чаго мы давалі тлумачэнне. З мяне інспектар РАУС узяў тлумачэнне, а потым ужо складалі пратаколы аб затрыманні на падставе ўдзелу ў несанкцыянаваным мітынгу. Я спытаў: "Што вы мне падсоўваеце?" Яны кажуць: "Гэта наша прычына твайго затрымання".
Першапачаткова ва ўсіх канфіскавалі тэлефоны. У мяне з сабой тэлефона не было. Напэўна, цяпер будуць чытаць перапіскі, будуць правяраць тэлефоны.
Машыну з налепкай "97%" забралі "як доказ"
Яшчэ адзін затрыманы расказвае, што не планаваў удзельнічаць у прабегу, але апынуўся побач і таксама трапіў у рукі сілавікоў.
— Мы з дзяўчынай былі каля гіпермаркета "Карона". Чулі, што збіраецца аўтапрабег. Вырашылі падысці спытаць, што там і як, пагаварыць. Пад'ехалі, пагутарылі. Мы былі з дзіцем і ад'ехалі, каб проста назіраць, што будзе далей. Потым пачалося нешта незразумелае, прыехала вялікая колькасць машын — бусы з танаваным шклом, машыны ДАІ — і пачалі затрымліваць. Потым, калі ўсё пачало сціхаць, мы вырашылі паехаць дадому. На выездзе з гіпермаркета нас спынілі супрацоўнікі ДАІ для праверкі дакументаў. З дакументамі было ўсё ў парадку. Яны заўважылі, што на машыне налепка "97%", і сказалі, што трэба праверыць па базе РАУС, што з машынай. Адышлі ў сваю машыну, вярнуліся і сказалі праехаць у РАУС за імі.
У РАУС мы праседзелі тры гадзіны з дзіцем. Забралі і апячаталі машыну, забралі тэлефоны, далі позву. Машыну забралі "як доказ".
Тых, хто паспеў ад'ехаць, даганялі з мігалкамі
А вось што расказаў удзельнік прабегу, які не адбыўся:
— Я прыехаў крыху раней, у шэсць гадзін. Сустракаліся каля крамы "Карона" на Янкі Купалы. Хацелі проста праехацца. Сустрэўся з адміністратарам тэлеграм-канала. Потым пачалі падцягвацца людзі. На той момант змаглі прыехаць 20 чалавек. Потым падыходзіць знаёмы і кажа: "Цябе, хутчэй за ўсё, ужо пасуць". Палову людзей я адразу адпусціў, сказаў: "Разыходзімся". Тых, хто не паспеў раз'ехацца, засталося некалькі чалавек. Пад'ехалі два бусы і чатыры машыны ДАІ. Тых, хто паспеў ад'ехаць, даганялі з мігалкамі, аштрафавалі за шторкі, за тэхагляд.
Ёсць фота "ціхароў". З месца падзей з'язджала машына, там сядзелі супрацоўнік ДАІ і "ціхар". Я сёння раніцай праходзіў міма — там дагэтуль стаіць машына з белай стужачкай [сімвалам мірных пратэстаў, прапанаваным штабам Святланы Ціханоўскай. — Еўрарадыё]. Мне знаёмыя ўчора сказалі, што на ёй ездзілі "ціхары".
Каментар міліцыі
У той жа вечар затрыманых выпусцілі з аддзялення міліцыі. У дачыненні да іх вядуцца адміністрацыйныя працэсы.
У прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама затрыманні пракаментавалі так: "Затрымлівалі на падставе дзейнага заканадаўства. У ходзе адміністрацыйнага працэсу будзе высветлена, што, як і чаму, і будзе дадзена прававая ацэнка. На цяперашні момант ніхто не затрыманы".
На 1 жніўня іх выклікалі позвамі ў РАУС Кастрычніцкага раёна Гродна.