Як удзельнікі выставы «Нацыянальная бясьпека. Беларусь — 2024» ствараюць пагрозу бясьпецы
Выстава «Нацыянальная бясьпека. Беларусь — 2024» прайшла ў Менску з 19 па 21 чэрвеня. Як высьветлілася, прынамсі два зь яе ўдзельнікаў з боку Беларусі непасрэдна пастаўлялі вайсковую тэхніку і амуніцыю расейскім войскам, што бяруць удзел ва ўзброенае агрэсіі супроць Украіны. Гэта навукова-тэхнічны цэнтр «ЛЭМТ» і канструктарскае бюро «Радар».
![Стэнд БелОМА на выставе «Нацыянальная бясьпека. Беларусь — 2024» Стэнд БелОМА на выставе «Нацыянальная бясьпека. Беларусь — 2024»](/img/v1/images/iljustracyja_1_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1720594886&w=528)
Стэнд БелОМА на выставе «Нацыянальная бясьпека. Беларусь — 2024»
Унітарнае прадпрыемства «ЛЭМТ» было створанае ў 1992 годзе і ўваходзіць у склад холдынгу «БелОМА».
19 верасьня 2023 года дробны расейскі чыноўнік — намеснік міністра прамысловасьці і гандлю Навасібірскае вобласьці Максім Астанін паведаміў, што ў чарговую партыю груза, які ягонае міністэрства штотыдзень адпраўляе расейскім акупантам у зону баявых дзеяньняў, увайшлі некалькі дзясяткаў цеплавізійных прыцэлаў і манакуляраў. Прычым ён сказаў, што вырашыць пытаньне, дзе іх атрымаць, удалося ўсяго цягам некалькіх дзён.
І ў той жа дзень зьявілася інфармацыя, што згаданыя прыцэлы і манакуляры перадаў навукова-тэхнічны цэнтр «ЛЭМТ».
Свае грузы міністэрства прамысловасьці і гандлю Навасібірскае вобласьці, як неаднаразова згадвалася ў тамтэйшай прэсе і на старонцы самога міністэрства, адпраўляе падраздзяленьням 41-ае агульнавайсковае арміі ўзброеных сілаў Расеі, прычым паводле заявак вайскоўцаў. Пачынаючы як раз з восені 2023 года падраздзяленьні гэтае арміі перакінулі на так званы «аўдзііўскі напрамак» з мэтай штурму горада Аўдзііўкі Данецкае вобласьці Ўкраіны.
То-бок, НТЦ «ЛЭМТ» па просьбе расейскага дробнага чыноўніка «ўзяў пад казырок» і хутка адправіў непасрэдна яму некалькі дзясяткаў вайсковых прыладаў, якія таксама хутка былі перанапраўленыя расейскім акупантам для выкарыстаньня ў баях.
І як вынік, — літаральна некалькі дзён таму, 24 чэрвеня 2024 года, холдынг «БелОМА» і ягоны генеральны дырэктар Аляксандр Мароз былі ўключаныя ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу за падтрымку дзейнасьці, якая пагражае суверэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны.
Канструктарскае бюро «Радар», заснаванае ў 2006 годзе, на сёння існуе ў выглядзе акцыянернага таварыства, усе акцыі якога належаць дзяржаве, і зьяўляецца кіруючай кампаніяй холдынга «Сістэмы радыёлакацыі». Пад санкцыямі ЗША (і ня толькі ЗША) КБ «Радар» знаходзіцца зь 2022 года.
Адзін з вырабаў канструктарскага бюро «Радар» — станцыя перашкод і радыёкіравання сувязі «Навальніца-6» прынамсі двойчы зафіксаваная на ўзбраеньні расейскіх акупантаў.
![Станцыя «Навальніца-6» выкарыстоўвае шасі МАЗ Станцыя «Навальніца-6» выкарыстоўвае шасі МАЗ](/img/v1/images/iljustracyja_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1720595123&w=528)
Станцыя «Навальніца-6» выкарыстоўвае шасі МАЗ
У верасьні 2023 года ўдзельнікі крымскага руху супраціву «Атеш» выявілі станцыю РЭБ «Навальніца-6» (Р-934УМ2) на тэрыторыі акупаванага Крыма.
А 8 чэрвеня 2024 года падраздзяленьне Ўзброеных Сілаў Украіны «Сілы абароны поўдня» паведамілі аб зьнішчэньні, ў тым ліку, станцыі РЭБ «Навальніца».
Дарэчы, некаторыя СМІ памылкова лічаць вырабам канструктарскага бюро «Радар» антыдронавы комплекс «Навальніца-04М» («Гроза-04М»), які насамрэч расейскі. Судзячы з усяго, ягоным вырабляльнікам, як і вырабляльнікам мадыфікацыі комплекса з назвай «Навальніца.04.К» («Гроза.04.К»), ёсьць канцэрн «Радыёэлектронныя техналёгіі», які ўваходзіць у расейскую дзяржкарпарацыю «Растех».
Згаданая вышэй выстава, прынамсі фармальна, мела канцэпцыяй узмацненьне нацыянальнае бясьпекі краіны. Але дапамога ўзброенаму агрэсару, — гэта наадварот, відавочная пагроза для бясьпецы Беларусі.
![iljustracyja_2.jpg iljustracyja_2.jpg](/img/v1/images/iljustracyja_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1720595432&w=528)