Кобрынь, выходзь! І ён выйшаў
Рэпартаж
з Маршу Свабоды ў Кобрыні.
Кобрынь, выходзь! Такім поклічам 16 жніўня ў Кобрыні (Берасцейская вобласць) суправаджаўся “Марш Свабоды” па цэнтральных вуліцах гораду. У маршы ўдзельнічалі тысячы кабрыньчанаў розных узростаў і прафесій, незадаволеных фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і каму сумленне не дазваляла быць дома ў лёсавызначальны для Бацькаўшчыны час.
Пасля маршу на цэнтральнай плошчы гораду адбыўся мітынг з выступамі пацярпелых ад збіцця і катаванняў падчас затрыманняў 10-12 жніўня і знаходжання за кратамі, а таксама іхных бацькоў і сваякоў.
Мітынг суправаджаўся песняй Віктара Цоя “Пераменаў” і беларускамоўнай версіяй твору гішпанскага барда Луіса Л’яха “Муры”, што сталі музычнымі сімваламі сёлетняй Рэвалюцыі годнасці ў Беларусі.
Вядучы мітынгу, ветэран беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху Алесь Мех заклікаў усіх пацярпелых ад гвалту сілавікоў пісаць адпаведныя заявы ў органы пракуратуры і Следчага камітэту.
У рэзалюцыі мітынгу патрабуецца адстаўка Аляксандра Лукашэнкі з пасады галавы дзяржавы, вызваленне ўсіх палітвязняў з іхнай поўнай рэбілітацыяй, а таксама кампенсацыяй матэрыяльных і маральных стратаў, раследаванне ўсіх фактаў незаконных затрыманняў, гвалтоўных дзеянняў і катаванняў з боку сілавікоў супраць мірных кабрыньчанаў, прыцягненне да крымінальнай адказнасці ўсіх асобаў, якія маюць дачыненне да вышэй названых злачынстваў, адхіленне ад сваіх пасадаў старшыні Кобрыньскага райвыканкама і начальніка РАУС на час раследавання, а таксама правядзенне ў краіне новых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў паводле стандартаў АБСЕ.
Удзельнікі мітынгу, што праходзіў у фармаце вольнага мікрафону, адзінагалосна падтрымалі гэтую рэзалюцыю, прагаласавалі за адкліканне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васіля Дземідовіча, дамовіліся штодня збірацца да той пары, пакуль патрабаванні грамадзянаў не будуць задаволены.
Мітынгоўцы
ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых за волю і незалежнасць
Бацькаўшчыны, а таксама выказалі падзяку ўсім тым, хто пад час выбараў
дзейнічаў згодна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі і ў адпаведнасці з
агульначалавечымі маральнымі каштоўнасцямі.
Разам
з тым на мітынгу прагучала перасцярога ад залішняй эйфарыі, заклік да пільнасці
і салідарнасці дзеля дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне, да грамадскага
пакаяння за вольны ці вымушаны ўдзел у злачынствах таталітарнага і
аўтарытарнага рэжымаў, за ўсё тое, што мы павінны былі, але не здолелі зрабіць
дзеля вольнай, дэмакратычнай і квітучай Бацькаўшчыны.