Разведка Украіны: у Беларусі хаваюць загінулых мясцовых вайскоўцаў, што ваявалі на баку РФ

У Беларусі хаваюць вайскоўцаў нацыянальных узброены сіл, якія падпісалі кантракты з расійскімі ПВК і ўдзельнічалі ў вайне супраць Украіны, паведамляе Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Паводле ўкраінскай разведкі, у некалькіх населеных пунктах Беларусі прайшлі пахаванні вайскоўцаў, якія падахвоціліся заключыць кантракты з расійскімі прыватнымі ваеннымі кампаніямі. У прыватнасці, паведамляецца, што жалобныя мерапрыемствы па загінуламу салдату-кантрактніку прайшлі ў горадзе Мар'іна горка Мінскай вобласці (базіруецца 5 асобная брыгада спецыяльнага прызначэння). У Асіповічах Магілёўскай вобласці (51 змешаная артылерыйская група) хавалі адстаўнога афіцэра і былога салдата-кантрактніка.
У цэлым, удзел у вайне супраць Украіны непапулярны сярод беларускіх вайскоўцаў, зазначаюць ва ўкраінскай разведцы. У вайсковых часцях не праводзіцца сур'ёзная агітацыя ці прапагандысцкія мерапрыемствы. Зрэшты, вядома пра выпадкі добраахвотнага падпісання кантрактаў з рознымі расійскімі ПВК. Асноўны матыў для гэтага — грошы, якія абяцаюць за ўдзел у баявых дзеяннях на ўкраінскай тэрыторыі.
Але пасля шэрагу пахаванняў і інфармацыі аб «зніклых без вестак» колькасць ахвочых выпрабаваць лёс паменшылася, падкрэслівае ГУР.