СК расследаваў справу аб падпале рэлейнай шафы. Абвінавачаным можа пагражаць смяротнае пакаранне
Следчы камітэт паведаміў, што скончыў расследаванне крымінальнай справы аб падпале лінейнага абсталявання Беларускай чыгункі. Абвінавачаным можа пагражаць смяротнае пакаранне.

Як піша REFORM.by, фігурантам справы прад’яўленыя абвінавачванні па чатырох артыкулах КК:
ч. 3 арт. 361-1 («удзел у экстрэмісцкім фарміраванні»);
ч.3 арт. 289 («Акт тэрарызму, здзейснены ў складзе арганізаванай групы, які пацягнуў цяжкія наступствы, якія ствараюць пагрозу гібелі людзей і прычыненне ім цялесных пашкоджанняў»);
ч. 2,4 арт. 309 («Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў зносін, які пацягнуў цяжкія наступствы, а таксама Які стварыў пагрозу крушэння, аварыі і гібелі людзей");
ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»).
У паведамленні СК гаворыцца, што 29-гадовы жыхар Светлагорска далучыўся да плану «Перамога». Нібыта ён атрымаў заданне па вывядзенні з ладу чыгуначнай інфраструктуры на тэрыторыі Гомельскай вобласці. У сваю чаргу абвінавачваны прапанаваў удзел сваім сябрам. На прапанову адгукнуліся двое мужчын ва ўзросце 33 гадоў і 51 года.
СК сцвярджае, што прадстаўнікі «BYPOL» / «мабілізацыйны план “Перамога”» аплацілі выдаткі па падрыхтоўцы. Усяго абвінавачаным перавялі крыху больш за 1000 рублёў.
У ноч з 28 лютага на 1 сакавіка абвінавачаныя падпалілі рэлейную шафу з абсталяваннем. Па версіі следства, гэта «выклікала рызыка наступлення катастрафічных наступстваў, у тым ліку крушэння сасатваў і гібелі пасажыраў».
Дзеянні абвінавачаных следства кваліфікавала як здраду дзяржаве.
«Следствам устаноўлена, што злачынныя дзеянні фігурантаў, у тым ліку па аказанні дапамогі замежнай арганізацыі ў прычыненні шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь — і ёсць здрада Радзіме — здрада дзяржаве», — гаворыцца ў паведамленні.
Урон ацэнены ў 55 тысяч рублёў.
Нагадаем, пашкоджанне абсталявання на чыгунцы адбывалася ў Беларусі адразу пасля нападу Расіі на Украіну. У выніку быў замаруджаны рух чыгуначных саставаў з расійскімі войскамі і ваеннай тэхнікай, матэрыяламі забеспячэння, прызначанымі для вядзення баявых дзеянняў. Беларускія сілавікі былі вымушаныя ўзмацніць ахову шляхоў і абсталявання Беларускай чыгункі.
У канцы сакавіка камандаванне расійскіх войскаў прыняло рашэнне вывесці падраздзялення з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей.