Мінск рыхтуецца да другога вечара пратэстаў: у цэнтр сцягнулі спецтэхніку, ідзе ўзмоцненае патруляванне
Сёння пасля 15.00 сталі паступаць паведамленні, што па некалькіх напрамках у Мінск едзе спецтэхніка. Машыны бачылі на Партызанскім праспекце, вуліцы Маякоўскага і праспекце Дзяржынскага, паведамляе onliner.by.
У цэнтры ад плошчы Перамогі ўжо ёсць скапленні ППС, пад мостам на Маскоўскай ля педагагічнага ўніверсітэта стаіць тэхніка.
Відэа з доўгай калонай вайсковай тэхнікі (аўтазакі, аўтобусы з людзьмі, машыны з калючым дротам у прычэпах) на скрыжаванні вуліц Бабруйскай і Свярдлова апублікавала ў сваім тэлеграм-канале і Еўрарадыё.
— Гэта ўзмоцнены варыянт нясення службы супрацоўнікаў МУС. Мы адсочваем інтэрнэт-рэсурсы, і з улікам таго, што там ёсць інфармацыя з заклікамі, мы гэта ўлічваем. У сувязі з гэтым, каб не дапусціць парушэння правапарадку, у Мінску выстройваецца спецтэхніка, — пракаментавала прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава.
Нагадаем, сёння ў 19.00 у Мінску і іншых гарадах Беларусі зноў маюць адбыцца акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.
Як паведамляюць у тэлеграме карэспандэнты «Белсату», у цэнтры Мінска вельмі шмат міліцыі. У 17.30 закрыўся ГЦ «Сталіца», а 18.00 — ГЦ «Галерэя», абодва па тэхнічных прычынах. На пл. Незалежнасці людзей пакуль прапускаюць. На праспекце Пераможцаў і ў раёне плошчы Перамогі дзяжураць машыны ДАІ.
Каля стэлы ўжо знаходзяцца некалькі аўтазакаў. Яшчэ з раніцы ў цэнтры горада закрытыя ўсе паркоўкі: як бясплатныя, так і платныя. Каля цырка на вул. Янкі Купалы знаходзяцца два браніраваныя аўтамабілі, спецтэхніка і некалькі пажарных.
Узмоцненае патруляванне. Шмат экіпажаў ДАІ на парспекце Пераможцаў, заўважана некалькі міліцэйскіх бусаў. Каля Палаца спорту — два аўтазакі, два вадамёты і да 10 мікрааўтобусаў з АМАПам.
Як паведамляе РИА «Новости», міліцыя ачапіла плошчы і скверы ля стэлы.