У Гомелі пачынаецца яшчэ адзін працэс над «рэйкавымі партызанамі»
У Гомельскім абласным судзе на 6 снежня прызначаная дата разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да двух жыхароў Мазыра — 34-гадовага Сяргея Пляшкуна і 45-гадовага Юрыя Сельвіча. Справу будзе разглядаць суддзя Алег Харошка.
Палітвязні Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч пазнаёміліся адзін
з адным у 2020 годзе падчас паслявыбарчых пратэстаў. Пра іх затрыманне стала
вядома 10 сакавіка 2022 года. Як лічыць следства, падчас акцый пратэсту ў 2020
годзе яны выходзілі на дарогу з БЧБ-сцягам і блакавалі транспарт на
цэнтральных вуліцах Мінска.
Канчатковае абвінавачанне мазыранам выстаўленае па сямі
артыкулах Крымінальнага кодэкса:
ч. 2 арт.295-3 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да
прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў;
ч. 2 арт. 289 — акт тэрарызму;
ч.1 арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
ч. 4 арт. 309 — наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін;
арт. 341 — апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці;
ч.1 арт. 130 — распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;
ч.1 арт. 361 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Згодна з матэрыяламі справы, у перыяд са жніўня 2020 года па люты 2022 года Пляшкун і Сельвіч набылі кампаненты для вырабу «кактэйляў Молатава» і піратэхнічны выраб, якія захоўвалі і перавозілі ў розных транспартных сродках і месцах з мэтай іх наступнага выкарыстання пры здзяйсненні акту тэрарызму, нападзе на будынкі, установы, транспартныя сродкі, а таксама супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Акрамя гэтага, Пляшкун нібыта сам вырабіў «кактэйлі
Молатава» і сумесна з Сельвічам падрыхтаваліся да наўмыснага прывядзення ў
непрыдатнасць транспартных сродкаў і шляхоў зносін, што магло пацягнуць смерць
чалавека, крушэнне або аварыю.
У працяг сваіх дзеянняў Пляшкун, як сцвярджае следства,
выкарыстоўваючы тэлеграм-канал,
прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем», размясціў
відэафайл з каментарамі пра дату і час перамяшчэння ваеннай тэхнікі,
ваенізаваных падраздзяленняў і вайскоўцаў з мэтай ажыццяўлення экстрэмісцкай
дзейнасці. Пасля чаго пад'ехаў да аднаго з прадпрыемстваў Мазырскага раёна і
дарожнага знака, дзе нанёс фарбай на плот і знак цынічныя малюнкі і надпісы, у
якіх даў негатыўную ацэнку жыхарам замежнай дзяржавы, паведамляе Генеральная
пракуратура.
З відэасюжэту БТ
вынікае, што сачылі за мужчынамі пільна: паказалі кадры са схаванай камеры ў
гаражы, дзе мужчыны абмяркоўваюць свае планы. На запісы яны кажуць аб
перспектывах пашкоджання рэек.
Судовы працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме.