262-гі дзень вайны ва Украіне: УСУ працягвае вызваляць Херсоншчыну
Расказваем, з чаго пачынаецца 12 лістапада ва Украіне.
Увечары 11 лістапада Узброеныя сілы Украіны ўдарылі з HIMARS па Антонаўскім мосце. Пра гэта паведаміў дарадца прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч. Таксама ён заявіў, што ракетны ўдар мог прывесці да дэтанацыі выбухоўкі, закладзенай, каб падарваць мост пасля сыходу ВС РФ на іншы бераг Дняпра.
Спадарожнікавыя здымкі пацвярджаюць заявы як украінскіх, так і расійскіх крыніц пра тое, што разбураныя Антонаўскі аўтамабільны мост і чыгуначны мост праз Днепр у раёне Херсона, а таксама мост праз Днепр у раёне ГЭС у Новай Кахоўцы і Дар'еўскі мост праз раку Інгулец. Спадарожнікавыя здымкі таксама дэманструюць, што расійскія войскі падрыхтавалі першую і другую лініі абароны на поўдзень ад Дняпра і, верагодна, працягнуць намаганні па ўмацаванні пазіцый на левым беразе ў бліжэйшыя дні.
Плошча вызваленай ад акупацыі тэрыторыі на поўдні Украіны па стане на вечар 11 лістапада склала больш за 3000 квадратных кіламетраў. Пра гэта ў эфіры тэлемарафона «Адзіныя навіны» заявіла кіраўніца прэс-цэнтра Сіл абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк. Паводле яе слоў, камандаванню вядома пра знаходжанне на некаторых тэрыторыях падраздзяленняў войскаў РФ, якія «спрабуюць напэўна стварыць дыверсійныя меры». «Праца ў гэтым кірунку працягваецца. Таму мы не спяшаемся заяўляць пра вызваленне тэрыторый, хоць іх плошча павялічылася ўжо ў дзясяткі разоў. Калі ў папярэднія суткі мы гаварылі пра 260 квадратных кіламетраў, то сёння гэта — больш за 3000 квадратных кіламетраў вызваленых тэрыторый», — адзначыла яна.
Як піша амерыканскі «Інстытут даследавання вайны» (ISW), падраздзяленні расійскіх войскаў, гледзячы па ўсім, усё ж застаюцца на правабярэжжы, раскіданыя па тэрыторыі Херсонскай вобласці, і працягваюць спробы адступіць на фоне прасоўвання ўкраінскай арміі да Дняпра. ISW таксама пацвярджае думку ўкраінскага камандавання, што некаторыя расійскія вайскоўцы, магчыма, засталіся для вядзення партызанскай барацьбы ў складзе невялікіх груп, пры гэтым колькі менавіта расійскіх салдат застаюцца на правым беразе Дняпра, падлічыць немагчыма. У паведамленні інстытута таксама адзначаецца, што вывад войскаў РФ з правага берага Дняпра на левы працягваўся тры дні, агулам выведзена 20 тысяч салдат і 3,5 тысячы адзінак вайсковай тэхнікі.
Пасля здачы Херсона расійскія ўлады прызначылі адміністрацыйнай сталіцай акупаванай часткі Херсонскай вобласці горад Генічэск. Пра гэта паведамляюць прапагандысцкія дзяржаўныя агенцтвы са спасылкай на прадстаўніка мясцовай адміністрацыі Аляксандра Фаміна: «На сёння часовай адміністрацыйнай сталіцай Херсонскай вобласці з'яўляецца Геническ. Там сканцэнтраваныя ўсе асноўныя органы ўлады».
Выканаўчы дырэктар ДТЭК Дзмітрый Сахарук заявіў, што расійцы цалкам знішчылі энергетычную сістэму Херсона. Ён нагадаў, што пасля дэакупацыі Кіеўскай вобласці аднаўленне энергасістэмы заняло 30 дзён. Столькі ж, паводле яго слоў, хутчэй за ўсё, будзе працягвацца праца на акупаванай частцы тэрыторыі Херсонскай вобласці.
12 лістапада Украіну зноў чакаюць планавыя адключэння электраэнергіі. Гэтыя меры закрануць Кіеў, Кіеўскую, Чарнігаўскую, Чаркаскую, Жытомірскую, Сумскую, Харкаўскую і Палтаўскую вобласці. «У іншых абласцях Украіны адключэнні не прагназуюцца», — гаворыцца ў паведамленні НЭК «Укрэнерга», апублікаваным у Telegram.