374-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі ва Украіне. Навіны апошніх сутак

Расійскія салдаты сумесна з «вагнераўцамі» прасоўваюцца ўглыб Бахмута; узрасла колькасць ахвяр начнога абстрэлу Запарожжа — галоўныя навіны з украінскага фронту на дадзены момант. 

Ратавальнікі разбіраюць завалы ў Запарожжы. Фота: Дзяржаўная служба Украіны па надзвычайных сітуацыях

Ратавальнікі разбіраюць завалы ў Запарожжы. Фота: Дзяржаўная служба Украіны па надзвычайных сітуацыях

***

Ноччу пад артылерыйскі абстрэл з боку расійскіх сіл трапіла Марганецкая абшчына, а раніцай войскі РФ абстралялі Нікапаль Днепрапятроўскай вобласці, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак. Паводле яго слоў, у выніку абстрэлу ў Нікапалі ўспыхнуў пажар гаспадарчай пабудовы, пашкоджаныя прыватнае прадпрыемства, чатыры дамы, абарваная лінія электраперадач. Ніхто не пацярпеў.

***

У выніку ўдару расійскай ракеты па жылым доме ў Запарожжы ў ноч з 2 на 3 сакавіка загінулі прынамсі 10 чалавек, паведаміла ўкраінская Дзяржаўная служба па надзвычайных сітуацыях (ДСНС).

«Па стане на 07:00 4 сакавіка ратавальнікі дасталі целы яшчэ траіх загінулых жыхароў дома. Агулам з-пад завалаў дома ратавальнікі дасталі целы 10 загінулых, з якіх адно — дзіця», — гаворыцца ў заяве ведамства.

У Запарожскай абласной адміністрацыі раней заявілі, што ўдар быў нанесены зенітна-ракетным комплексам С-300.

***

Генштаб УСУ сцвярджае, што за мінулыя суткі ўкраінскія абаронцы адбілі больш за 150 нападаў праціўніка на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках, на наступе на якіх сканцэнтраваны асноўныя намаганні расійскіх сіл. Па ўкраінскіх пазіцыях і грамадзянскай інфраструктуры было нанесена 32 авіяцыйныя і 6 ракетных удараў, 84 абстрэлы з РСЗА.

У ранішняй аператыўнай зводцы Генштаба сказана, што ўкраінская авіяцыя нанесла 14 удараў па раёнах засяроджання расійскіх акупантаў і 2 удары — па зенітна-ракетных комплексах на агнявых пазіцыях. Былі збітыя расійскі самалёт Су-34 і 8 выведвальных і ўдарных БПЛА розных тыпаў. Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі разбілі пункт кіравання, 3 раёны засяроджання праціўніка, склад боепрыпасаў, 2 склады ГЗМ, а таксама станцыю радыёэлектроннай барацьбы.

***

Паводле звестак тэлеграм-каналаў «Astra» і «Baza», раніцай 3 сакавіка начынены выбухоўкай беспілотнік урэзаўся ў пусты рэзервуар для нафтапрадуктаў ёмістасцю 3000 тон у пасёлку Разумнае Белгародскай вобласці. У выніку выбуху ў рэзервуары ўтварылася дзірка плошчай 1 квадратны метр, адзначае «Baza». З падстанцыі эвакуявалі чатырох чалавек, ніхто не пацярпеў.

***

Рэгулярныя сілы расійскай арміі і «групы Вагнера» працягваюць прасоўвацца на паўночных ўскраінах Бахмута, пры гэтым Украіна ўмацоўвае гэты раён элітнымі падраздзяленнямі, паведамляе Мінабароны Вялікабрытаніі са спасылкай на выведданыя. У штодзённай зводцы ведамства гаворыцца, што горад падвяргаецца расійскім нападам з трох бакоў, а за апошнія 36 гадзін у Бахмуце былі разбураныя два ключавыя масты, у тым ліку жыццёва важны мост, які злучае горад з апошнім сур'ёзным маршрутам забеспячэння Бахмута з Часовага Яра.

***

Улады Харкаўскай вобласці абвясцілі частковую эвакуацыю ў Купянска. Гэты горад ўкраінская армія вызваліла мінулай восенню. Цяпер лінія фронту зноў набліжаецца да горада, і ўкраінскія ўлады асцерагаюцца, што расійскія войскі могуць паспрабаваць зноў захапіць Купянск. Адначасова з гэтым украінскія сілы рыхтуюцца да адводу войскаў з Бахмута, мяркуюць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны.

Паводле інфармацыі ўкраінскага Мінабароны, у практычна акружаны расійскімі сіламі Бахмут прыбыў камандуючы Сіл спецыяльных аперацый (ССА) УСУ генерал Віктар Харэнка. Падчас візіту ён праверыў стан войскаў, якія абараняюць горад, і камунікацыю паміж падраздзяленнямі.