593-ці дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну: расійцы зноў у Марыупалі, украінцы вызвалілі каля 125 кв. км Данеччыны
За мінулыя суткі ў выніку абстрэлаў тэрыторыі Украіны войскамі РФ былі забіты як мінімум 22 мірныя жыхары. На фронце адбылося 37 баявых сутыкненняў.
***
Расійскія вайскоўцы актывізавалі працы па мініраванні ў раёне Рабоціна і Вербавага ў Запарожскай вобласці, пішуць аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) са спасылкай на паведамленні ў расійскіх Telegram-каналах.
Адзначаецца, што расійскія войскі пачалі мініраваць раней вычышчаныя ўчасткі, каб дамагчыся «тактычнай нечаканасці». Паводле паведамленняў расійскіх «ваенкараў», на якія спасылаецца ISW, мініраванне ў гэтым раёне ў апошнія дні парушыла лагістыку ўкраінскіх сіл, перавозку цяжкіх грузаў і абсталявання.
Агулам наступленне восені і пагаршэнне ўмоў надвор'я пачало аказваць уплыў на ваенныя дзеянні як украінскіх, так і расійскіх сіл, звяртаюць увагу ў ISW. Так, прадстаўнік Таўрычаскай групоўкі войскаў Украіны Аляксандр Штупун заявіў, што актыўнасць расійскіх беспілотнікаў і авіяцыі ў апошнія дні знізілася праз дрэннае надвор'е.
Расійскія «ваенкары» таксама сцвярджаюць, што пагаршэнне ўмоў надвор'я на бахмуцкім і запарожскім кірунках уплывае на ўкраінскія наступальныя аперацыі, а таксама на расійскую паветраную выведку. Прадстаўнік Усходняй групоўкі войскаў УСУ Ілля Еўлаш пацвердзіў, што дрэннае надвор'е можа паўплываць на працу беспілотнікаў і авіяцыі, але заявіў, што гэта не спыніць контрнаступленне Украіны.
***
Спецназ Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны тройчы спрабаваў вызваліць горад Энергадар і Запарожскую АЭС, але ўсе аперацыі завяршыліся няўдачай, пацвердзіў у інтэрв'ю выданню «NV» кіраўнік упраўлення Кірыл Буданаў.
Паводле яго слоў, у жніўні 2022 года спецназаўцы пераплылі на хуткаходных лодках Кахоўскае вадасховішча ў раёне Энергадара, каб стварыць на левым беразе плацдарм, прыдатны для далейшага вызвалення горада і ЗАЭС. У выніку вайскоўцам давялося адступіць праз недахоп артылерыйскай падтрымкі.
Спецназ ГУР яшчэ двойчы спрабаваў высадзіцца на левым беразе, а ў апошняй з гэтых спроб удзельнічалі некалькі соцень чалавек, але дамагчыся поспеху, паводле слоў Буданава, не ўдалося праз «кіраўнічыя і выканаўчыя недахопы».
***
Брытанская вайсковая выведка ў сваёй штодзённай зводцы апісвае баі ў Данецкай вобласці, перамогі і няўдачы абодвух ваюючых бакоў.
Аўтары зводкі адзначаюць, што на захад ад горада Угледар у сяле Вялікая Навасёлка за апошнія чатыры тыдні стала адносна ціха, а баявыя дзеянні з моманту іх пачатку ў чэрвені-ліпені 2023 года сталі значна менш інтэнсіўнымі.
За лета Украіна, гледзячы па ўсім, вызваліла ў Данецкай вобласці не менш за 125 кв. км тэрыторыі.
Украінскія аперацыі на гэтым участку скавалі перамяшчэнні 36-й і 5-й агульнавайсковых армій Усходняй вайсковай акругі Расіі, не дазваляючы ім узмацняць контратакі на іншых кірунках. Акрамя гэтага, некаторым расійскім паветрана-дэсантным падраздзяленням давялося адступаць.
Нягледзячы на тое, што ўкраінская армія замацавала свае пазіцыі ў гэтым раёне, расійскія войскі, верагодна, застануцца ў абарончай пазіцыі, каб абараніцца ад магчымых будучых украінскіх наступальных аперацый. Малаверагодна, што ў бліжэйшыя шэсць тыдняў адбудзецца істотны адток расійскіх сіл з гэтага кірунку, заключаюць брытанскія аналітыкі.
***
Гэтай зімой украінскія сістэмы СПА будуць сканцэнтраваны на абароне аб'ектаў энергетычнага сектара, паведаміў спікер паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат.
«Гэтыя сістэмы будуць узмацняць тыя ж кірункі, якія і былі летась. Зразумела, што стаўка будзе зроблена на аб'екты энергетыкі, у ацяпляльны сезон энергетычна-паліўнага сектара ў цэлым, а таксама на стратэгічныя аб'екты дзяржавы і аб'екты крытычнай інфраструктуры», — сказаў Ігнат у эфіры ўкраінскага нацыянальнага тэлемарафону.
Паводле яго слоў, восень і зіма стануць рэкорднымі па колькасці «шахедаў», якія запускае Расія. Ігнат нагадаў, што толькі за верасень было выпушчана больш за 500 ударных дронаў.
«Хачу нагадаць, што за шэсць месяцаў ацяпляльнага сезона ў мінулым годзе, у 2022-23 гадах, супраць Украіны было выкарыстана больш за тысячу БПЛА тыпу «Shahed». А цяпер — ужо паўтысячы ўсяго за адзін месяц. Зразумела, што супраць гэтай зброі трэба таксама сур'ёзна падрыхтавацца», — дадаў ён.
***
Расія перакінула ў часова акупаваны Марыупаль і раён каля 5 тысяч новых рэзерваў. Галоўнае іх адрозненне — дзве гарматы на шаўронах.
Пра гэта паведамляе «РБК-Украіна» са спасылкай на заяву дарадцы мэра Марыупаля Пятра Андрушчанкі.
«Чарговы рэзерв жывой сілы пераведзены ў Марыупаль і раён. Зафіксавана прыбыццё новасфарміраваных і / або нованабраных расійскіх падраздзяленняў. На шаўронах — дзве гарматы, — расказаў ён. — У цэлым гаворка ідзе пра колькасць да 5 тысяч. Апошняе падобнае ўвядзенне новых рэзерваў фіксавалася ў красавіку 2023 года».
***
За мінулыя суткі праз дзеянні расійскіх вайскоўцаў загінулі як мінімум двое мірных жыхароў Украіны, яшчэ 22 чалавекі былі паранены, піша «Бі-бі-сі», спасылаючыся на звесткі абласных вайсковых адміністрацый.
Адзін чалавек загінуў у Херсонскай вобласці, 18 паранены, у тым ліку два дзіцяці. Там украінскія вайскоўцы зафіксавалі 53 абстрэлы з артылерыі і мінамётаў.
У Данецкай вобласці 8 кастрычніка паранілі чатырох жыхароў горада Канстанцінаўкі.
У Ваўчанску ў Харкаўскай вобласці загінула жанчына.
***
Сілы абароны працягваюць наступ на Мелітопальскім кірунку, маюць частковы поспех у раёнах на захад ад Вербавага Запарожскай вобласці. На бахмуцкім кірунку УСУ маюць частковы поспех у раёнах Кляшчыеўкі і Андрэеўкі, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.
За мінулыя суткі на фронце адбылося 37 баявых сутыкненняў. На купянскім кірунку сілы абароны адбілі атакі ворага ў раёнах Сінькоўкі і Іванаўкі Харкаўскай вобласці; на ліманскім — у раёне Макееўкі Луганскай вобласці; на бахмуцкім — на поўнач ад Багданаўкі, Кляшчыеўкі і Андрэеўкі; на аўдзееўскім і мар'інскім — у раёнах Аўдзееўкі, Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці.
***
Генштаб УСУ агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 9 кастрычніка:
- асабовага саставу — каля 282 630 (+350) чалавек,
- танкаў — 4823 (+2),
- баявых браніраваных машын — 9126 (+3),
- артылерыйскіх сістэм — 6706 (+1),
- РСЗА — 808 (+0),
- сродкаў СПА — 543 (+1),
- самалётаў — 315 (+0),
- верталётаў — 316 (+0),
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 5190 (+0),
- крылатых ракет — 1530 (+0),
- караблёў / катэраў — 20 (+0),
- падводных лодак — 1 (+0),
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрн — 9113 (+2),
- спецыяльнай тэхнікі — 959 (+0).
Авіяцыя Сіл абароны нанесла 3 удары па раёнах засяроджвання асабовага саставу, узбраення і ваеннай тэхнікі. Падраздзяленні ракетных войскаў УСУ разбілі 3 артылерыйскія сродкі, 2 радыёлакацыйныя станцыі, 2 раёны засяроджвання асабовага саставу і 2 склады боепрыпасаў праціўніка.