654-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўныя навіны на сёння
Апошнія звесткі з украінскага фронту.
***
8 снежня расійскія войскі вялі наступальныя аперацыі паблізу Аўдзееўкі і пацвердзілі наступ: захапілі ачышчальныя збудаванні Аўдзееўкі, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 8 снежня, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся да ачышчальных збудаванняў на поўдзень ад Краснагораўкі (5 км на паўночны захад ад Аўдзееўкі).
Таксама ISW паведамляе са спасылкай на расійскія крыніцы, што 7 і 8 снежня расійскія войскі прасунуліся ў кірунку Новакалінава (13 км на паўночны ўсход ад Аўдзееўкі), да наваколля Аўдзееўскага коксахімічнага завода на паўночны захад ад Аўдзееўкі і ў прамысловай зоне на паўднёвы ўсход ад Аўдзееўкі.
Генштаб Украіны паведаміў, што расійскія войскі беспаспяхова атакавалі на ўсход ад Новабахмутаўкі (9 км на паўночны захад ад Аўдзееўкі); на поўдзень ад Тоненькага (5 км на захад ад Аўдзееўкі); паблізу Стэпавога, Аўдзееўкі і Першамайскага (10 км на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі).
Расійскія крыніцы таксама сцвярджалі 7 і 8 снежня, што войскі РФ атакавалі на поўнач ад Аўдзееўскага коксахімічнага завода і паблізу Ачарэціна (15 км на паўночны захад ад Аўдзееўкі), Новакалінава, Севернага (6 км на захад ад Аўдзееўкі і прамысловай зоны).
8 снежня працягваліся пазіцыйныя баі на напрамках Вадзяное (7 км на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі) і Тоненькае.
***
Расійская армія раніцай 9 снежня каля 10:20 ударыла па Берыславе Херсонскай вобласці з беспілотніка, паведаміла Херсонская АВА.
У выніку скіду выбуховага прадмета загінуў адзін чалавек. Яшчэ адзін атрымаў асколачнае раненне. Пацярпеламу аказваецца медыцынская дапамога. Абодва цывільныя ў момант атакі ішлі па вуліцы.
Інфармацыі пра разбурэнні няма.
***
Вечарам 8 снежня Нікалаеў падвергнуўся ракетнаму ўдару: расійцы папалі па адкрытай тэрыторыі ў ваколіцах горада.
Параненых і загінулых няма.
Таксама позна ўвечары і раніцай 9 снежня ў 06:43 вораг наносіў артылерыйскія абстрэлы па Ачакаве Ачакоўскай грамады. Паводле папярэдняй інфармацыі, разбурэнняў і пацярпелых таксама няма.
***
Цэнтральны раённы суд Омска арыштаваў да 30 студзеня грамадзяніна Беларусі Сяргея Ерамеева, які абвінавачваецца ў падрыве двух цягнікоў на Байкала-Амурскай магістралі ў канцы лістапада.
Паводле звестак ТАСС, у судзе Ерамееў заявіў, што хацеў паралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць перавозцы ваенных грузаў. «Я напісаў у тлумачэнні, што праз БАМ цяпер вязуць боепрыпасы. Галоўная мэта была — перашкодзіць руху», — цытуе ТАСС словы абвінавачанага.
З матэрыялаў справы вынікае, што ўдзельнікі «арганізаванай злачыннай групы» ў кастрычніку і лістападзе гэтага года перадалі яму не менш за сем неўстаноўленых выбуховых прылад — выбухоўку ён атрымаў у Беларусі і правёз на Далёкі Усход, піша «Бі-бі-сі».
У ноч на 30 лістапада ў Паўночнамуйскім тунэлі Байкала-Амурскай магістралі адбыўся выбух — загарэлася адна з цыстэрн грузавога састава. Пасля гэтага цягніка пусцілі ў абыход, і на абыходным шляху выбухнуў яшчэ адзін састаў. Украінскія СМІ са спасылкай на крыніцы паведамлялі, што за аперацыяй можа стаяць Служба бяспекі Украіны.
Суразмоўца «Украінскай праўды» звяртаў увагу, што Паўночнамуйскі тунэль выкарыстоўваецца ў тым ліку для вайсковых паставак. Тунэль быў адкрыты ў 2003 годзе і з'яўляецца самым доўгім чыгуначным тунэлем у Расіі, яго працягласць больш за 15 км.
***
У Крым з 2014 года незаконна прыбылі да 800 000 грамадзян Расіі, а каля 100 000 украінцаў пакінулі паўвостраў, паведамляе Украінскі Хельсінскі саюз па правах чалавека (УХСПЧ).
Паводле інфармацыі аналітыкаў УХСПЧ, на тэрыторыі акупаванага паўвострава ключавымі элементамі палітыкі акупантаў, якая змяніла дэмаграфію, было:
- льготнае іпатэчнае крэдытаванне;
- перамяшчэнне расійскіх вайскоўцаў, праваахоўнікаў, дзяржаўных, медыцынскіх і адукацыйных работнікаў, суддзяў і іх сем'яў;
- выправаджэнне ўкраінцаў на мацерыковую частку Украіны;
- стымуляванне пераезду ўкраінцаў на расійскую тэрыторыю.
Паводле інфармацыі аналітыкаў Хельсінкскага саюза, ідэнтычную палітыку дзяржава-агрэсар праводзіць на іншых акупаваных тэрыторыях пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання.
Але на дадзены момант каланізацыйная палітыка не такая паспяховая, як у Крыме, паколькі інтэнсіўнасць баявых дзеянняў не дазваляе матываваць грамадзянскіх расійцаў масава перамяшчацца на акупаваныя тэрыторыі.
***
Расійскія акупанты страцілі ва Украіне яшчэ 900 сваіх вайскоўцаў за суткі 8-9 снежня, паведаміў Генштаб УСУ.
Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 09.12.23 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 338 120 (+900) чалавек;
- танкаў — 5632 (+6) адз.;
- баявых браніраваных машын — 10 519 (+11) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 8058 (+1) адз.;
- РСЗА — 919 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 605 (+0) адз.;
- самалётаў — 324 (+0) адз.;
- верталётаў — 324 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 6 136 (+0);
- крылатых ракет — 1 585 (+14);
- караблёў / катэраў — 22 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 10 598 (+7) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 1159 (+0).
***
На Аўдзееўскім кірунку ўкраінскія абаронцы паспяхова адбілі 35 нападаў, а на Мар'інскім кірунку — 24 атакі.
За мінулыя суткі адбылося 95 баявых сутыкненняў. Увогуле вораг нанёс 28 ракетных і 27 авіяцыйных удараў, здзейсніў 59 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.
У выніку расійскіх тэрарыстычных нападаў ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнням і пашкоджанням падвергліся прыватныя жылыя дамы і іншая грамадзянская інфраструктура. Авіяцыйным ударам падвергліся Харкаўская, Луганская, Данецкая вобласці. Пад артылерыйскім агнём аказаліся больш за 100 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.