709-ты дзень вайны: «Шахеды» ва Украіне і ўдары па культурным помніку
Што адбылося 1 лютага на расійска-ўкраінскім фронце: сабралі важную інфармацыю.
***
Пуцін заявіў, што Расія плануе, каб акупаваныя тэрыторыі Украіны былі на адным узроўні з Расіяй у нявызначаных «ключавых абласцях» да 2030 года.
Паводле яго слоў, Расія прыступае да рэалізацыі доўгатэрміновых планаў і не прадугледжвае ніякіх тэрытарыяльных саступак. Акрамя гэтага, Пуцін заклікаў расійскія банкі не баяцца заходніх санкцый і актывізаваць працу на акупаваных тэрыторыях і адзначыў, што суб'екты РФ наладзілі патранатныя сеткі з акупаванымі рэгіёнамі Украіны.
***
Уначы 2 лютага расіяне запусцілі па Украіне 24 ударныя беспілотнікі тыпу «Shahed-136/131», амаль палову з іх сілам СПА ўдалося знішчыць. Ворагу ўдалося трапіць у інфраструктурны аб'ект у Кіраваградскай вобласці. Людзі не пацярпелі.
***
Адна з падстанцый НЭК «Укрэнерга» атрымала пашкоджанні ў выніку начной атакі расійскімі беспілотнікамі. З-за гэтага жыхары Крывога Рогу засталіся без святла, некаторыя прамысловыя прадпрыемствы таксама абясточаны. Праз абясточванне дзвюх шахт пад зямлёй засталіся больш за 100 рабочых.
***
1 лютага расійскія войскі нанеслі авіяўдар па тэрыторыі помніка нацыянальнага значэння Каменская Сеч, які ўваходзіць у склад Нацыянальнага запаведніка «Хорціца» ў Херсонскай вобласці.
Каменская Сеч — адзін з апошніх адміністрацыйных і ваенных цэнтраў Войска Запарожскага Нізавога ў часы яго знаходжання пад пратэкцыяй Крымскага ханства ў першай трэці 18 стагоддзя.
Відэа абстрэлу Каменскай Сечы з'явілася ў расійскіх тэлеграм-каналах. На кадрах відаць, як падчас абстрэлу на культурным аб'екце прагрымелі тры магутныя выбухі.
***
Сілы спецыяльных аперацый УСУ сумесна з ракетна-артылерыйскім падраздзяленнем Сіл абароны знішчылі дзве расійскія рэактыўныя сістэмы залпавага агню БМ-21 «Град».
***
Вораг абстраляў Нікапаль з артылерыі і беспілотнікаў-камікадзэ. Таксама беспілотнікі наносілі ўдары па Марганецкай, Міроўскай, Пакроўскай сельскіх абшчынах. Усяго ў раёне пашкоджаны 9 прыватных дамоў і 2 гаспадарчыя пабудовы. Разбурана сельгаспрадпрыемства, пашкоджаны гаражы і аўтамабілі, лініі электраперадачы.
Таксама паведамляецца, што ракета трапіла ў раён Новамаскоўска, там узнік пажар. У выніку абстрэлаў Днепрапятроўскай вобласці пацярпелых і ахвяр няма.
***
Вайскоўцы УСУ ўпершыню атрымалі камплекты летніх палявых касцюмаў, якія выраблены з улікам жаночых антрапаметрычных параметраў.
Ва ўкраінскай арміі служаць дзясяткі тысяч жанчын, каля 5 тысяч з іх — на перадавой, і іх колькасць будзе расці.
Касцюмы вырабляюцца ў памерах ад 40 да 64, ад 146 да 188 сантыметраў і ў дзвюх групах паўнаты: II і III. Мадэлі распрацоўвала адпаведнае падраздзяленне УСУ разам з грамадскімі арганізацыямі і ўкраінскімі вытворцамі. Яны праходзілі вайскова-даследчыя выпрабаванні ў адной з вайсковых часцей.
***
Ноччу быў знішчаны ракетны катэр, які ахоўваў пункт базіравання ў пасёлку Новаазёрнае. На борце знішчанага расійскага ракетнага катэра «Іванавец» маглі знаходзіцца да 40 маракоў. Пра гэта паведамілі ваенна-марскія сілы УСУ. Паводле інфармацыі вайскоўцаў, гэта істотная страта для расіян з прычыны наяўнасці толькі трох такіх катэраў у складзе Чарнаморскага флоту РФ.