751-шы дзень вайны: 27 збітых дронаў і перамовы Зяленскага з Шольцам

Што адбываецца на фронце расійска-ўкраінскай вайны? Сабралі самае галоўнае за суткі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

***

У Вінніцкай вобласці расійскі БПЛА трапіў у жылы дом.

У выніку варожай атакі загінуў 52-гадовы мужчына, яго 53-гадовая жонка памерла ў бальніцы. Іх 26-гадовага сына ўдалося дастаць з-пад завалаў. Цяпер яму аказваецца медыцынская дапамога. На месцы здарэння працуюць усе службы. Працягваюцца работы па разбору завалаў.

***

Паветраныя сілы УСУ ўдакладнілі, што ў ноч на 15 сакавіка акупанты ўдарылі 7 зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300/С-400 па Харкаўшчыне і Данецкай вобласці, адной кіраванай авіяцыйнай ракетай Х-59 па Палтаўшчыне і 27 ударнымі БПЛА тыпу «Shahed» па Украіне.

Усе 27 варожых дронаў удалося збіць.

«Шахеды» знішчалі ў межах Кіраваградскай, Мікалаеўскай, Харкаўскай, Херсонскай, Хмяльніцкай, Вінніцкай і Кіеўскай абласцей.

***

У ноч на 15 сакавіка ўкраінскія беспілотнікі атакавалі прадпрыемства «Первый завод» у Калужскай вобласці РФ, якое займаецца перапрацоўкай нафты. Дроны дасягнулі пастаўленай мэты.

***

43-гадовы жыхар горада Куп'янска Харкаўскай вобласці загінуў у выніку падрыву на міне на ўласным агародзе. Мужчына памёр па дарозе ў бальніцу.

***

РФ атакавала тэлевізійную і радыёінфраструктуру на Харкаўшчыне і Сумшчыне.

У ноч на чацвер расійскія агрэсары вялі масіраваны абстрэл аб'ектаў тэлевізійнай інфраструктуры Харкаўшчыны. Таксама артылерыйскім і мінамётным ударам ворага падвергліся каля 15 населеных пунктаў вобласці.

Таксама на Сумшчыне агрэсары нанеслі ракетна-авіяцыйныя ўдары па радыётэхнічных аб'ектах. Былі выведзеныя са строю перадатчыкі тэлерадыёвяшчання ў Сумах, Шостцы, Белаполлі і Трасцянцы. Заяўлялася, што з прычыны пашкоджанняў частка тэрыторыі вобласці часова не можа прымаць украінскі тэлевізійны і радыёсігнал. Магчымыя перабоі з мабільнай сувяззю. Аднак пасля абеду мабільная сувязь была адноўленая. Карыстальнікаў радыё і тэлевяшчання перавялі на кабельнае вяшчанне. 

***

Баі за расійскую Белгародчыну: паўстанцы абвясцілі аб стварэнні гуманітарнага калідора.

Трэці дзень у Курскай і Белгародскай абласцях працягваецца рэйд расійскіх добраахвотнікаў. У гэтых рэгіёнах РФ фіксуюцца актыўныя баі і выбухі.  У самім Белгарадзе ў выніку некалькіх абстрэлаў загінулі два чалавекі, яшчэ 17 атрымалі раненні. У горадзе зачынілі ўсе ТРЦ, а мясцовае насельніцтва спрабуе самастойна эвакуявацца. Увечары ў чацвер Легіён «Свабода Расіі», РДК і Сібірскі батальён анансавалі новую масіраваную атаку па расійскіх вайскоўцах у Курскай і Белгародскай абласцях. У сувязі з чым добраахвотнікі адкрылі гуманітарны калідор для грамадзянскіх і расійскіх вайскоўцаў з 21:00 чацвярга да 7:00 15 сакавіка. У той жа час прадстаўнік Галоўнай управы выведкі Міністэрства абароны Украіны Андрэй Юсаў заявіў, што расійскія ўлады не выпускаюць людзей з Белгародскай вобласці, а хочуць выкарыстоўваць іх як «жывы шчыт».

***

Украіна атрымае $10 млрд за два месяцы.

У сакавіку-красавіку Украіна можа атрымаць да $10 млрд ад заходніх партнёраў. Пра гэта паведаміў Нацыянальны банк. Адзначаецца, што Украіна разлічвае атрымаць у сакавіку ад ЕС 4,5 млрд еўра, ад Канады 1,5 млрд долараў, ад Сусветнага банка 1,5 млрд долараў, ад МВФ 900 млн долараў. Яшчэ 1,5 млрд еўра ЕС прадаставіць у красавіку.

***

Зяленскі правёў важныя перамовы з Шольцам.

Уладзімір Зяленскі і Олаф Шольц скаардынавалі пазіцыі напярэдадні сустрэчы лідараў Веймарскага трохвугольніка. Таксама лідары дзяржаў абмеркавалі далейшае палітычнае, эканамічнае і абароннае супрацоўніцтва Украіны і Германіі. Асобную ўвагу надалі пытанню лакалізацыі абароннай вытворчасці ва Украіне. Прэзідэнт таксама паведаміў аб прыярытэтных патрэбах УСУ ў бронетэхніцы, артылерыі і СПА. 

***

Генеральны дырэктар нямецкага зброевага канцэрна Rheinmetall Армін Папергер падчас прэзентацыі вынікаў дзейнасці кампаніі за 2023 год абвясціў аб планах стварыць ва Украіне па меншай меры чатыры заводы — AFP. Заводы Rheinmetall ва Украіне будуць вырабляць снарады, вайсковую тэхніку, порах і зенітную зброю.

***

За мінулыя суткі сілы абароны Украіны абясшкодзілі 580 акупантаў, 11 баявых браніраваных машын, а таксама 15 артылерыйскіх сістэм, паведамляе Генштаб.

Агульныя баявыя страты акупантаў з 24.02.22 па 15.03.24 арыентыровачна склалі:

  • асабовага складу — каля 428 420 (+580) чалавек,
  • танкаў — 6758 (+1) адз.,
  • баявых браніраваных машын — 12 949 (+11) адз.,
  • артылерыйскіх сістэм — 10 580 (+15) адз.,
  • РСЗА — 1017 (+0) адз.,
  • сродкаў СПА — 717 (+0) адз.,
  • самалётаў — 347 (+0) адз.,
  • верталётаў — 325 (+0) адз.,
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 8254 (+34) адз.,
  • крылатых ракет — 1920 (+0) адз.,
  • караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.,
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.,
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 13 993 (+34) адз.,
  • спецыяльнай тэхнікі — 1711 (+3) адз.