773-ці дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае за суткі

Працягваюцца абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі, у выніку якіх ёсць загінулыя і пацярпелыя. Украіна ў адказ абстрэльвае Белгародскую вобласць.

70da5a2_shahed1300naev_690x387.avif

***

ISW пакуль не знайшоў ніякіх візуальных пацверджанняў таго, што ўкраінскія войскі нанеслі шкоду або разбурылі самалёты ці аб'екты інфраструктуры ні на адной з чатырох авіябаз, якія атакавалі беспілотнікі ў ноч на пятніцу. 

Ваенныя аналітыкі адзначылі, што геалакацыйныя кадры паказваюць выбухі і актывацыю расійскіх сродкаў супрацьпаветранай абароны на ўсіх авіябазах, акрамя авіябазы пад Ейскам. 

Спадарожнікавыя здымкі, атрыманыя 4 красавіка, паказваюць на тое, што на авіябазе ў Энгельсе было:

  • тры цяжкія стратэгічныя бамбавікі Ту-160, пяць стратэгічных бамбавікоў Ту-95, транспартны самалёт Іл-76 і бамбавік Ту-22; 
  • дзесяць вучэбна-баявых самалётаў Л-39, пяць транспартных самалётаў Ан-26, транспартны самалёт Ан-74, транспартны самалёт Ан-12, чатыры самалёты Су-27, чатыры самалёты Су-25, адзін самалёт Су-30, некалькі верталётаў Ка-52 і Мі-8 на авіябазе Ейск; 
  • 29 самалётаў, у асноўным Су-34, на аэрадроме Марозаўск. 

ISW таксама заўважыў, што ўкраінскія ўдары з беспілотнікаў, як правіла, нацэленыя толькі на асобныя авіябазы ў Расіі, і здольнасць Украіны нанесці ўдар па чатырох асобных авіябазах у адной серыі удараў з'яўляецца заўважным павелічэннем магчымасцей.

ISW лічыць, што ўкраінскія ўдары па цэлях на тэрыторыі Расіі з'яўляюцца неабходным кампанентам ўкраінскай кампаніі па дэградацыі галін прамысловасці, якія падтрымліваюць расійскія ваенныя намаганні і ваенны патэнцыял.

Расійскія войскі рэгулярна выкарыстоўваюць стратэгічныя бамбавікі Ту-95, размешчаныя на авіябазе Энгельс, для запуску крылатых ракет Х-101/Х-555 па цэлях ва Украіне, і па стане на 2023 год расійскія вайскоўцы мелі прыкладна 60 самалётаў Ту-95. Калі ўдар пацвердзіцца, магчымая страта прыкладна пяці адсоткаў расійскіх стратэгічных бамбавікоў Ту-95 у выніку аднаго ўдару будзе адчувальнай.

***

У ноч на суботу расійскія ракеты папалі ў аграпрамысловае прадпрыемства на Херсоншчыне: пажар аператыўна ліквідавалі. Людзі не пацярпелі. Перад світаннем расійцы ўдарылі ракетамі па Запарожжы: пацярпела прамысловасць рэгіёну, паведамляюць сілы абароны поўдня

Пашкоджаныя вытворчыя будынкі. Здарыўся пажар. Папярэдне, людзі цэлыя. Наступствы атакі і тып ракет удакладняюцца.

Вораг пашкодзіў мелітопальскі дом у Запарожжы — гэта месца, дзе на працягу амаль двух гадоў каманда Мелітопаля дапамагае дзясяткам тысячам перасяленцаў з акупацыі. 

Каля 5 гадзін працягвалася напружаная баявая праца сіл і сродкаў супрацьпаветранай абароны ў аперацыйнай зоне поўдня. РФ атакавала ўдарнымі беспілотнікамі тыпу «Shahed-131/136» з Паўднёвага напрамку. 

***

У ноч на 6 красавіка расійскія акупанты атакавалі 32 ударнымі БПЛА тыпу «Шахід», а таксама шасцю ракетамі розных тыпаў. СПА збіла дзве крылатыя ракеты Х-101/Х-555, крылатую ракету «Калібр» і 28 ударных БпЛА «Shahed-131/136».

Як паведамляюць паветраныя сілы УСУ,  вораг выкарыстаў тры зенітныя кіраваныя ракеты С-300 з Белгародскай вобласці, дзве крылатыя ракеты Х-101/Х-555 з самалётаў стратэгічнай авіяцыі з Саратаўскай вобласці і адну крылатую ракету «Калібр» з акваторыі Чорнага мора. 

***

Расійцы на працягу 5 красавіка нанеслі 14 ракетных і 107 авіяцыйных удараў, а таксама здзейснілі 137 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, піша Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы. 

«За мінулыя суткі адбылося 80 баявых сутыкненняў.

Агулам вораг нанёс 14 ракетных і 107 авіяцыйных удараў, здзейсніў 137 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях нашых войскаў і населеных пунктах.

Пад артылерыйскім агнём былі каля 110 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей».

***

Расійскія акупанты страцілі 790 чалавек на працягу 5 красавіка, а таксама дзясяткі адзінак разнастайнай тэхнікі.

Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 06.04.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 446 690 (+790) чалавек;
  • танкаў — 7057 (+24) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 13 497 (+38) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 11 262 (+41) адз.;
  • РСЗА — 1032 (+3) адз.;
  • сродкаў СПА — 749 (+2) адз.;
  • самалётаў — 347 (+0) адз.;
  • верталётаў — 325 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 8895 (+48);
  • крылатых ракет — 2060 (+1);
  • караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 14 992 (+70) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 1854 (+5).

***

У ноч на суботу расійскія войскі зноў абстралялі Харкаў. «У выніку начнога ўдару па Шаўчэнкаўскім раёне паводле стану на раніцу маем 6 загінулых і 10 параненых», — напісаў у тэлеграм-канале мэр Харкава Ігар Церахаў.

«Прылёт» дронаў-камікадзэ прыйшоўся па жылой забудове, пашкоджаны прынамсі дзевяць шматпавярховак, тры інтэрнаты, некалькі адміністрацыйных будынкаў, крама, аўтазапраўка і аўтасэрвіс.

У Херсонскай вобласці два чалавекі загінулі пасля расійскага авіяўдару, напісаў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін.

***

У выніку новага абстрэлу Белгарада ніхто не пацярпеў, заявіў раніцай у суботу губернатар Вячаслаў Гладкоў. Ён не ўдакладніў, якой зброяй абстрэльваўся абласны цэнтр.

Пашкоджанні, паводле яго слоў, атрымалі сем шматкватэрных дамоў. Гладкоў таксама пацвердзіў паведамленні пра пажар у прыватным доме ў пасёлку Дубовае.

Акрамя таго, у Белгарадзе пацярпеў адміністрацыйны будынак (тэлеграм-каналы пісалі пра пападанне ў басейн) і пяць аўтамабіляў.

«Напэўна, гэтая колькасць вырасце, калі ўласнікі выйдуць на вуліцу і ўбачаць пашкоджанні. На жаль, разлёт аскепкаў заўсёды вялікі. Пашкоджанняў аўтамабіляў у нас велізарная колькасць», — напісаў расійскі губернатар у тэлеграме.

Мінабароны Расіі заявіла, што раніцай над Белгародскай вобласцю сродкі СПА знішчылі 10 рэактыўных снарадаў РСЗА RM-70 Vampire. Мінабароны пры гэтым не каментуе наступствы абстрэлу, пра якія расказаў Гладкоў.