801-шы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: абвастрэнне становішча на фронце можа скончыцца абвальваннем украінскай абарончай лініі

Наступ расійскіх сіл у раёне вёскі Ачарэціна не ператварыўся пакуль у вельмі глыбокае прасоўванне, але ён дэманструе, з аднаго боку, стомленасць украінскай арміі, а з другога — узрослую здольнасць арміі расійскай рэагаваць на крызісы і карыстацца імі.

bc1c6440_0947_11ef_b75f_0d3be73511c6_logo.jpg

***

У шпіталях акупаванай Расіяй Луганскай вобласці пагражаюць адбіраць у маці нованароджаных дзяцей, калі ні адзін з бацькоў не зможа давесці, што яны маюць расійскае грамадзянства. Гэтыя дзеянні парушаюць артыкул II (d) Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).

Кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Арцём Лысагор паведаміў, што з 6 траўня мамы, якія нараджаюць у шпіталях акупаванай Луганскай вобласці, павінны будуць пацвярджаць грамадзянства Расійскай Федэрацыі хоць бы ў аднаго з бацькоў нованароджаных для выпіскі з лякарні. 

Аналітыкі ISW адзначылі, што калі гэтая справаздача праўдзівая, то такія дзеянні парушаюць артыкул II(d) Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду, якая вызначае генацыд як «увядзенне мер, накіраваных на прадухіленне нараджэння ў групе».

Расійскія акупацыйныя чыноўнікі працягваюць намаганні па мілітарызацыі і індактрынацыі ўкраінскай моладзі ў акупаванай Украіне. У так званай «ЛНР» 1 траўня заявілі, што распрацоўваюць новы падручнік, які выкладае найноўшую гісторыю акупаванай Луганскай вобласці ў адпаведнасці з расійскімі стандартамі адукацыі. 

Акупацыйны чыноўнік Запарожскай вобласці Уладзімір Рогаў 2 траўня заявіў, што нядаўна ў ваенна-патрыятычных гульнях расійскіх ваенна-патрыятычных моладзевых арганізацый «Рух першых» і «Юнармія» ў акупаваных Бярдзянску і Мелітопалі ўзялі ўдзел 200 дзяцей.

***

Выведка Вялікабрытаніі чакае, што найбліжэйшыя два месяцы страты РФ будуць большымі праз іх наступальныя аперацыі.

У ведамстве адзначаюць, што ў красавіку 2024 года сярэдняя штодзённая колькасць расійскіх страт (забітымі і параненымі) знаходзілася на ўзроўні 899.

«Верагодна, што ўзровень страт Расіі зноў павялічыцца на працягу наступных двух месяцаў, паколькі яны аднаўляюць наступальныя аперацыі ва Усходняй Украіне. Гэта вынікае за нязначным зніжэннем тэмпу аперацый на працягу апошніх двух месяцаў пасля падзення Аўдзееўкі», — гаворыцца ў аглядзе.

Як адзначае брытанская выведка, агульная колькасць расійскіх страт з пачатку ўварвання складае больш за 465 тысяч.

У ведамстве сцвярджаюць, што Расія адаптавала сваё войска да знясільваючага тыпу вядзення вайны, які больш налягае на колькасць, а не якасць.

«Гэты спадзеў на колькасць амаль напэўна будзе прадаўжацца цягам вайны і будзе мець доўгачасовыя наступствы для расійскага войска», — гаворыцца ў аглядзе.

***

Сітуацыя на фронце ва Украіне заўважна абвастрылася. Расійская армія змагла прарваць абарону УСУ на Данбасе, абстрэльвае Харкаў, наносіць удары па энергетычных аб'ектах на ўсёй тэрыторыі Украіны.

Наступ расійскіх сіл у раёне вёскі Ачарэціна не ператварыўся пакуль у вельмі глыбокае прасоўванне, але ён дэманструе, з аднаго боку, стомленасць украінскай арміі, а з другога — узрослую здольнасць арміі расійскай рэагаваць на крызісы і карыстацца імі.

Гэта адбылося ў той момант, калі ЗША з затрымкай у некалькі месяцаў ухвалілі ваенную дапамогу Украіне на 61 млрд. долараў.

«Бі-бі-сі» спрабуе ацаніць, як амерыканская дапамога можа паўплываць на здольнасць Украіны стрымліваць праціўніка і ці зможа, у сваю чаргу, расійскае войска не проста рэагаваць на паслабленне УСУ, але правесці маштабную наступальную аперацыю. Іншымі словамі, ці зменіцца характар вайны ў найбліжэйшай будучыні.

Страта прыгарада Данецка Аўдзееўкі ў лютым абярнулася для ўкраінскай арміі яшчэ большай няўдачай: напрыканцы красавіка расійскія войскі прарвалі лінію абароны ў раёне вёскі Ачарэціна, на якую адступілі УСУ, і працягваюць аказваць ціск на ўкраінскія сілы.

Больш за тое, як заявіў у інтэрв'ю часопісу «The Economist» намеснік кіраўніка Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі, паводле яго інфармацыі, у траўні-чэрвені Расія рыхтуе больш маштабны ўдар у раёне Харкава або ў Сумскай вобласці.

Цяпер ініцыятыва відавочна належыць расійскім войскам, і новага наступу асцерагаецца не толькі Скібіцкі — пра гэта папярэджваюць многія эксперты. Праўда, у іх развагах нямала пытанняў, і яны датычацца не толькі часу і месца, але таксама і таго, ці хопіць у Расіі сіл на паўнавартасны і поўнамаштабны наступ.

Актыўныя баявыя дзеянні пад Аўдзееўкай ставяць перад украінскім камандаваннем праблемы, якія патрабуюць тэрміновага вырашэння.

Расійцы пасля захопу Ачэрэціна працягваюць наступаць далей на захад у напрамку горада Пакроўска, але могуць таксама паспрабаваць пайсці на поўнач у бок Часавага Яра, каб акружыць украінскія войскі на суседнім участку.

Раней галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі ў сваім тэлеграм-канале напісаў, што «праціўнік дасягнуў пэўных тактычных поспехаў, але аператыўнай перавагі атрымаць не змог».

Аднак мы назіраем даволі сур'ёзнае абвастрэнне становішча, і яно можа скончыцца абвальваннем усёй украінскай абарончай лініі на Пакроўскім кірунку, піша «Бі-бі-сі».

***

За суткі на фронце адбылося 119 баявых сутыкненняў. Гарачэй за ўсё было на Аўдзееўскім (34 атакі) і Бахмуцкім (27 нападаў) кірунках, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ ў Facebook.

На працягу сутак вораг нанёс 5 ракетных і 105 авіяцыйных удараў, здзейсніў 91 абстрэл з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. 

Пасля расійскіх нападаў ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнням і пашкоджанням падвергліся прыватныя і шматкватэрныя дамы, аб'екты грамадзянскай інфраструктуры.

Авіяцыйным ударам падвергліся Сумская, Харкаўская, Луганская, Данецкая вобласці; таксама Рабоціна Запарожскай вобласці і Крынкі Херсонскай вобласці.

Пад артылерыйскім агнём былі больш за 110 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

Акрамя таго, за мінулыя суткі фронце былі забітыя і параненыя 1260 расійскіх акупантаў. Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 04.05.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 473 400 (+1260) чалавек;
  • танкаў — 7 366 (+12) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 14 156 (+27) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 12 148 (+46) адз.;
  • РСЗА — 1055 (+2) адз.;
  • сродкаў СПА — 788 (+2) адз.;
  • самалётаў — 348 (+0) адз.;
  • верталётаў — 325 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 9611 (+31);
  • крылатых ракет — 2 127 (+1);
  • караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 16 337 (+71) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 2 001 (+8).

***

У ноч на суботу супрацьпаветраная абарона Украіны знішчыла 13 ударных беспілотнікаў «Шахід» — усё, што запускаў вораг, паведаміў камандуючы паветраных сіл УСУ Мікалай Паляшчук у Telegram.  

Акрамя «Шахідаў», былі запушчаныя чатыры зенітныя кіраваныя ракеты С-300. Усе пускі ажыццяўляліся з Белгародскай вобласці Расіі.

У выніку баявой працы зенітныя ракетныя падраздзяленні паветраных сіл і мабільныя агнявыя групы сіл абароны Украіны знішчылі 13 ударных БпЛА ў Харкаўскай і Днепрапятроўскай абласцях.

***

Паводле звестак Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях, з-за начной масіраванай атакі ўдарнымі беспілотнікамі па Харкаве адбыліся 3 пажары па розных адрасах.

Па стане на раніцу 4 мая да гэтага часу працягваецца ліквідацыя наступстваў аьстрэду Харкава.

Самы вялікі пажар узнік у складскіх памяшканнях агульнай плошчай каля 3 тысяч квадратных метраў.

Паводле звестак уладаў, у выніку падзення абломкаў гарэлі двухпавярховы офісны і складскі будынкі, а таксама будынак шынамантажу.

***

У Паўлаградскім раёне Днепрапятроўшчыны збілі 5 «Шахідаў», але былі пашкоджаны аб'ект крытычнай інфраструктуры і тры прыватныя дамы, паведамляюць чыноўнікі Днепрапятроўскай вобласці.

Адзін з дамоў загарэўся. Пацярпелі мужчына і жанчына. Абодва шпіталізаваныя ў стане сярэдняй цяжкасці.

Таксама ўвечары і ўначы расійцы атакавалі Нікапальшчыну цяжкай артылерыяй, «Градам» і дронам-камікадзэ.

Пашкоджаныя камунальнае прадпрыемства, ліцэй, два шматпавярховікі, банк, лінія электраперадач. Ёсць паражэнне аб'ектаў крытычнай інфраструктуры.

Людзі не пацярпелі.

***

У ноч на 4 траўня расійскія войскі запусцілі па ўкраінскай тэрыторыі 13 ударных беспілотнікаў тыпу «Shahed-131/136» і чатыры зенітныя кіраваныя ракеты С-300, заявіла ўкраінскае камандаванне. Паводле яго звестак, усе беспілотнікі былі знішчаныя. Пра збітыя ракеты не паведамляецца.

У сваю чаргу, Мінабароны РФ заявіла, што над тэрыторыяй Крымскага паўвострава дзяжурнымі сродкамі СПА былі знішчаныя чатыры аператыўна-тактычныя ракеты «ATACMS».