АБСЕ: Беларусь не з'яўляецца ўдзельніцай узброенага канфлікту

АБСЕ не лічыць Беларусь удзельніцай узброенага канфлікту паміж Расіяй і Украінай. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе арганізацыі, з якім пазнаёмілася рэдакцыя радыё, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім. Даклад будзе прадстаўлены пастаяннаму Савету АБСЕ 13 красавіка.


«Узброены канфлікт паміж Расіяй і Украінай рэгулюецца міжнародным гуманітарным заканадаўствам аб міжнародных узброеных канфліктах, у прыватнасці чатырма Жэнеўскімі канвенцыямі і Дадатковым пратаколам I, якія абедзве краіны падпісалі», — тлумачацца юрыдычныя падставы дакладу.

У сваіх высновах эксперты АБСЕ сцвярджаюць, што па стане на 1 красавіка Беларусь нельга лічыць удзельніцай гэтай вайны:

«Нягледзячы на тое, што Беларусь дазваляе выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для расійскіх нападаў на Украіну, Місія лічыць, што на момант 1 красавіка яна не з'яўляецца ўдзельніцай міжнароднага ўзброенага канфлікту, пакуль сама не здзяйсняе актаў гвалту або іншых дзеянняў, якія з'яўляліся б прамым удзелам у баявых дзеяннях асобаў, якія прадстаўляюць Беларусь».

Украіна пракаментавала гэтыя высновы, спаслаўшыся на трэці артыкул рэзалюцыі 3314 Генеральнай Асамблеі ААН аб азначэнні агрэсіі. Як адзначаюць украінцы, «дзеянне дзяржавы, якая дазваляе сваёй тэрыторыі, якую яна перадала ў распараджэнне іншай дзяржавы, быць выкарыстанай для здзяйснення акту агрэсіі супраць трэцяй дзяржавы», лічыцца актам агрэсіі.

Украінскі бок падкрэсліў, што ёсць мноства пацверджаных фактаў, калі тэрыторыя Беларусі выкарыстоўвалася Расіяй для незаконных нападаў на тэрыторыю Украіны. Гэта і праход войскаў з паўднёва-заходняй Беларусі праз КПП Сенькаўка, і запуск ракет з тэрыторыі Беларусі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: