Батальён Каліноўскага абвясціў пра стварэнне палка з двух батальёнаў
Прадстаўнікі беларускага батальёна імя Кастуся Каліноўскага паведамілі пра пераход «да наступнай нацыянальнай вайсковай фармацыі».

У прыватнасці, абвешчана пра стварэнне беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага, у склад якога будуць уваходзіць батальёны «Ліцвін» і «Волат».
«Беларускі нацыянальны вайсковы чын працягвае ствараць гісторыю збройнага змагання. Шыхты нашых ваяроў няспынна пашыраюцца, гартуючыся ў выпрабаваннях. На сённяшні час мы канстатуем: беларускае вызвольнае войска — гэта фактар, які будзе мець уплыў на гістарычныя перамены ў нашай Бацькаўшчыне», — заявілі ў батальёне, які цяпер стаў палком.
Ад самага пачатку расійскай вайны ва Украіне беларускія добраахвотнікі далучыліся да шэрагаў абаронцаў Украіны. Сярод іх ёсць прыхільнікі як левых, так і правых рухаў, людзі з вайсковым досведам і без яго.
Самым вялікім і знакамітым беларускім падраздзяленнем украінскіх войскаў, што бярэ ўдзел у вайне ва Украіне, з’яўляецца Батальён імя Кастуся Каліноўскага. Касцяком падраздзялення сталі беларусы, якія яшчэ з 2014 года абаранялі Украіну ў вайне з Расіяй. У вайне Расіі супраць Украіны ўжо загінулі байцы батальёна Ілля Хрэнаў («Ліцвін»), Зміцер Апанасовіч («Тэрор»), Аляксей Скобля («Тур»), Зміцер Рубашэўскі («Ганс»), Канстанцін Дзюбайла («Беларус», «Фенікс», «Дранік»), Павел «Волат».