Беларускі амбасадар: Некалькі крокаў да таго, каб абвясціць дэманстрантаў памагатымі фашыстаў (відэа)

Амбасадар Беларусі ў Славакіі Ігар Ляшчэня ў сваім новым відэазвароце заклікаў улады правесці расследавання ўсіх выпадкаў катаванняў і збіцця дэманстрантаў і выказаў сумнеў адносна знешніх сіл, якія, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяпер пагражаюць Беларусі.

slovakia.mfa.gov.by

slovakia.mfa.gov.by

— У Беларусі ўлада шмат кажа аб умяшанні ва ўнутраныя справы звонку. Як дыпламат са стажам я быў бы здзіўлены, калі б хтосьці сапраўды не паспрабаваў скарыстацца назапашанай у людзей незадаволенасцю. Але намаганні ўсіх сусветных разведак разам узятых не будуць такімі эфектыўнымі, як неадэкватныя дзеянні сілавых структур супраць дэманстрантаў, — лічыць Ігар Ляшчэня.


Беларускі дыпламат адзначае, што па тэлебачанні прагучалі прабачэнні перад тымі, хто выпадкова трапіў «пад раздачу», і заклік прабачыць міліцыянтаў, зразумець іх. Але, акрамя таго, была і заява аб тым, што каля паловы фота і відэа збітых людзей — фэйкі.
— Ведаеце, я быў выхаваны ў павазе да вайскоўцаў. Дыпламатыя, як і палітыка, вельмі дакладная навука падбору слоў і сэнсаў. І 15 жніўня [у відэазвароце] я спецыяльна сказаў, што не ўсе, шэраг прадстаўнікоў сілавых структур, адрадзілі традыцыі НКВД. Але памылка — гэта, напэўна, не тады, калі хтосьці выпадкова атрымаў разок дубінкай, інфармацыя аб падобных здзеках з розных гарадоў кажа пра нейкую сістэмнасць. І гэта азначае, што ў пэўнай сітуацыі збітым можа аказацца і хто-небудзь з тых, хто цяпер з абурэннем глядзіць на тых, хто з шэсцямі праходзяць па вуліцах Мінска і іншых гарадоў. Гэта ўсё не павінна паўтарацца, грамадства з гэтым не зможа змірыцца. Улада павінна разабрацца з усімі рэзананснымі гісторыямі, паказаць, што фэйк, а што не, — заявіў Ляшчэня.
Амбасадар таксама пракаментаваў заяву міністра абароны, у якім Віктар Хрэнін зрабіў дзіўны акцэнт на БЧБ-сцяг, з якім мірныя дэманстранты выходзяць на мітынгі.
— Ад гэтай заявы некалькі крокаў да таго, каб абвясціць дэманстрантаў з БЧБ-сцягамі памагатымі фашыстаў і пачаць вызваляць ад іх Беларусь. Я вельмі спадзяюся, што я вярнуся ў Беларусь, дзе не будзе ваеннага становішча і чалавек са зброяй і ў пагонах не будзе страляць у чалавека без зброі, які ніколі не насіў пагонаў. Гвалт і кроў — гэта тое, ад чаго не адмыцца, — заявіў дыпламат.
Нагадаем, 15 жніўня амбасадар Беларусі ў Славакіі, экс-памочнік кіраўніка краіны Ігар Ляшчэня выступіў у падтрымку грамадзян, якія выйшлі на мірныя пратэсты пасля выбараў прэзідэнта. «Як і ўсе беларусы, я шакаваны гісторыямі аб катаваннях і збіванні маіх суграмадзян», — заявіў дыпламат.
Ляшчэня таксама сказаў, што ён салідарны з тымі, хто выйшаў на вуліцы беларускіх гарадоў з мірнымі шэсцямі, каб іх голас быў пачуты.
18 жніўня стала вядома, што пасля відэазвароту Ігар Ляшчэня падаў заяву аб адстаўцы. Ён плануе вярнуцца ў Беларусь у бліжэйшы час.
tut.by