BYP*L выпусціў расследаванне пра Мачулішчы: самае галоўнае тут
На канале аб'яднання былых сілавікоў «Байп*л» у ютубе выйшла расследаванне, прысвечанае інцыдэнту ў Мачулішчах. Пра датычнасць зводнага брата Мікалая Лукашэнкі і свой удзел — кажа кіраўнік Аляксандр Азараў.
«Поўныя падрабязнасці гэтай аперацыі не будуць адкрытыя нават пасля заканчэння вайны ва Украіне»
«Байп*л» кажа, што ўсё, што можна было паведаміць пра падрыў расійскага вайсковага самалёта ў Мачулішчах, яны ўжо агучылі.
«Мяркуем, што поўныя падрабязнасці правядзення гэтай аперацыі не будуць адкрытыя нават пасля заканчэння ваенных дзеянняў ва Украіне», — кажа кіраўнік «Байп*ла» Аляксандр Азараў.
Але пасля выхаду фільма на АНТ, прысвечанага дыверсіі, ён вырашыў пракаментаваць і абвергнуць некаторыя моманты.
Азараў сцвярджае, што пашкоджанні самалёта былі значныя, хоць прапаганда гэта адмаўляе. Паводле яго слоў, пасля экстранных аднаўленчых работ, зробленых на тэрыторыі Беларусі, самалёт з навігацыйным абсталяваннем у непрацоўным стане атрымалася толькі перагнаць у Таганрог на няштатнай для яго выкарыстання вышыні для правядзення наступнага аднаўленчага рамонту.
«Гэты самалёт ужо паўтара месяца не выконвае свае задачы, і замены яму пакуль няма», — канстатуе Азараў.
Хоць Лукашэнка гаварыў, што прасіў расіян прыслаць іншы.
Азараў кажа, што адсутнасць гэтага самалёта ў Мачулішчах істотна абцяжарвае дзеянні Расіі ў паўночных і цэнтральных рэгіёнах Украіны.
У сувязі з гэтым, па словах Азарава, 6 красавіка з тэрыторыі Беларусі былі выведзеныя тры расійскія вайсковыя самалёты МіГ-31К — носьбіты звышгукавой ракеты «Кінжал». Бо без ДРЛВ іх магчымасці абмежаваныя.
«Затрыманыя не ведалі планаў Швяца»
Аляксандр Азараў сцвярджае, што агучаная ў прапагандысцкім фільме інфармацыя пра тое, што Швец працаваў ад імя СБУ пры ўдзеле ЦРУ і спецслужбаў Польшчы, з'яўляецца хлуснёй, паколькі прапагандысты ніякім чынам не змаглі пацвердзіць гэтага.
Кіраўнік «Байп*ла» кажа, што лукашысты затрымалі выпадковых людзей, якія кантактавалі са Швецам.
«Ніводзін з фігурантаў прапагандысцкага фільма не быў абазнаны ў планах Швяца па падрыве самалёта. То-бок ніякага злачыннага намеру яны не мелі і членамі аб'яднанай злачыннай групоўкі, а тым больш здраднікамі Радзімы, не з'яўляюцца. Нават калі лічыць, што Швец здзейсніў злачынства, а Лапаціну (перавозчыку) і Сычову (гаспадару дома) у выніку пра гэта стала вядома, то максімум, што ім можа пагражаць — гэта крымінальнае пакаранне за неданясенне аб злачынстве або ўкрывальніцтве злачынца (да 2 гадоў пазбаўлення волі).
У астатніх герояў фільма складу злачынства ўвогуле не маецца. Так што пагроза прымянення смяротнага пакарання з боку КДБ абсалютна незаконная», — кажа Азараў.
Брат Лукашэнкі
Таксама «Байп*л» даведаўся, што адзін з фігурантаў справы — Дзяніс Сакалоў — быў знаёмы з сынам Ірыны Абельскай.
У фільме АНТ «Гаспар на сувязь не выйшаў» Дзяніс Сакалоў дае вельмі шмат паказанняў. Часткова яны не стыкуюцца з паказаннямі названага выканаўцы дыверсіі, Мікалая Швяца. Быццам бы з адным з тых, хто планаваў дыверсію, Віталём Якуцікам, іх аб'яднала хобі — практычная стральба.
«Байп*л» прааналізаваў асобу Сакалова і выявіў шэраг цікавых фактаў. Па-першае, ён асабіста знаёмы з Дзмітрыем Абельскім — старэйшым сынам Ірыны Абельскай, галоўнай доктаркі Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра Упраўлення спраў Лукашэнкі. Разам яны выязджалі за мяжу ў Літву ў 2017 годзе на асабістым аўто Дзмітрыя Абельскага.
Па-другое, Дзяніс Сакалоў, згодна з базай «Кіберпартызан*ў», у 2020 годзе як мінімум адзін раз данёс на людзей, якія малявалі нацыянальныя сімвалы на вуліцах Мінска. Гэты данос запісаны ў базе так: «У двары тры хлопцы размалёўваюць лаўкі ў бел-чырвона-белыя колеры».
Дата даносу — 22 верасня 2020 года, а адрас — Матусевіча, 72, што паблізу ад адраса прапіскі Сакалова. Нумар таксама супадае.
На падставе гэтых звестак «Байп*л» схільны лічыць, што Дзяніс Сакалоў не датычны да беларускага падполля.