Даследаванне: Больш за 50% галасавалі за Ціханоўскую, 61% вераць, што афіцыйныя вынікі выбараў сфальсіфікаваныя

Брытанскі даследчы цэнтр Chatham House апублікаваў вынікі сацыялагічнага даследавання, якое праводзілася ў студзені 2021 года. Сацыёлагаў цікавіла, «што беларусы думаюць пра палітычны крызіс».

edtvczsxkaijkci.jpg


Было апытана больш за 900 чалавек і, відаць, праз інтэрнэт. Як вядома, незалежныя сацыялагічныя даследаванні ў Беларусі немагчымыя. Таму сацыёлагі смела выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі, каб дазнацца пра настроі, думкі, меркаванні беларусаў, піша Еўрарадыё.

Больш за 23% апытаных не галасавалі на прэзідэнцкіх выбарах у жніўні мінулага года. З тых, хто галасаваў, 50,4% выбралі Святлану Ціханоўскую. Лукашэнку падтрымалі 21,2%, «супраць усіх» былі 13%.

Як вядома, паводле афіцыйных вынікаў выбараў Лукашэнка атрымаў 80,1%, Ціханоўская — 10,1%. Агучаныя лічбы выклікалі абурэнне людзей і масавыя пратэсты, якія не спыняюцца паўгода. Па ўсёй краіне праходзяць суды над пратэстоўцамі. 61,3% апытаных перакананыя, што вынікі выбараў сфальсіфкаваныя, не вераць у фальсіфікацыі амаль 14%, кожны чацвёрты не змог адказаць на пытанне.

Да акцый пратэсту станоўча ставяцца 25,4%, адмоўна — 19,7%. Больш за 67% апытаных лічаць, што сілавікі ў жніўні ўжылі неапраўданую і празмерную сілу супраць мірных дэманстрантаў.

Удзельнікі апытання абіралі чалавека, які мог бы стаць прэзідэнтам нашай краіны. Найбольшую падтрымку атрымаў палітвязень Віктар Бабарыка — 28,8%, у Лукашэнкі — 27,4%, экс-міністр культуры, а цяпер апазіцыянер Павел Латушка мае 12,1%. У былога прэм’ера Сяргея Румаса 4,3%.