Дзмітрый Кулеба: У нас няма ілюзій наконт Беларусі, а ёсць цвярозы аналіз таго, што адбываецца

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба ў інтэрв'ю ўкраінскаму дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву «Укрінформ» заявіў, што Беларусь з’яўляецца саўдзельніцай агрэсіі супраць Украіны і назваў умову, пры якой будуць разарваныя дыпламатычныя адносіны


«У нас няма ілюзій наконт Беларусі, а ёсць цвярозы аналіз таго, што адбываецца і якім чынам не даваць дадатковых нагодаў Лукашэнку ўхваляць тыя ці іншыя рашэнні. Я ўжо казаў публічна, і мая пазіцыя не змянілася: калі беларускія ўзброеныя сілы зойдуць на тэрыторыю Украіны, я тэрмінова адпраўлю прапанову разарваць з імі дыпламатычныя адносіны», — заявіў Дзмітрый Кулеба.

Міністр замежных спраў Украіны дадаў, што цудоўна памятае, як у ноч на 24 лютага з тэрыторыі Беларусі пачалося расійскае ўварванне ва Украіну, хаця да таго «беларусы прысягалі, што Беларусь не нясе для нас ніякай пагрозы».

Пры гэтым Кулеба пракаментаваў абстрэл з тэрыторыі Беларусі 28 ліпеня, калі ва Украіне адзначалі Дзень украінскай дзяржаўнасці.

«Тое, што ў паветранай прасторы Беларусі лятаюць расійскія бамбавікі, — часам проста трэніруюцца, часам страляюць, — гэта наша штодзённая рэальнасць. Яшчэ раз хачу падкрэсліць — Беларусь з'яўляецца саўдзельніцай злачынства агрэсіі супраць Украіны. У гэтым няма ніякіх сумневаў. Таму ніякіх апраўданняў ім няма і не будзе», — заявіў Кулеба.

Беларусь з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну дазволіла расійскім войскам выкарыстоўваць сваю вайсковую інфраструктуру, а таксама паветраную прастору для нанясення авіяцыйных удараў па тэрыторыі Украіны. Дагэтуль Беларусь і Украіна маюць дыпламатычныя стасункі, хоць беларускія дыпламаты амаль у поўным складзе на чале з амбасадарам Ігарам Сокалам выехалі з Украіны.

У Беларусі ўкраінская амбасада працягвае працаваць і дапамагаць украінскім грамадзянам, якія выехалі ў Беларусь добраахвотна альбо іх незаконна вывезлі расійскія войскі пры адыходзе з памежных з Беларуссю абласцей Украіны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: