Як пачынаецца 213-ты дзень вайны Расіі з Украінай

Расказваем, што адбылося за апошнія суткі на ўкраінскім фронце.

1663049504_9830.jpg


Начныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў сталі больш інтэнсіўнымі і прыносяць яшчэ больш ахвяр. За мінулыя суткі ў Запарожскай вобласці ў выніку ракетнай атакі дзевяць чалавек атрымалі раненні, адна жанчына загінула, паведаміў сакратар Запарожскага гарадскога савета Анатоль Курцеў. Пашкоджаныя прыватныя дамы і шматпавярховікі, людзі ночылі ў аўтобусе, які арганізавалі як пункт абагрэву. Тым, хто застаўся без жытла, часова прапанавана жыць у бліжэйшым дзіцячым садку.
Рэгулярна падвяргаецца абстрэлам Харкаўская вобласць. У гэтым рэгіёне раненні атрымалі 12 чалавек, у тым ліку двое сямігадовых дзяцей і дзяўчаты 10 і 17 гадоў. Яшчэ двое мужчынаў падарваліся на мінах. Як паведаміў у сваім ТГ-канале старшыня Харкаўскай АВА Алег Сінягубаў, за ўчарашні дзень на тэрыторыі Харкаўшчыны было абясшкоджана 578 выбухованебяспечных прадметаў.
Расійцы абстралялі з «Градаў» і «Ураганаў» Днепрапятроўскую вобласць. Пашкоджаныя больш за 20 прыватных дамоў і шматпавярховікаў, хлебзавод і некалькі іншых устаноў, раненні атрымалі 51-гадовая жанчына і 49-гадовы мужчына, абодва ў бальніцы. Жанчына — у цяжкім стане.
Аператыўнае камандаванне «Поўдзень» паведамляе, што ўчора расіяне выкарысталі бомбы з атрутай, якую скінулі на пазіцыі УСУ:
«З выкарыстаннем беспілотнага лятальнага апарата на нашы баявыя пазіцыі скінутыя кантэйнеры з атрутным рэчывам, як мяркуецца, — хлорпікрынавыя гранаты К-51. Баявыя медыкі спрацавалі дакладна, страт і крытычных станаў няма», — гаворыцца ў паведамленні.
Каля 20 раёнаў канцэнтрацыі жывой сілы і тэхнікі расійскіх войск знішчылі за мінулыя суткі Узброеныя сілы Украіны, гаворыцца ў ранішніх зводках Генштаба УСУ. Былі пашкоджаныя 3 варожай СПА, знішчаныя 1 самалёт, 1 верталёт і 8 беспілотнікаў.
Паводле unian.net.