«Кранальна, смешна, загадкава, але ніякай інтрыгі». Вучоны-сацыёлаг выказалася пра экзітполы БРСМ

Старэйшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, кандыдат сацыялагічных навук Аксана Шэлест лічыць смешнымі намеры БРСМ правесці ў дзень выбараў Нацыянальны экзітпол.

17504218_127371494_o_0.jpg

«Тое, што для асвятлення вынікаў «выбараў» exit pollам жыватворчым у краіне не знайшлося ніводнага сацыёлага, і амбразуру давядзецца закрываць брсмаўцам, гэта кранальна, — напісала экспэрт на сваёй старонцы ў сацсетцы. — Чалавек, які распавядае, што ў іх «распрацавана і апрабавана апытальная сетка – гэта смешна».
Па словах Шэлест, Моладзевая лабараторыя «створаная пры БРСМ, зарэгістраваная пры БКМО, у склад якой уваходзяць безыменныя «кампетэнтныя спецыялісты: сацыёлагі, палітолагі, навуковыя кансультанты» – гэта загадкава».
Яна параўноўвае гэта з ЭКООМ, «аб якім ніхто не ведае, куды ён знікае, калі выбары заканчваюцца, і адкуль узнікае ў пачатку наступнай выбарчай кампаніі».
«Затое ніякай інтрыгі з вынікамі exit pollа, яны зноў будуць «дастаткова блізкія да вынікаў галасавання», —рэзюмавала навуковец-сацыёлаг.
Паводле naviny.by