Марыя Калеснікава заклікала беларусаў да ўзаемадапамогі

Яе відэазварот апублікаваны ў афіцыйным тэлеграм-канале Віктара Бабарыкі.

Марыя Калеснікава. Фота Дзіяны Серадзюк

Марыя Калеснікава. Фота Дзіяны Серадзюк

«Мы спачуваем усім пацярпелым і іх сваякам. Мы гатовыя дапамагчы тым, хто гэтага патрабуе. Цяпер мы хочам сканцэнтравацца на ўзаемадапамозе. Заклікаем усіх неабыякавых далучыцца да валанцёрскага руху і дапамагаць пацярпелым. Мы з болем глядзім на тое, што адбываецца ў краіне. 
Мы просім дзейную ўладу не ігнараваць волю людзей. Не тапіць яе ў вадзе з вадамётаў, не глушыць гранатамі, не калечыць кулямі, не забіваць дубінкай, не зачыняць у камерах. 
Мы бачым на вуліцах звычайных людзей. якія хочуць пераменаў. Бачым пенсіянераў, якія размаўляюць з АМАП. бачым дарослых людзей, яны плачуць, гледзячы, як чатыры супрацоўнікі сілавых структураў цягнуць у аўтазак хлопца з заплечнікам.
Мы просім дзейную ўладу спыніць гвалт, прыслухацца да волі народа. Гэтыя людзі нікуды не знікнуць, яны ўжо не змогуць забыць пра тое, што адбываецца. Яны не змогуць жыць. як раней. Ім не сатрэш памяць, іх не змусіш падпарадкавацца, не спужаеш, не залагодзіш. Ім патрэбныя перамены.
Уладам цяжка прызнаць, што не ілюзорныя лялькаводы з-за мяжы, а самі беларусы хочуць пераменаў. Мы просім уладу знайсці ў сабе сілы і паглядзець у твар волі народа. Мы просім улады паслухаць беларусаў.
Беларусы! Тыя, хто ў форме, хто ў цывільным. беражыце сябе і тых, хто вас атачае. Нашыя жыцці, свабода, здароўе і бяспека — самае важнае. Мы любім вас, вы — неверагодныя!»