Пра УСУ, Польшчу і Колю. Галоўнае з інтэрв’ю Лукашэнкі расейскім прапагандыстам

У нядзелю, 18 жніўня, з’явілася поўная версія інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі тэлеканалу «Россия 1», якое ён даў тры дні таму. «Белсат» сабраў найбольш цікавыя заявы самаабвешчага кіраўніка Беларусі.

Скрыншот з інтэрв'ю Лукашэнкі "Россия 1"

Скрыншот з інтэрв'ю Лукашэнкі "Россия 1"

Пра наступ ЗСУ ў Курскай вобласці і ядравы ўдар

Лукашэнка заявіў, што ўварванне ЗСУ ў Курскую вобласць — гэта барацьба за павышэнне ставак. У выпадку мірных перамоваў Кіеў хоча мець больш моцную пазіцыю. Аднак Лукашэнка ўпэўнены, што ў цяперашняй сітуацыі Расея не захоча весці перамовы. Ён таксама лічыць, што «вялізарную імперыю» (Расею) немагчыма перамагчы, тым больш, што яна «яшчэ не пачала па-сапраўднаму ваяваць».

Лукашэнка заявіў, што пры дапамозе наступлення ў Курскай вобласці Украіна нібыта хоча падштурхнуць Расею да выкарыстання ядравай зброі. 

«Ведаю дакладна, што ва Украіне былі б вельмі радыя, калі б Расея ўжыла ці мы там тактычную ядравую зброю. Гэта было б шчасце! Вось тады ў нас наўрад ці саюзнікі бы засталіся. Наогул ніякіх, нават тых краінаў, хто спачуваюць, не засталося» заявіў ён.

Акрамя таго, Лукашэнка заявіў пра пагрозу ўцягвання ў вайну краінаў НАТО:

«Аперацыі спланаваць і рукамі натаўцаў ажыццявіць з тэрыторыі Украіны… А лепш яшчэ, чаго яны хочуць, з боку гэтых брыдкіх палякаў, кіраўнікоў Польшчы, захапіць Беларусь, і гэтую лінію амаль да Ленінграда выцягнуць, як некалі было. Гэта іх мара».

Лукашэнка папярэдзіў, што ў выпадку ўвядзення войскаў НАТО, распачнецца трэцяя сусветная вайна: будзе выкарастана і тактычная, і стратэгічная ядравая зброя.

Пра ваенныя планы адносна Захаду

Лукашэнка сцвярджае, што на заходнім кірунку ў Беларусі падрыхтаваная надзейная абарончая лінія

«Мы іх чакаем. Там нам будзе прасцей. Там выбудаваны абарончыя рубяжы ад Берасця да Горадніі вышэй туды. Практычна літоўская і польская межы перакрыты на выгадных для нас умовах», — зазначыў ён.

Пры гэтым Лукашэнка прызнаў, што яны з Пуціным гатовыя ў тым ліку да наступлення на Захадзе.

«У нас абарончыя планы існуюць, а калі трэба, мы іх перавядзём і ў наступальныя. Таму яны няхай там не шалеюць і не радуюцца, што, ведаеце, «мы валяемся з Пуціным на падлозе, а яны каленам усталі нам на грудзі і ціснуць нас». Нічога падобнага», — заявіў самаабвешчаны кіраўнік Беларусі. 

Паводле Лукашэнкі, «на захадзе мы нічога не аслабляем», больш за тое — узмацнілі войскі «сур’ёзнай зброяй» з Расеі. 

«І звычайнай, і тактычнай ядравай зброяй» дадаў ён.

Пра стасункі з Польшчай

Лукашэнка пракаментаваў выказванні кіраўніка МУС Польшчы Томаша Семанякі, які нядаўна заявіў, што ёсць падставы для таго, каб самыя складаныя праблемы ў стасунках з Беларуссю былі вырашаныя. З аднаго боку Лукашэнка вітае гэтую заяву Варшавы, а з іншага боку не пагадзіўся з тым, што існуе аснова для вырашэння праблемаў.

«Я хацеў бы ведаць, што гэта за аснова… Палякі не дурні. Яны ж разам з намі жылі ў сацыялістычным лагеры, і ў іх вось гэты ген вельмі глыбока сядзіць. Яны не дурні. Тое, што тварыў раней Дуда, а зараз Туск разам з Дудай, гэтая большасць насельніцтва Польшчы адпрэчвае. Таму іх унутраная сітуацыя падштурхоўвае да выбудоўвання гэтых стасункаў. Але я гэтай асновы, на жаль, не бачу»,  падкрэсліў ён.

Лукашэнка таксама заявіў, што беларускаму боку «не горача, ні холадна» ад закрыцця памежных пунктаў пропуску на мяжы з Польшчай. «Мы з імі не гандлюем. Закрылі? Закрывайце», — сказаў ён.

Пра Колю і новага прэзідэнта 

У інтэрв’ю «Россия 1» Лукашэнка таксама закрануў свае стасункі з малодшым сынам Мікалаем. Паводле яго, Мікалай цікавіцца шматлікімі працэсамі, падзеямі, якія адбываюцца як у Беларусі, гэтак і ў свеце, выказвае свой пункт гледжання, а часам — і крытычныя заўвагі. 

«Ён у мяне такі «апазіцыйны» да мяне. У такім добрым сэнсе ён можа мяне пакрытыкаваць,  расказаў Лукашэнка.  Але гэта ў альтэрнатыву заўсёды. Не апазіцыйна, а ў альтэрнатыву нешта выкажа».

Лукашэнка таксама ўспомніў пра падзеі 2020 году, калі падчас масавых пратэстаў яны разам з Колям бегалі з аўтаматамі на праспекце Незалежнасці.

«Ён, калі ўбачыў, што я бронекамізэльку свой апрануў (і ў яго, і ў мяне свая зброя, бронекамізэлькі) і ў верталёт, ён на сябе накінуў... Маці там яго як раз была дома — завыла. Я ужо выходзіў, чую, ёй кажа: «Я не хачу тут звар'яцець, пакуль ён будзе там». Я не забіваць еду, я іду абараняць свайго бацьку». Вось ягоныя былі словы. Што тут скажаш пасля гэтага? Мы селі з ім у верталёт і паляцелі».

«Ён чалавек мужны. Я гэтаму рады. І сваю краіну ён будзе абараняць як мае быць», — сказаў самаабвешчаны кіраўнік Беларусі пра малодшага сына.

Расейскі прапагандыст таксама папрасіў Лукашэнку патлумачыць, што азначаюць ягоныя нядаўнія словы пра тое, што беларусам варта прывыкаць да таго ў краіне аднойчы будзе іншы прэзідэнт. Лукашэнка досыць блытана адказваў на гэтае пытанне, а потым зноў паўтарыў, што ён не заўсёды будзе кіраваць дзяржавай. 

«Трэба разумець, што прыйдзе іншы чалавек  гэта непазбежна. І я гэта меў на ўвазе  што прыйдзе іншы чалавек і вы павінны да гэтага быць гатовы. Я рыхтую да гэтага людзей, я не хачу, каб было нейкае расчараванне ці правал» сказаў ён.