Перамога за 6 тыдняў і прыкметы пазіцыйнай вайны ва Украіне. Як ішло змаганне 26 ліпеня

Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна на працягу трох-шасці тыдняў павінна вярнуць захопленыя Расіяй тэрыторыі, бо потым зрабіць гэта будзе складаней. Пра гэта паведамляе Politico са спасылкай на кіраўніка камітэта Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША па ўзброеных сілах Адама Сміта. На думку ўкраінскага прэзідэнта, цяперашні перыяд — вырашальны, бо зімой весці вайну складаней.

Фота t.me/V_Zelenskiy_official

Фота t.me/V_Zelenskiy_official

 Узброеныя сілы Украіны адбілі атакі на Славянскім кірунку, на Краматорскім кірунку вораг адступіў, а на Бахмуцкім ля Пакроўскага працягваюцца баі. Пра гэта паведаміў украінскі Генштаб у вячэрняй зводцы.

Расіяне на акупаваных тэрыторыях сабралі велізарную колькасць сродкаў СПА, аднак украінскія вайскоўцы ведаюць, дзе яны размешчаныя, і паступова іх знішчаюць. Пра гэта паведаміў прадстаўнік камандавання Паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат.

У баявых дзеяннях супраць Расіі з'явіліся прыкметы пазіцыйнай вайны. Паўтара тыдні лінія фронту — статычная, пачынаючы з поўдня і да Харкаўшчыны. Такая нязменная лінія фронту — першы паказчык пазіцыйнай вайны. Гэтаму спрыяў план украінскага Генштаба па ліквідацыі баявых складоў. Усяго знішчылі больш за 50 складоў з боепрыпасамі (30 з іх за апошнія два тыдні) і 17 камандных пунктаў.

Раніцай 26 ліпеня з акваторыі Чорнага мора расіяне нанеслі па Адэскай вобласці ўдары з самалётаў Су-30 і Су-35 ракетамі Х-59, а затым адразу дзесяць далёкіх бамбавікоў нанеслі яшчэ восем удараў ракетамі Х-22. Пра гэта паведаміў Юрый Ігнат.

Разам з "рэферэндумам" аб далучэнні Данбаса да РФ расіяне разглядаюць магчымасць перайменаваць Марыупаль у Жданаў.

Рада ЕС паведаміла, што падоўжыла дзеянне санкцый супраць РФ яшчэ на шэсць месяцаў — да 31 студзеня 2023 года.

Вялікабрытанія пашырыла санкцыі супраць РФ, дадала ў спіс 41 чалавека і адну кампанію. У прыватнасці, пад санкцыі трапілі кіраўнікі расійскіх рэгіёнаў, міністр юстыцыі, пляменнікі Алішэра Усманава.

Пуцін хацеў дамовіцца з Іранам аб куплі БПЛА. Гэта кажа аб тым, што заходнія санкцыі супраць Расіі працуюць. Але ЗША пакуль не бачаць ніякіх прыкмет пастаўкі або куплі іранскіх беспілотнікаў Расіяй, заявіў прадстаўнік Пентагона Джон Кірбі.

Эстонія рыхтуе прапановы Еўрасаюзу аб прыпыненні выдачы грамадзянам Расіі шэнгенскіх віз, паведамілі ў МЗС краіны. Там заявілі, што расіяне цяпер масава едуць праз заходнюю мяжу — Фінляндыю, Латвію, Літву —  каб наведаць Луўр летам, у той час як ва Украіне забіваюць дзяцей. І гэта абуральна і недапушчальна.

Тым часам у РФ партыя Справядлівая Расія падрыхтавала законапраект з прапановай прызнаць Украіну "тэрарыстычнай дзяржавай". У дакуменце вызначаецца парадак прызнання дзяржаў тэрарыстычнымі і спонсарамі тэрарызму. У законапраекце таксама ёсць згадка пра тое, што да "тэрарыстычных дзяржаў" належыць Украіна. Згодна з прапановай дэпутатаў РФ, Расія можа прызнаць спонсарам тэрарызму краіну, якая пастаўляе тавары ваеннага прызначэння ва Украіну. Маёмасць грамадзян такіх краін на тэрыторыі РФ прапануюць канфіскаваць.

Паводле korrespondent.net, t.me/V_Zelenskiy_official, www.unian.net