«Пуцін хлусіць. А ўкраінцы паміраюць» — выступ Украіны ў судзе ААН у Гаазе

Міжнародны суд ААН у Гаазе пачаў разглядаць пазоў Украіны супраць Расіі. Вось што сказаў прадстаўнік Украіны на першым пасяджэнні

Фота з сайта www.cursosapientia.com.br

Фота з сайта www.cursosapientia.com.br

У Міжнародным судзе ААН у Гаазе пачаўся разгляд пазову Украіны да Расіі. Прадмет пазову — абвінавачванні ў генацыдзе, якія расійскі бок шмат разоў вылучаў супраць Украіны. Менавіта выратаваннем жыхароў Данбаса ад генацыду Уладзімір Пуцін патлумачыў пачатак «спецыяльнай вайсковай аперацыі».

26 лютага Украіна звярнулася ў суд, паказаўшы, што ў Расіі не было на гэта ніякіх паўнамоцтваў. А таксама папрасіла суд ААН прыняць тэрміновыя забеспячальныя меры і абавязаць Расію спыніць ваенныя дзеянні.

Расійскія прадстаўнікі ў судзе адмовіліся ўдзельнічаць, у адрозненне ад украінскай дэлегацыі. Прапануем урыўкі з прамову прадстаўніка Украіны ў Міжнародным судзе ААН у Гаазе Антона Карыневіча.

— Мы сёння ў будынку, які называецца палацам міру, але маёй краіне пагражае агрэсіўная вайна. Я стаю тут, у памяшканні, якое называецца вялікай залай правасуддзя, але мае землякі бачаць толькі несправядлівасць расійскіх бомбаў і ракет, якія падаюць на нашы гарады і раёны.

Пакуль я стаю перад судом, украінцы — пад смяротнымі нападамі. Небяспека навісла над мільёнамі людзей. Прадстаўнік ААН па правах чалавека паведамляе аб значнай колькасці ахвяр сярод мірнага насельніцтва. Напад Расіі на Украіну прымусіў больш за 1,5 мільёна чалавек бегчы з краіны. Яшчэ больш людзей пакінулі свае дамы і застаюцца ўнутры краіны. Больш за 15 тысяч чалавек, большасць з якіх жанчыны і дзеці, знайшлі прытулак у кіеўскім метро. Там, у метро, нараджаюцца дзеці. Бальніцы закрываюцца. Усё гэта — штодзённая рэальнасць, з якой сутыкаюцца людзі ва Украіне цяпер. <…>

Вядома, гэта не першы раз, калі Украіна наўпрост адчувае тое, што Расія грэбуе міжнародным правам. Цяпер свет бачыць смерць, якую нясе гэта грэбаванне, і нянавісць яе [Расіі] жорсткасці.

Той факт, што месцы расійскай дэлегацыі [у сённяшнім судзе] пустыя, кажуць самі за сябе. Яны не тут, у гэтым судзе. Яны на полі бою вядуць агрэсіўную вайну супраць маёй краіны. Гэта тое, як Расія вырашае спрэчкі. Але Украіна прытрымліваецца іншай пазіцыі і паважае нацыянальнае права і гэты суд.

Усё ж Расія ведае, што міжнароднае права мае значэнне, інакш навошта ёй спрабаваць апраўдаць сваю агрэсію? Гэтая вайна, па словах Расіі, каб спыніць генацыд. Я працытую словы прэзідэнта Расіі, якія ён вымавіў у раніцу, калі загадаў уварвацца ва Украіну. Ён сказаў: «Мы павінны спыніць гэты кашмар, гэты генацыд». Мэта вайны, па яго словах, абараніць людзей ад генацыду. Гэта жудасная хлусня! Пуцін хлусіць, а украінцы, нашы грамадзяне, паміраюць.

Гэта не Украіна праводзіць генацыд. Гэта Расія, яе палітычнае кіраўніцтва і вайскоўцы здзяйсняюць злачынствы супраць чалавецтва і ваенныя злачынствы на тэрыторыі Украіны.

За апошнія два тыдні многія людзі ўспаміналі аб Другой сусветнай вайне. Расія апаганьвае памяць пра Халакост, заяўляючы, што «дэнацыфікуе» Украіну. «Дэнацыфікуе» Украіну ад яе дэмакратычнага ўрада.

Я чуў, як некаторыя адзначалі, што Еўропа не бачыла такой агрэсіі і канфлікту з часоў Другой сусветнай вайны. Сапраўды, дарэчым будзе ўспомніць аб Другой сусветнай вайне, але па іншых прычынах. Мы павінны ўспомніць аб тым, што ў Другой сусветнай вайне ўкраінцы і расіяне змагаліся разам і паміралі разам, каб спыніць зло.

Мы павінны ўспомніць, што на попеле Еўропы, пасля Другой сусветнай вайны, свет пабудаваў сучасныя слупы міжнароднага права. Два з гэтых слупоў самыя важныя. Свет стаў сведкам агрэсіі і адказаў на яе Статутам ААН. Свет стаў сведкам Халакоста і адказаў на яго Канвенцыяй аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго. Свет сказаў: «Ніколі больш» двум праявам зла нацызму — агрэсіі і генацыду.

На жаль, сёння Расія скрывіла гэтыя словы. Яна не разглядае абавязак прадухіляць і караць акты генацыду як святы. Яна выкарыстоўвае яго як зброю. Ілжыва абвінавачваючы ў генацыдзе, Расія выкарыстоўвае адзін са слупоў сучаснага міжнароднага правапарадку, каб знішчыць іншы слуп. Ілжыва абвінавачваючы ў генацыдзе, каб апраўдаць сваю агрэсію, Расія апаганьвае Канвенцыю аб генацыдзе.

<...> Справа Украіны простая.

Паводле meduza.io