Пуцін: «Людзі, якія жывуць у ДНР, ЛНР, Херсоне і Запарожжы, становяцца нашымі грамадзянамі. Назаўжды»

У Георгіеўскай зале Крамля прайшла працэдура падпісання дамоў аб уваходжанні ў склад Расіі акупаваных украінскіх тэрыторый — «ДНР», «ЛНР», Запарожскай і Херсонскай абласцей.

photo_2022_09_30_15_55_14.jpg

«Мы заклікаем Кіеў неадкладна спыніць агонь і вайну, якую ён развязаў яшчэ ў 2014 годзе, і вярнуцца за стол перамоў. Пра гэта ўжо не раз было сказана. Але выбар народа мы абмяркоўваць не будзем, ён зроблены, Расія народу не здрадзіць.
Хачу, каб мяне пачулі кіеўскія ўлады і іх рэальныя гаспадары на Захадзе: людзі ў ДНР, ЛНР, Херсоне і Запарожжы становяцца нашымі грамадзянамі. Назаўжды», — заявіў Пуцін, выступаючы з прамовай у Георгіеўскай зале Крамля перад падпісаннем дамовы аб уваходжанні акупаваных украінскіх тэрыторый у склад Расіі.
«Расія не будзе абмяркоўваць падчас перамоў выбар рэспублік Данбаса, Запарожжа і Херсонскай вобласці, ён зроблены канчаткова», — заявіў Уладзімір Пуцін на цырымоніі ў Крамлі.
Нагадаем, так званыя «рэферэндумы» аб уваходжанні ў склад Расіі зладзілі ў так званых Данецкай і Луганскай народных рэспубліках, а таксама ў акупаваных Запарожскай і Херсонскай абласцях Украіны з 23 па 27 верасня. У якасці «назіральнікаў» на іх прыехалі прадстаўнікі ад Беларусі, Расіі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Егіпта, Славакіі і Сірыі.
Антоніу Гутэрыш заявіў, што рэферэндумы супярэчаць Статуту ААН і не могуць быць прызнаныя.