Ракетны ўдар па Мікалаеве: двое загінулых, дзясяткі параненых
Сёння Узброеныя сілы Украіны пачалі контрнаступленне на Херсонскім напрамку. Верагодна, у адказ на гэта Расія пачала абстрэльваць украінскія гарады і ваколіцы.
Некалькі гадзін таму ўкраінскі горад Мікалаеў падвергся масіраванаму ракетнаму абстрэлу. Ракеты траплялі ў жылыя дамы і навучальныя ўстановы.
Па стане на 19:00 двое чалавек загінулі, 24 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Да горада даляцелі 12 ракет, паведаміў кіраўнік Мікалаеўскай АВА Віталь Кім.
Акрамя Мікалаева былі абстраляны Лупарава, Таўрыцкае, Прыбугскае, Пасад-Пакроўскае, Украінка, Любаміраўка, Зара, Мірнае, Квітневае, Кісялёўка, Кабзарцы, Бярэзнегаватае, Высунск, Яўкіна, Вялікае Артакова, Тапалінае і Князеўка. Авіяцыяй расійцы абстралялі Андрэеўку і Калінаўку.
Як стала вядома раней, Узброеныя сілы Украіны пачалі контрнаступленне на Херсонскім напрамку. Украінскія вайскоўцы абстрэльваюць аўтамабільны і чыгуначны масты, а таксама пантонныя пераправы — каб расійцы не змаглі перакінуць сваю тэхніку на іншы бераг Дняпра.
Таксама чатыры моцныя выбухі прагрымелі ў акупіраваным Мелітопалі: там, хутчэй за ўсё, УСУ трапілі ў штаб расійскіх войск.