Раніца 206-га дня вайны Расіі супраць Украіны: што адбылося за ноч

Расказваем апошнія навіны з украінскіх франтоў.
УСУ ўдарылі па расійскай вайсковай базе пад Мелітопалем

УСУ ўдарылі па расійскай вайсковай базе пад Мелітопалем


Расійскія войскі, у якіх УСУ адбіваюць адзін населены пункт за другім, «адыгрываюцца» на мірных жыхарах Украіны. За мінулую ноч каля 90 снарадаў яны запусцілі па Нікапальшчыне, былі абстраляныя таксама Запарожжа, Мікалаеўская вобласць і Харкаўшчына.

Кіраўнік Днепрапятроўскай АВА Валянцін Рэзнічэнка паведаміў, што за ноч шэсць разоў былі атакаваныя Нікапальская, Марганецкая і Міраўская грамады — агулам па іх «прыляцела» каля 90 «Градаў».

«Пашкоджаныя дамы, машыны, ліцэй, цэх прамысловага прадпрыемства, газаправод і лініі электраперадач. У адной з вёсак Міраўскай грамады знікла сувязь. Маштабы разбурэнняў ўдакладняюцца». Інфармацыі пра ахвяр пакуль няма.

У Мікалаеўскай вобласці пад абстрэл трапілі Ачакаў і бліжэйшыя вёскі. У выніку трапляння ракеты ў вёсцы Дзмітраўка Куцурубскай абшчыны загінуў адзін чалавек. Пашкоджаны ачышчальныя збудаванні і электрападстанцыя, адсутнічае святло. Як паведамляе старшыня Мікалаеўскай АВА Віталь Кім, у Баштанскім раёне пад пастаянным агнём застаюцца вёскі, якія знаходзяцца на лініі размежавання Бэрезнегавацкай абшчыны. Інфармацыя пра пашкоджанні і ахвяр удакладняецца.

Пад ракетны ўдар трапіла і Запарожская вобласць. У выніку начнога абстрэлу там пашкоджаныя гімназія, спартыўны клуб і Дом культуры, на дадзены момант вядома, што раненні атрымаў адзін чалавек.

Два ракетныя пападанні «С-300» было ў Харкаве. На адным з прадпрыемстваў у выніку «прылёту» ракеты пачаўся пажар. Ахвяр няма. Агулам, паведамляе Генштаб УСУ, начному абстрэлу падвергліся каля 58 населеных пунктаў.

Тым часам працягваецца контрнаступленне Узброеных сіл Украіны на расійскія пазіцыі на акупаваных украінскіх тэрыторыях. Як паведамляе мэр Мелітопаля Іван Фёдараў, на поўдні Запарожскай вобласці была знішчаная вайсковая база расійцаў:

«Наступствы курэння акупантаў у неналежных месцах у дзеянні. Сёння ў 4:00 мінус адна варожая ваенная база ў Радзівонаўскім заказніку ў раёне Малочнага Лімана. Настолькі магутна паляць, што да гэтага часу ідзе дым», — адзначыў мэр.

Ракетамі і артылерыяй УСУ таксама былі знішчаныя самалёт СУ-24, тры крылатыя ракеты і беспілотнік. Быў нанесены ўдар па пазіцыях ворага на станцыі разгрузкі, пашкоджанні ўдакладняюцца.

Генштаб УСУ адзначае, што акупанты працягваюць засяроджваць намаганні на спробах поўнай акупацыі Данецкай вобласці, арганізацыі абароны і ўтрыманні часова захопленых тэрыторый, а таксама зрыве актыўных дзеянняў Сіл абароны на асобных кірунках. Яны абстрэльваюць пазіцыі ўкраінскіх войскаў уздоўж лініі судакранання, праводзяць мерапрыемствы па перагрупоўцы войскаў на асобных кірунках, уводзяць рэзервы і вядуць паветраную разведку.

Паводле unian.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: