Расія як дзяржава-банкрут

Віталь Цыганкоў у сваім тэлеграм-канале разважае пра тое, што ў Расіі цяпер, з пачатку вайны, знак сур’ёзнага пытальніка навіс ужо нават над ніжнімі паверхамі піраміды Маслоў — бяспекай і самымі простымі фізіялагічнымі патрэбамі: ежай ды здароўем.

failed_state.jpg

Гадамі расійская прапаганда імкнулася прадставіць Украіну як failed state, раздзьмуваючы рэальныя альбо выдуманыя праблемы і недахопы ў жыцці ўкраінскага грамадства.

Але два месяцы вайны красамоўна прадэманстравалі відавочнае: сама Расія значна бліжэй да таго самага failed state, дзяржавы-банкрута, дзяржавы, якая не ўдалася. Год за годам там знішчаліся інстытуцыі і структуры, якія і характарызуюць паняцце «дзейная дзяржава» ў сучасным свеце, — справядлівы суд, выбары, змена ўлады, вольная прэса, палітычная канкурэнцыя, права ўласнасці. Апошнія месяцы разбураюцца і іншыя базавыя рэчы: права на выезд, права на ўласнасць, нават элементарны спажывецкі выбар.

У пірамідзе Маслоў у Расіі ўжо знішчаныя ўсе верхнія паверхі: сацыяльныя ліфты не працуюць, эстэтычныя і пазнавальныя патрэбы абмежаваныя вайной і цэнзурай, самарэалізацыя становіцца магчымай толькі ў рамках максімальнай лаяльнасці ўладзе.

З пачатку вайны знак сур’ёзнага пытальніка навіс ужо над ніжнімі паверхамі піраміды — над бяспекай і самымі простымі фізіялагічнымі патрэбамі: ежай, здароўем. 

Тое, што застаецца, — гэта не дзяржава ў сучасным разуменні, з усімі яе атрыбутамі, гэта хутчэй нейкая карпарацыя ці проста банда.