Сямнаццаты дзень вайны ва Украіне. Што адбылося за ноч

Сабралі для вас галоўнае, што вядома на 11.00 12 сакавіка.

naftabaza.webp

Пажар на нафтабазе ў Васількове
***Акупанты захапілі ўжо 70% Луганскай вобласці — кіраўнік АВА.
Пра гэта ўвечары ў пятніцу, 11 сакавіка, паведаміў старшыня Луганскай АВА Сяргей Гайдай на сваёй старонцы ў Facebook.
«Сітуацыя цяжкая: абстрэлы ідуць паўсюль — Горская абшчына, Папасная, Лісічанск, Севераданецк, Рубежнае і Крэменнае. ... Расіяне абстрэльваюць ўсю інфраструктуру, школы, бальніцы, садкі, б'юць па вадаправодах і газаправодах, электрасетцы. Пры гэтым не даюць магчымасці аднавіць, не ўзгадняюць гуманітарныя калідоры», — напісаў ён.
Гайдай адзначыў, што акупанты абстрэльваюць усю тэрыторыю, якая цяпер пад кантролем Украіны. Ён паведамляе пра дзясяткі загінулых сярод мірнага насельніцтва і дзясяткі параненых. Таксама адзначае, што ёсць праблема з гуманітарнымі грузамі.
Паводле слоў Гайдая, на падкантрольнай тэрыторыі працуе мабільная сувязь, але з вялікімі перабоямі. Пры гэтым на акупаваных тэрыторыях Луганскай вобласці пачынаюць падключаць расійскае тэлебачанне, там распаўсюджваецца расійская прапаганда.
***Расійскія захопнікі абстралялі онкабальніцу ў Мікалаеве.
Пра гэта паведаміў начальнік абласнога ўпраўлення аховы здароўя Максім Бязносенка ў Facebook.
«Нападаць на слабога можа толькі вырадак. Пра слабога — гэта не пра нас, гэта пра нашых хворых. Толькі што гэтыя каты абстралялі анкалагічную бальніцу. Бальніца, якая аказвае дапамогу хворым на анкалогію з усёй Мікалаеўскай вобласці. Калі Расія бачыць у анкалагічных хворых роўнага праціўніка, які нясе пагрозу — яна не проста хворая, яна ўжо ў агоніі», — адзначыў ён.






***Украінскія вайскоўцы збілі чатыры верталёты і знішчальнік Су-34 акупантаў.
Пра гэта паведаміла камандаванне Паветраных сіл УСУ на сваёй старонцы ў Facebook.
«Ёсць інфармацыя ад супрацьпаветранай абароны аператыўнага камандавання "Поўнач" пра паразу фашысцкага знішчальніка-бамбавіка Су-34 на Чарнігаўшчыне», — гаворыцца ў паведамленні.
Таксама адзначаецца, што, паводле папярэдняй інфармацыі, зенітныя ракетныя падраздзяленні Бук-М1 і С-300 уразілі за дзень пяць паветраных цэляў: беспілотны лятальны апарат "Фарпост" і чатыры верталёты акупантаў.
Акрамя таго, група тактычнага прызначэння ў складзе бамбавікоў Су-24м, штурмавікоў Су-25, верталётаў Мі-24 армейскай авіяцыі ажыццявіла да дзесяці налётаў на калоны варожай тэхнікі, падчас якіх нанесла магутныя ракетна-бомбавыя ўдары па браняванай тэхніцы і жывой сіле расіян.
***Расіяне разбамбілі гасцініцу «Украіна» ў цэнтры Чарнігава.
Пра гэта ноччу 12 сакавіка напісаў навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Украіны НАН Украіны Сяргей Шуміла на сваёй старонцы ў Facebook.
«У блакадным Чарнігаве ў самым цэнтры горада расійскія акупанты разбамбілі гатэль "Украіна", які быў адной з візітных картак горада. Яны мэтанакіравана бамбяць і знішчаюць мірныя грамадзянскія аб'екты і інфраструктуру горада — бальніцы, школы, дзіцячыя сады, бібліятэкі, гасцініцы, стадыёны, жылыя шматпавярховыя дамы... Адбываецца мэтанакіраванае і планамернае знішчэнне старажытнага горада, гісторыя якога налічвае больш за 1 300 гадоў. Маскальская арда знішчае тое, што ўзнікла задоўга да яе з'яўлення і што, уласна, і было гістарычнай Руссю, у адрозненне ад маскоўскіх балот і зараснікаў, якія былі дзікай ускраінай некалі велічнага Чарнігаўскага княства», — гаворыцца ў паведамленні.
***У Васількове пасля авіяўдару загарэлася нафтабаза.
Пра гэта ў Telegram-канале паведаміў старшыня Кіеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Аляксей Кулеба.
«У Васількове пасля авіяўдару гарыць нафтабаза. У вёсцы Крачкі акупанты ноччу абстралялі нафтабазу», — паведаміў ён.
Як паведамляе паліцыя Кіеўскай вобласці ў Telegram, вораг нанёс магутны авіяўдар па горадзе Васількоў Кіеўскай вобласці, скінута па меншай меры 6 ракет у раёне вайсковага аэрадрома.
«Магутны авіяўдар па Васількове. Сёння, 12 сакавіка, каля 7 раніцы вораг скінуў па меншай меры 6 ракет у раён вайсковага аэрадрома. Пашкоджаны склад з боепрыпасамі. Выбухаюць снарады. Успыхнуў пажар», — гаворыцца ў паведамленні.
На месцы працуюць ратавальнікі. Паліцыя высвятляе, ці ёсць пашкоджанні ў бліжэйшых дамах. Інфармацыя пра пацярпелых ўдакладняецца.
*** Расійскія захопнікі на працягу ночы хаатычна абстрэльвалі Мікалаеў з «Градаў» і «Смерчаў».
Пра гэта гаворыцца ў зводцы абладміністрацыі аб сітуацыі ў рэгіёнах па стане на 8:00 12 сакавіка.
Раніцай у Мікалаеве таксама раздаваліся выбухі. Пацярпелі спальныя раёны, прыватны сектар, дзе наогул адсутнічаюць вайсковыя і важныя інфраструктурныя аб'екты. Высвятляецца ступень пашкоджанняў. Працягваюцца працы па падачы святла і цяпла.
У цяперашні час вядома пра двух параненых у выніку абстрэлаў.
На Кіеўшчыне напружаная сітуацыя ў Бучанскім і Броварскім раёнах. У Ірпіні, каля Гастомеля — баі. У Немяшаеве, Барадзянцы зафіксавана перамяшчэнне варожай тэхнікі. У Броварскім раёне — абстрэлы населеных пунктаў. У Вышгарадскім раёне — абстрэлы. Славуціч застаецца без святла. У Фастоўскім раёне — траплянне ў нафтабазу ў в. Крачкі.
Вечарам і ноччу працягваліся абстрэлы Чарнігава са «Смерчаў», авіяналёты. Абстрэлы хаатычныя — у цэнтры горада, у спальных раёнах. Працягваюцца работы па аднаўленні адсутнага водазабеспячэння (па ўсім горадзе), электраэнергіі (частка горада без электрычнасці ўжо другія суткі). Вядуцца абарончыя баі на подступах да Чарнігава, на поўдні, у кіеўскім кірунку.