Сяргею Ціханоўскаму працягнулі тэрмін утрымання пад вартай
Блогер застанецца пад вартай да 29 верасня.
Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку жонка Сяргея Ціханоўскага, кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская.
«Сябры, Сяргею працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 29 верасня. На жаль, для нас гэта не стала нечаканасцю. Але гэта не выбіла яго з каляіны. Ён мой герой!» — напісала яна.
Стваральнік YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы ў выніку правакацыі 29 траўня ў Гродна падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Пазней яго абвінавацілі паводле часткі 1 артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Разам з Ціханоўскім па гэтай справе былі затрыманыя яшчэ восем чалавек: Яўген Разнічэнка, Зміцер Фурманаў, Уладзімір Навумік, Вяргілій Ушак, Аляксандр Арановіч, Васіль Баброўскі, Арцём Сакаў, Уладзімір Кніга.
Сёння стала вядома, што мінчука Вяргілія Ушака выпусцілі з СІЗА № 1 у Мінску. Гэта пацвердзіла яго нявеста Надзея Салодкая.