У Беларусь вывезлі не менш за 2442 украінскіх дзіцяці, некаторых з іх адпраўлялі на ваенную падрыхтоўку
З 24 лютага 2022-га да 30 кастрычніка 2023 года з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь вывезлі не менш за 2442 дзіцяці, у тым ліку дзяцей з уразлівых груп, гаворыцца ў дакладзе лабараторыі гуманітарных даследаванняў (HRL) пры Ельскай школе грамадскай аховы здароўя ў ЗША.
Паводле звестак аўтараў дакладу, дзяцей ва ўзросце ад шасці да 17 гадоў перавезлі ў 13 устаноў. Як мінімум у васьмі з іх дзевяць груп дзяцей падвяргаліся «перавыхаванню»: ім распавядалі пра «культурныя, гістарычныя, сацыяльныя і патрыятычныя дактрыны або ідэі, якія служаць палітычным інтарэсам рэжымаў Беларусі і Расіі», гаворыцца ў дакуменце.
Акрамя таго, як высветлілі даследчыкі, не менш за шэсць груп праходзілі ваенную падрыхтоўку, у тым ліку ва ўнутраных войсках Беларусі. Прынамсі тры групы дзяцей, як сцвярджаецца, былі дастаўленыя ў лякарні Беларусі для меркаванага лячэння і так званай «рэабілітацыі».
Колькасць дзяцей, якія засталіся ў Беларусі, невядомая.
«Ключавыя фігуры, якія ўдзельнічалі ў перавозцы дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, бяздоказна сцвярджаюць, што ўсе дзеці былі вернутыя ва Украіну. Аднак HRL не здолела знайсці звестак, якія паслядоўна пацвярджаюць, што дзеці, згаданыя ў гэтай справаздачы, вярнуліся на акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны з Беларусі», – адзначаюць аўтары дакладу.
Дзяцей з акупаванай часткі Украіны вывозяць у Беларусь на падставе «аздараўлення». Гэта адбываецца па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі. Арганізацыяй іх размяшчэння ў Беларусі займаецца Дабрачынны фонд Аляксея Талая пры падтрымцы ААТ «Беларуськалій» і Саюзнай дзяржавы.
Вядомы беларускі паралімпіец Талай з'яўляецца таксама генеральным дырэктарам расійскага дабрачыннага фонду «Павер у сябе». Гэтая арганізацыя займаецца незаконным вывазам украінскіх дзяцей у Беларусь. Сам Талай неаднаразова наведваў акупаваныя тэрыторыі Украіны, чым выхваляўся ў сваіх сацыяльных сетках. Ён таксама адкрыта падтрымлівае агрэсію супраць Украіны.
Сам Талай казаў, што з просьбай аказаць падтрымку ў аздараўленні дзяцей у яго фонд звярнуўся «грамадскі дзеяч з Запарожжа» Уладзімір Рогаў.
У вывазе дзяцей таксама ўдзельнічае кіраўнік Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.
У верасні гэтага года Еўрапейскі парламент заклікаў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі. У рэзалюцыі гаворыцца, што ён датычны да вайны супраць Украіны нароўні з Уладзімірам Пуціным і з'яўляецца саўдзельнікам вывазу дзяцей з Украіны.
Беларускі дыпламат, лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка звяртаў увагу на тое, што дзеці, якія прыязджаюць у Беларусь з часова акупаваных украінскіх тэрыторый, непаўналетнія (ва ўзросце ад шасці да 15 гадоў), часта гэта сіроты або тыя, хто страціў карміцеля. А гэта значыць, падкрэслівае Латушка, што толькі ўпаўнаважаны орган па пытаннях грамадзянства гэтых дзяцей мае права дазваляць выезд, — і такім органам з'яўляецца Украіна.
Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа таксама пацвердзіў, што арганізацыя ўдзельнічае ў вывазе дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый у Беларусь.
Нагадаем, расіяне вывезлі з Украіны больш за 100 тысяч дзяцей. Парламенцкая асамблея Рады Еўропы 27 красавіка прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала прымусовы вываз украінскіх дзяцей у Расію генацыдам.
Як вядома, Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэры на арышт расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна і дзіцячай амбудсменкі Расіі Марыі Львовай-Бяловай.
Паводлеwww.currenttime.tv, sport.24tv.ua