У Брэсце расклеілі ўлёткі, якія дыскрэдытуюць Святлану Ціханоўскую
Давераная асоба Святланы Ціханоўскай, берасцеец Уладзімер Мароз 25 ліпеня звярнуўся ў Маскоўскі РАУС Брэста з заявай аб распаўсюдзе ўлётак, якія дыскрэдытуюць кандыдатку ў прэзідэнты, піша Свабода са спасылкай на БелаПАН.
Улёткі разляпілі ў парку Ваяроў-інтэрнацыяналістаў, дзе 25 ліпеня запланавалі агітацыйны пікет за кандыдатку, расказаў берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк.
Паводле яго, улёткі заклікалі «дапамагчы знайсці дарогу дамоў» у «Штутгарт, Маскву і Вашынгтон» Святлане Ціханоўскай і ейным паплечніцам — лідарцы штабу Віктара Бабарыкі Марыі Калеснікавай і Вераніцы Цапкала, жонцы экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Валера Цапкалы.
«Дзе надрукаваныя ўлёткі, хто іх распаўсюдзіў, нам пакуль невядома — яны без выходных звестак, — дадаў Кісляк. — Ніякага дачынення да іх штаб Ціханоўскай і штабы Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы не маюць».
Паводле яго, Мароз у заяве ў міліцыю патрабуе выявіць асобаў, якія вырабілі і распаўсюдзілі ўлёткі, прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці за паклёп. Кісляк адзначае, што змест улётак нагадвае заявы Аляксандра Лукашэнкі: ён заяўляў, што альтэрнатыўныя кандыдаты — «стаўленікі замежных дзяржаваў».