Украіна падтрымала ініцыятыву па стварэнні трыбунала супраць РФ па ўзоры Нюрнбергскага

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба падтрымаў ініцыятыву міжнароднай навуковай супольнасці па стварэнні спецыяльнага трыбунала па разглядзе справы аб злачынстве расійскага агрэсара супраць Украіны, якая ўжо старанна дакументуе ўсе злачынствы. Пра гэта гаворыцца ў яго заяве, апублікаванай МЗС Украіны у Фэйсбуку.

mid_2.jpg


Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба падкрэсліў, што 24 лютага 2022 года Расійская Федэрацыя пачала новы этап агрэсіі пасля акупацыі Крыма і развязвання вайны ў Данецкай і Луганскай абласцях, а менавіта поўнамаштабную агрэсіўную вайну супраць Украіны. У прамовах перад нападам і падчас яго прэзідэнт РФ публічна падставіў пад сумнеў права Украіны і ўкраінскага народа на існаванне, што паказвае на чалавеканенавісніцкую ідэалогію ў аснове злачынства агрэсіі Расіі, а падчас самой агрэсіі войскі РФ здзейснілі і працягваюць здзяйсняць шматлікія вайсковыя злачынствы супраць грамадзянскага насельніцтва і супраць чалавечнасці.
Міністр адзначыў, што гэта ўключае ў сябе нявыбарачныя артылерыйскія абстрэлы, авіяцыйныя бамбардзіроўкі і ракетныя ўдары па жылых кварталах украінскіх гарадоў, дзіцячых садках, дзіцячых дамах, абстрэлы АЭС, абстрэлы і знішчэнне крытычнай інфраструктуры.
«Усе гэтыя і іншыя ваенныя злачынствы старанна дакументуюцца і становяцца асноўнай для працы органаў міжнароднага і ўкраінскага правасуддзя», — падкрэсліў ён.
Кулеба заявіў таксама, што падтрымаў ініцыятыву па стварэнні трыбунала.
«Улічваючы беспрэцэдэнтны за больш чым 80 гадоў характар несправакаванай агрэсіі і адсутнасць адпаведных міжнародна-прававых механізмаў для прыцягнення Расійскай Федэрацыі і яе кіраўніцтва да адказнасці за такое цяжкае злачынства супраць чалавецтва, я падтрымаў ініцыятыву Міжнароднай навуковай супольнасці па стварэнні спецыяльнага трыбунала па разглядзе справы аб злачынстве расійскай агрэсіі супраць Украіны», — падкрэслена ў заяве.
Адзначаецца, што ўдзел у стварэнні трыбунала прыме кааліцыя дзяржаў, а Украіна тым часам будзе праводзіць збор усіх доказаў, якія тычацца злачынства агрэсіі супраць яе, і ўдзячная сваім партнёрам за гатоўнасць падтрымаць гэтую працу.
«Прэцэдэнт стварэння такога інструмента міжнароднага правасуддзя ўжо быў у мінулым стагоддзі. У студзені 1942 года ў Лондане прадстаўнікі дзевяці дзяржаў падпісалі дэкларацыю, якая заклала асновы Нюрнбергскага трыбунала», — адзначыў Кулеба.
Кіраўнік МЗС Украіны падзякаваў вядучым спецыялістам па міжнародным праве, якія распрацавалі праект дэкларацыі і заявы з заклікам да стварэння спецыяльнага трыбунала для пакарання расійскага кіраўніцтва за злачынства супраць Украіны. Міністр канстатаваў, што Украіна цалкам падтрымлівае гэтую ініцыятыву, а МЗС Украіны ўжо пачало працу над яе ўвасабленнем.
Падкрэсліваецца, што праца над стварэннем трыбунала не замяняе, а дапаўняе існуючыя справы за ўчыненыя падчас агрэсіі вайсковыя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці, якія цяпер расследуюцца ў Міжнародным крымінальным судзе, а таксама ініцыяваныя Украінай працэсы ў Міжнародным судзе ААН і Еўрапейскім судзе правоў чалавека.
Як паведамлялася, Міжнародны суд ААН у Гаазе на гэтым тыдні правядзе слуханні паводле пазова Украіны супраць РФ аб парушэнні Канвенцыі аб прадухіленні злачынства генацыду.