Украінскі МЗС не выключае ўвядзенне санкцый супраць Беларусі
Украіна дапускае ўвядзенне санкцый супраць Беларусі з-за фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і падаўлення мірных пратэстаў.
Пра гэта падчас брыфінгу заявіў кіраўнік украінскага МЗС Дзмітрый Кулеба, паведамляе tut.by
— Пазіцыя Украіны сінхранізаваная з нашымі партнёрамі з Еўрасаюза і ЗША. І мы будзем скаардынавана працаваць над тым, каб сітуацыя ў Беларусі стабілізавалася, каб народ Беларусі мог зрабіць свой выбар і сам вырашыць, якім чынам далей павінна развівацца краіна.
Кулеба таксама сказаў, што МЗС Украіны лічыць недапушчальным любыя ўмяшанні ва ўнутраныя справы Беларусі, і згадаў учорашнія заявы Пуціна. Ён адзначыў, што крызіс можна пераадолець толькі з дапамогай шырокага нацыянальнага дыялогу ўнутры краіны.
Што да выбараў, то Кулеба падкрэсліў, што яны не адпавядалі агульным дэмакратычным стандартам. І справа не толькі ў выніковых лічбах, а ў цэлым у сітуацыі падчас выбарчай кампаніі і падзей пасля яе.
— Што тычыцца санкцый ЕС... Мы пакуль не бачылі канчаткова зацверджаны санкцыйных мераў, якія распачне Еўрапейскі саюз, але мы ўжо далучыліся да папярэдняй заявы ЕС з гэтай нагоды, што сведчыць, што мы цалкам падзяляем яго палітыку і падыходы. Калі ўбачым рашэнне пра санкцыі, то будзем прымаць свае адпаведныя рашэнні наконт гэтага пытання, — заявіў кіраўнік МЗС.
У той жа час дыпламат падкрэсліў, што гаворка аб поўным разрыве дыпламатычных адносінаў не ідзе.
Паводле tut.by